Сінькевіч, Г. Захоплены сваёй справай : [выкладчык БРУ Мікіта Герасіменка] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 31 сакавіка. — С. 15.
Заўсёды з інавацыйнымі ідэямі і творчым падыходам да вырашэння самых складаных задач, з імкненнем унесці свой уклад у будучыню айчыннай навукі. Такія яны — маладыя беларускія вучоныя. Такі і выкладчык кафедры фізічных метадаў кантролю Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Мікіта Герасіменка.
За плячыма Мікіты Васільевіча Герасіменкі ўжо цэлы шэраг навуковых канферэнцый, публікацый у дзяржаўных і замежных навуковых часопісах. І гэта нягледзячы на тое, што яму ўсяго 29 гадоў.
— У навуку мяне прывяло імкненне да педагогікі. Яшчэ з дзіцячых гадоў дакладна ведаў, што ў будучыні абавязкова буду выкладаць. Не ведаю чаму, але гэта было для мяне відавочным. З цягам часу маё стаўленне да выкладчыцкай дзейнасці трансфармавалася, але жаданне выбраць менавіта гэты прафесійны шлях не змянілася, — расказаў Мікіта Васільевіч.
Беларуска-Расійскі ўніверсітэт для працягу навучання Мікіта Герасіменка выбраў мэтанакіравана. Галоўную ролю тут адыграла яго захапленне фізіка-матэматычнымі дысцыплінамі.
— Я практычна адразу падзяліўся са сваімі выкладчыкамі імкненнем застацца ва ўніверсітэце. Як аказалася, у нашай установе педагагічная работа звязана з навуковым складнікам. Гэта і стала для мяне стымулам для далучэння да навуковай дзейнасці, — растлумачыў Мікіта Васільевіч.
Навуковымі даследаваннямі Мікіта Герасіменка плённа займаецца ўжо больш як 8 гадоў. У родным універсітэце ён паспяхова скончыў магістратуру і аспірантуру.
— Першапачаткова, яшчэ студэнтам, удзельнічаў у рэалізацыі навуковых праектаў прыкладнога характару, але потым зразумеў, што з’яўляюся больш тэарэтыкам. Так выпрацаваў сваю камбінацыю прымянення тэарэтычных ведаў да мясцовых задач. Цяпер праводжу даследаванні ў галіне прыборабудавання і сістэм дыягностыкі, — адзначыў Мікіта Васільевіч.
Асаблівая гордасць маладога вучонага — удалая аптымізацыя сістэм нелінейных хвалевых ураўненняў і звядзенне іх разліку да працягласці ў адну гадзіну. За даследаванні ў гэтым напрамку ён атрымаў гранты ад Міністэрства адукацыі.
Адметна, што Мікіта Герасіменка займаецца не толькі навукай, але і актыўнай выкладчыцкай дзейнасцю: чытае лекцыі па тэарэтычных дысцыплінах, курыруе дыпломныя праекты. З нядаўняга часу стаў каардынатарам студэнцкай навуковай супольнасці ўніверсітэта.
— Стараюся аказаць студэнтам, якія цікавяцца навукай, максімальную кансультацыйную, тэарэтычную, прыкладную дапамогу. Мы рэгулярна сустракаемся, абмяркоўваем новыя ідэі і праекты, шляхі іх ажыццяўлення. Наогул, у нашым універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца падтрымцы маладых навукоўцаў. Рэгулярна праводзіцца лакальны конкурс стартапаў, створана самая сучасная матэрыяльная база для заняткаў навукай, дзейнічае сістэма заахвочванняў. Усё гэта вельмі матывуе. Напрыклад, зараз мае студэнты атрымалі фінансаванне на распрацоўку сучасных модульных стэндаў, якія можна бу дзе лёгка аптымізаваць пад любыя новыя лабараторныя работы, — падкрэсліў Мікіта Васільевіч.
Па словах Мікіты Герасіменкі, сёння ён шчаслівы чалавек, бо займаецца справай, у якой у поўнай меры можа рэалізаваць сябе.
— Мяне проста задавальняе, што магу расказваць студэнтам аб складаных рэчах простай, зразумелай мовай. Вельмі падабаецца гэтая непарыўнасць адукацыі і навукі ў нашай установе, — падкрэсліў суразмоўнік.
У найбліжэйшых планах Мікіты Васільевіча — скончыць работу над дысертацыяй. А пасля мае намер працягваць свае даследаванні ў галіне матэматычнага мадэлявання фізічных працэсаў, шукаць аналітычныя рашэнні складаных задач і развіваць педагагічнае майстэрства, каб зрабіць свае лекцыі яшчэ больш цікавымі і ўнікальнымі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.