Пляцоўка для адзінства

Зігуля, Н. Пляцоўка для адзінства / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 2 красавіка. — С. 4. 

Як ў Беларуска-Расійскім ўніверсітэце ў Магілёве ідзе інтэграцыя дзвюх краін

Беларускі-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве — адзін з паспяховых праектаў дзвюх краін. Створаны на базе тэхнічнага ўніверсітэта, у савецкі час вядомага як машынабудаўнічы інстытут, выпускнікі якога лічыліся аднымі з найлепшых у СССР спецыялістаў. Сёння тут існуе інжынерна-эканамічны факультэт, дзе навучанне ідзе па адукацыйных праграмах Расійскай Федэрацыі, а маладыя спецыялісты атрымліваюць дыплом расійскага ўзору. Конкурсы тут заўсёды вялікія, бо напрамкі самыя што ні ёсць сучасныя: праграмная інжынерыя, біятэхнічныя сістэмы і тэхналогіі, інаватыка, мехатроніка і робататэхніка. Расійская моладзь паступае сюды па выніках расійскага Адзінага дзяржэкзамену, беларусы, адпаведна, — па выніках ЦТ.


Уладзімір Поклад, напрыклад, прыехаў сюды з Кіславодска па парадзе старэйшага брата, які два года таму скончыў ВНУ з «чырвоным» дыпломам. Брат вучыўся па спецыяльнасці «Інаватыка», а Уладзімір выбраў «Мехатроніка-робататэхніка», дзе вучаць распрацоўваць робататэхнічныя сістэмы. Хлопец вельмі сур’ёзна захоплены вучобай і марыць стаць высакакласным спецыялістам. А яшчэ яму падабаецца падарожнічаць па Беларусі. За два гады вучобы паспеў аб’ехаць, лічы, усю краіну. Вельмі быў уражаны Гроднам з яго замкамі, Гомелем з яго вялікім паркам і палацам Румянцавых-Паскевічаў.

— Выбіраю горад, тыцнуўшы пальцам у карту, — усміхаецца малады чалавек. — Вечарам сеў у цягнік, раніцай прыехаў. Цікава і вельмі даступна па цане. Гуляю па парках, заходжу ў музеі, параўноўваю са сваім горадам.

Ураджэнец Смаленшчыны Яўген Мылаў упершыню трапіў ва ўніверсітэт на Дзень адкрытых дзвярэй па падказцы мсціслаўскай радні. Спадабалася і сама ВНУ, і спецыяльнасці, і горад.

— Беларускія населеныя пункты чыстыя, дагледжаныя, — кажа Яўген. — І мова цудоўная. Прыяцель пазнаёміў мяне з аднакласніцай, якая размаўляе выключна на беларускай мове. Мы з ёй хутка пасябравалі. Я нават некаторыя слоўцы беларускія запомніў. Напрыклад, «ковер» па беларуску — гэта «дыван». Размаўляць па-беларуску пакуль не атрымліваецца, але разумець — разумею.

Яўген вельмі добра фатаграфуе, нават з’яўляецца членам універсітэцкага фотаклуба, актыўны ўдзельнік студэнцкіх мерапрыемстваў.

— У нас шмат агульнага, мы нікога не дзелім на сваіх і чужых, мы — адна сям’я, — кажа старшыня студсавета БРУ Вадзім Мілько. Ён таксама студэнт інжынерна-эканамічнага факультэта, прыехаў у Магілёў з Гродна.

— Беларус, рускі — тут няма ніякай розніцы, жывём дружна, без здарэнняў, — кажа ён. — У нас шмат цікавых праектаў. Асабіста я ўдзельнічаў у вялікім конкурсе па лініі Рассупрацоўніцтва «Здравствуй, Россия», які праходзіў у Маскве. На яго прыехалі прадстаўнікі 48 краін свету, каб пазнаёміцца з рускай культурай, абмяняцца вопытам і адрасамі. Хутка будзем арганізоўваць вялікі турыстычны праект з расійскімі студэнтамі, які называецца «Спадчына роднай зямлі». Ён ахопіць многія гарады Беларусі і Расіі, будзем падарожнічаць, знаёміцца з культурай дзвюх краін. Нашы студэнты ўдзельнічаюць у расійскіх алімпіядах і конкурсах. Мы ў Беларусі — гэткі флагман Садружнасці Беларусі і Расіі.

Магіляўчанін Мікіта Кацегаў, як той казаў, патомны беларус, усе яго карані тут, у Беларусі, але таксама кажа: мы з расіянамі адзіныя.

— Інжынерна-эканамічны факультэт выбраў таму, што тут вельмі запатрабаваныя спецыяльнасці, — гаворыць ён. — Калі мы паступалі, была адна група, зараз дзве, і ўсё роўна попыт перавышае прапанову. Плюс яшчэ і ў тым, што мы атрымліваем дыплом расійскага ўзору.

Вучоба, традыцыі, праекты — у БРУ шмат агульных беларуска-расійскіх кіранкаў. Бадай усе ўніверсітэцкія мерапрыемствы і спаборніцтвы адбываюцца на пляцоўках дзвюх краін або з удзелам прадстаўнікоў суседкі. Нядаўна прайшоў традыцыйны фестываль інтэлектуальных гульняў «Мартовский лев», у якім удзельнічалі студэнты з усёй Беларусі, а таксама Смаленска і Калугі. Паралельна гэтыя ж гульні адбыліся на расійскіх пляцоўках у Маскве і Іркуцку, дзе гулялі ў асноўным расійскія знаўцы. У сярэдзіне красавіка БРУ будзе суправаджаць міжнародныя спаборніцтвы па паліятлоне, міжнародная федэрацыя якога знаходзіцца ў Расіі. У Магілёў прыязджае вялікая колькасць спартсменаў з Расіі, спаборніцтвы адбудуцца на найлепшых спартпляцоўках горада.

— У нас ёсць свой прадстаўнік федэрацыі — дацэнт кафедры фізкультуры Вера Пісарэнка, — удакладняе прарэктар па выхаваўчай частцы Андрэй Казанскі. — Паліятлон масавы від спорту, нешта накшталт ГПА — гатовы да працы і абароны. Гэта падцягванні, бег, стральба — адным словам, мнагаборства. Удзельнічаюць прафесійныя спартсмены, майстры спорту міжнароднага класу.

Суразмоўца лічыць, што беларуска-расійскі фармат універсітэта — вельмі ўдалая форма існавання. Яна ўзаемаўзбагачае, дазваляе пашыраць гарызонты. Пры БРУ працуе сацыяльна-культурнае аб’яднанне «Спадчына», у праектах якога удзельнічаюць і расійскія, і беларускія студэнты. Летась быў адкрыты Пушкінскі цэнтр, праз які рэалізоўваецца некалькі сумесных праектаў паміж магілёўскім універсітэтам і маскоўскімі ВНУ. У Новасібірску пры садзейнічанні БРУ створаны Міжнародны расійска-беларускі цэнтр міжрэгіяльнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Выкладчыкі магілёўскага ўніверсітэта дапамагаюць расійскім дзецям знаёміцца з беларускай культурай і гісторыяй. У чэрвені ў Магілёў прыедзе «Цягнік Перамогі», і ўніверсітэт арганізуе вечар для расійскіх школьнікаў. Іх каля 300 чалавек. Заадно пазнаёмяць з традыцыямі ВНУ і яе дасягненнямі. А яны вельмі ўражальныя.

— Мы штогод удзельнічаем у Санкт-Пецярбургскім салоне інавацый і інвестыцый, і заўсёды паспяхова, — з гонарам кажа Андрэй Казанскі. — Летась, напрыклад, узялі Гран-пры гэтага салона за тэхналогію зваркі. Нядаўна паказалі свой універсітэт на салоне «Выстаўка адукацыйных паслуг» у Маскве. Рэклама, інтэрнэт, праекты — матывацыйных момантаў шмат. Наша ўстанова заўсёды трымала высокую планку. Такой яна застаецца і цяпер.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

P. S. З нагоды святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ўніверсітэт наведалі прадстаўнікі расійскага пасольства. Яны азнаёміліся з магчымасцямі ВНУ, прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, дзе былі адзначаны студэнты і выкладчыкі, якія актыўна ўдзельнічалі ў рэалізацыі сумесных беларуска-расійскіх праектаў.