Сінькевіч, Г. Веды — трывалыя, перамогі — заслужаныя : [заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і біялогіі адбыўся у Магілёве] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 5 красавіка. — С. 1, 6.
Пераможцамі апошняга этапу інтэлектуальных спаборніцтваў сталі 692 удзельнікі. Найбольшую колькасць дыпломаў заваявалі навучэнцы Віцебскай вобласці.
Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і біялогіі адбыўся ў Магілёве. Свае веды ў гэтых шмат у чым дапаўняючых адна адну навуках дэманстравалі звыш двухсот разумнікаў і разумніц з усіх рэгіёнаў краіны.
Для перамогі юным інтэлектуалам трэба было справіцца з разнастайнымі конкурснымі заданнямі. Як расказаў старшыня журы рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, дацэнт кафедры заалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат біялагічных навук Фёдар Сауткін, фармат заданняў застаўся ранейшым, кры-
ху змянілася толькі іх напаўненне.
— Базіс заданняў абодвух тураў улічвае той узровень, які забяспечвае школьная праграма. Але, канечне, месцамі пытанні выходзяць за яе межы. У цэлым ахоп тэм вельмі шырокі. Калі гаварыць больш канкрэтна, то сёлета класічным чынам былі прадстаўлены тэарэтычныя заданні. Дзевяцікласнікі адказвалі на 55 пытанняў па заалогіі, батаніцы і анатоміі чалавека. У дзесяцікласнікаў было 70 пытанняў, у якія, акрамя пералічаных тэм, мы дадалі блок па экалогіі. Навучэнцам 11 класаў неабходна было справіцца з 85 пытаннямі больш шырокага спектра, якія закраналі фізіялогію і біяхімію раслін, эвалюцыю і генетыку, клетачную і малекулярную біялогію, — паведаміў Фёдар Віктаравіч.
Пастараліся арганізатары і ў складанні заданняў практычнага тура. Удзельнікам з 9 і 10 класаў трэба было праявіць сябе ў трох практычных лабараторыях. Гэта заалогія, батаніка, анатомія і фізіялогія чалавека. Адзінаццацікласнікі ж эксперыментавалі ў практычных кабінетах па фізіялогіі раслін, цыталогіі і генетыцы, малекулярнай біялогіі. Дарэчы, для іх на практыцы было прадугледжана новаўвядзенне. Гэта — інтэрактыўнае заданне з выкарыстаннем спецыялізаваных праграм распазнання і аналізу лічбавых выяў біялагічных аб’ектаў з наступнай марфаметрыяй і зняццем пэўных параметраў. Яно было максімальна набліжана да таго, чым сёння займаюцца вучоныя-біёлагі ў сучасных лабараторыях.
— Заданні былі складанымі, але і надзвычай цікавымі. Калі дасканала разабрацца, нейкіх нерашальных задач не было. Спадзяюся, што справіўся, бо біялогія мне вельмі цікавая, у далейшым планую ўзяць яе за аснову будучай прафесійнай дзейнасці. Ды і з маёй школьнай настаўніцай Святланай Уладзіміраўнай Болахавай мы дбайна рыхтаваліся да алімпіяды, — падзяліўся прадстаўнік каманды Віцебскай вобласці вучань сярэдняй школы № 1 Дуброўна Мацвей Шайдараў.
Наогул, мэтанакіравана рыхтаваліся да алімпіяднага выступлення ўсе прадстаўнікі віцебскага рэгіёна. Па словах кіраўніка каманды настаўніцы біялогіі гімназіі № 2 Віцебска Паліны Зенчык, гэта была шматэтапная работа.
— Вялікую ўвагу ўдзялялі як назапашванню тэарэтычных ведаў, так і адпрацоўцы практычных навыкаў. Актыўна разбіралі і абмяркоўвалі заданні былых рэспубліканскай і міжнароднай алімпіяд. Работа была комплекснай, да падрыхтоўкі былі далучаны не толькі школьныя настаўнікі, але і спецыялісты абласнога інстытута развіцця адукацыі, выкладчыкі рэгіянальных вышэйшых навучальных устаноў. Значна, што ў прыярытэце была псіхалагічная падтрымка ўдзельнікаў. Вядома, настройваем дзяцей на поспех, але больш важным лічым, каб, удзельнічаючы ў алімпіядным руху, вучні атрымлівалі ад гэтага задавальненне, каб ім гэты працэс быў у радасць, — адзначыла Паліна Аляксандраўна.
Адметна, што ўзровень падрыхтоўкі абсалютна ўсіх удзельнікаў прыемна ўразіў членаў журы біялагічнай алімпіяды. Нягледзячы на вялікі аб’ём заданняў, іх складанасць і недзе наватарства, а таксама сціснутыя тэрміны выканання, усе дзеці выступілі добра.
— Навучэнцы прадэманстравалі дастаткова высокія паказчыкі ведаў. Гэта сведчыць аб тым, што цяжкасці не палохаюць дзяцей, а наадварот, мабілізуюць і каардынуюць іх работу, стымулююць да дасягнення лепшых вынікаў, — падкрэсліў старшыня журы Фёдар Сауткін.
Не менш цікавыя заданні былі прапанаваны і ўдзельнікам Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Гэта былі пытанні, звязаныя з арганічнай і неарганічнай, фізічнай і аналітычнай, электрахіміяй. Практычны тур адпавядаў тэорыі. Каб знайсці дакладныя рашэнні прапанаваных заданняў, удзельнікам неабходна было не баяцца свабодна думаць, умець аналізаваць і прымяняць логіку. Напрыклад, вучням 9 класаў прапаноўвалася правесці сінтэз неарганічнага рэчыва. Дзесяцікласнікі даследавалі кінетыку рэакцыі ўзаемадзеяння этылацэтату са шчолаччу. А вучні 11 класа праводзілі аналіз наяўнасці аскарбінавай кіслаты ў выдадзенай пробе.
— У алімпіядзе ўдзельнічаю не ўпершыню, у тым ліку і на заключным этапе. Сёлета заданні спадабаліся. Недзе складана, але і цікава. Асабліва экзатычным вопытам для мяне як хіміка-школьніка была работа з цэрыем, — расказаў навучэнец Ліцэя БДУ Мацвей Дакімовіч.
Даволі даўно ў алімпіядным руху і навучэнец гімназіі № 2 Бабруйска Глеб Баравой. На яго погляд, заданні сёлета былі стандартнымі і адпавядалі заяўленаму ўзроўню. Асабліва спадабалася хлопцу практыка, дзе трэба было вызначыць кінетыку этылацэтату.
— З заданнямі, якія мы падрыхтавалі ў гэтым годзе, удзельнікі спраўляліся. Больш за тое, некаторыя спраўляліся бліскуча і набралі максімальныя балы. Дзеці сапраўды добра падрыхтаваныя. Прычым высокі ўзровень ведаў паказваюць як вучні з буйных, так і з малых гарадоў, з сельскіх школ. Гэта сведчыць аб тым, што адзіныя падрыхтоўчыя зборы па рэгіёнах з абменам выкладчыкамі, а таксама тэхнічнае перааснашчэнне навучальных устаноў даюць адпаведны вынік, — расказала старшыня журы, кандыдат хімічных навук, дацэнт кафедры неарганічнай хіміі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Бабарыка.
Гэтыя словы на справе пацвердзіліся падчас цырымоніі ўзнагароджання. Усяго дыпломамі і пахвальнымі водзывамі была адзначана амаль палова ад агульнай колькасці ўдзельнікаў.
Абсалютнымі пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені па хіміі сталі навучэнец гімназіі № 29 Мінска Іван Гурыновіч, вучань Гродзенскай гарадской гімназіі Кірыл Батурын, вучні гімназіі № 10 Маладзечна Павел Батура і Аляксандр Шарайчук, вучань гімназіі № 2 Бабруйска Глеб Баравой, навучэнцы Ліцэя БДУ Дзяніс Шук, Віялета Сапрановіч, Уладзіслаў Глатанкоў і Вадзім Аўдзеенка, вучань сярэдняй школы № 1 Любані Ягор Русаковіч і навучэнец ліцэя № 2 Мінска Дзмітрый Міняйла. А самыя трывалыя веды па біялогіі, удастоеныя пераможных дыпломаў, прадэманстравалі навучэнка гімназіі № 13 Мінска Вольга Кузьміч, вучаніца сярэдняй школы № 60 Гомеля Надзея Боева, навучэнец гімназіі № 5 Баранавіч Уладзіслаў Ачкоўскі, вучаніца гімназіі № 10 Мінска Валерыя Мартыненка, навучэнка гімназіі № 16 Мінска Ірына Зосімава, вучаніцы Ушацкай сярэдняй школы Кацярына Мартынюк і Ксенія Барысёнак, навучэнка сярэдняй школы № 38 Гродна Варвара Барнашова, вучань гімназіі № 1 Віцебска імя Алфёрава Дзмітрый Волкаў, навучэнка сярэдняй школы № 37 Мінска Валерыя Катовіч і вучаніца сярэдняй школы № 28 Брэста Настасся Дадатка. Спецыяльнымі прызамі міністра адукацыі адзначылі навучэнца гімназіі № 2 Баранавіч Аляксея Кунцэвіча і вучаніцу Галавінскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Эльвіру Аліеву.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.