Сінькевіч, Г. «Абаронца» запрашае : [ваенна-патрыятычны клуб адкрыўся на базе вайсковай часці 6713] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 9 снежня. — С. 9.
Ваенна-патрыятычны клуб “Абаронца” для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёва адкрыўся на базе вайсковай часці 6713.
Стварэнне клуба стала вынікам плённага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі горада і вайсковай часці ў справе выхавання падрастаючага пакалення. Увесь адукацыйны і выхаваўчы працэс будзе накіраваны на фарміраванне грамадзянскай самасвядомасці маладога чалавека, яго высокай маральнай стойкасці, фізічнай загартоўкі, пачуцця асабістай адказнасці за лёс Радзімы. У ходзе заняткаў будуць выкарыстоўвацца эфек-тыўны педагагічны вопыт гарадскога мнагапрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва» і матэрыяльная база вайсковай часці. Праводзіць заняткі будуць як педагогі, так і афіцэры, — расказала галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Л.С.Кавалёва.
Заняткі ў клубе «Абаронца» разлічаны на навучэнцаў 11—13 і 14—16 гадоў. Падчас навучання хлопчыкі і дзяўчынкі будуць вывучаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, асновы ваеннай падрыхтоўкі, ад-працоўваць практычныя навыкі па медыцынскай, агнявой і страявой падрыхтоўцы. У залежнас-ці ад тэмы заняткі будуць праходзіць на ганаровым пасту Памяці, на базе вайсковай часці 6713, 3-га асобнага патрульнага батальёна. Займаючыся ў патрыятычным клубе, навучэнцы змогуць набыць практычныя ўменні, неабходныя для праходжання вайсковай службы ў радах Узброеных Сіл Беларусі, а таксама падрыхтавацца да навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі ваеннага профілю.
У рамках шостага школьнага дня не менш як адзін раз у квартал у патрыятычным клубе «Абаронца» плануецца арганізоўваць адкрытыя мерапрыемствы для вучняў усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёва.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.