Сінькевіч, Г. Увага — педкласы : асаблівасці функцыянавання профільных класаў педагагічнай накіраванасці абмеркавалі ў Магілёве / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 26 сакавіка. — С. 10.
Асаблівасці функцыянавання профільных класаў педагагічнай накіраванасці абмеркавалі ў Магілёве. У рамках тэматычнага павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў абласны інстытут развіцця адукацыі арганізаваў шэраг практычных мерапрыемстваў, у ходзе якіх усе зацікаўленыя бакі маглі прадметна пагаварыць аб праблемах і перспектывах развіцця педкласаў.
— Мы дакладна разумеем, што прафесійнае выхаванне будучага настаўніка — дастаткова працяглы працэс. І пачынаць яго неабходна задоўга да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Дапрафесійная падрыхтоўка мае вельмі вялікае значэнне, і яе найбольш эфектыўная форма — гэта педагагічныя класы. Менавіта арганізуючы работу педкласаў, мы маем магчымасць захапіць педагагічнай дзейнасцю матываваных і паспяховых дзяцей, якія пасля гарантавана застаюцца ў прафесіі, — адзначыў рэктар МДАІРА Міхаіл Жудро.
Паводле яго слоў, у Магілёўскай вобласці функцыянаванню профільных класаў педагагічнай накіраванасці ўдзяляецца асаблівая ўвага. Ужо не адзін год дзейнічае рэгіянальны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі, у структуру якога ўваходзяць МДУ імя А.А.Куляшова, МДАІРА і некалькі дзясяткаў агульнаадукацыйных устаноў.
— Дасягнуты пэўныя вынікі, але праблемы таксама прысутнічаюць. Вырашыць іх можна толькі сумеснай зладжанай працай. Таму мы арганізавалі тэматычныя курсы павышэння кваліфікацыі, правялі круглы стол з абмеркаваннем праблемных пытанняў, а таксама наглядна прадэманстравалі лепшы вопыт у гэтым напрамку, — расказаў Міхаіл Міхайлавіч.
Сваімі станоўчымі напрацоўкамі з калегамі з усяго рэгіёна падзяліўся калектыў 2-й магілёўскай школы. Установа ўваходзіць у рэгіянальны кластар і плённа супрацоўнічае з МДУ імя А.А.Куляшова.
— Мы рэгулярна праводзім сумесныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы, імкнёмся падняць прэстыж прафесіі педагога, паказаць дзецям яе статус у грамадстве. Такім чынам, у педагагічны клас прыходзяць сапраўды матываваныя дзеці, якіх цалкам падтрымліваюць у іх імкненні бацькі. Акрамя факультатыўных заняткаў, арганізуем для навучэнцаў псіхалагічныя тэсты і трэнінгі, даём магчымасць правесці ўрок, адчуць сябе ў ролі настаўніка. Непасрэдна на факультатыве задзейнічаем міжпрадметныя сувязі, а таксама выхаваўчы і духоўна-маральны кампанент. Тлумачым, што сапраўдны настаўнік павінен любіць дзяцей, любіць сваю краіну і сваю прафесію, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 2 Магілёва Марына Гарбаценка. — Педагагічны клас у нас функцыянуе з 2018 года. Большая палова выпускнікоў пасля працягвае адукацыю ў профільных УВА. Цяпер у педкласе вучацца 10 юнакоў і дзяўчат. Для кожнага з падлеткаў такі профіль — поўнасцю ўсвядомлены выбар, — падкрэсліла кіраўнік навучальнай установы.
Словы дырэктара пацвярджаюць самі вучні. Так, адзінаццацікласніца Паліна Лескавец у педклас прыйшла, натхніўшыся прыкладам сваёй школьнай настаўніцы, з марай стаць такім жа педагогам.
— За два гады навучання я атрымала шматлікія веды, падрабязна азнаёмілася з асаблівасцямі настаўніцкай прафесіі і дакладна для сябе вырашыла, што педагогіка — менавіта тое, чым мне хочацца займацца ў жыцці, — падзялілася дзяўчына.
Важна, што педагагічнай грамадскасці быў прадстаўлены не толькі эфектыўны вопыт. Падчас сустрэчы ў 2-й магілёўскай школе абмяркоўваліся таксама цяжкасці і праблемныя моманты. Напрыклад, педагог факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію” Алена Дудкіна з 2-й магілёўскай школы агучыла меркаванне аб тым, што курс павінны весці некалькі настаўнікаў.
— У прапанаваных вучэбных модулях ёсць тэмы, якія выходзяць за межы кампетэнцыі аднаго школьнага настаўніка. Таму мы ўжо выкарыстоўваем міжпрадметныя сувязі на занятках. Трэба задумацца і над больш актыўным прыцягненнем да вядзення курса выкладчыкаў педагагічных УВА. Такія крокі дазволяць палепшыць разуменне дзецьмі праграмы, — лічыць Алена Мікалаеўна.
Гучалі і іншыя слушныя прапановы. Усе яны былі ўзяты на кантроль для далейшай прапрацоўкі. Калектывам навучальных устаноў, у якіх функцыянуюць педагагічныя класы, прадоўжаць аказваць усебаковую падтрымку. Дарэчы, сёлета на Магілёўшчыне дзейнічаюць 52 такія класы. Плануецца, што ў будучым навучальным годзе колькасць істотна павялічыцца і яны з’явяцца ў кожным раёне вобласці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.