У тройцы лідараў

Сінькевіч, Г. У тройцы лідараў : Магілёўская вобласць заняла трэццяе месца па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 12 красавіка. — С. 7Магілёўская вобласць заняла трэцяе месца па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.Навучэнцамі рэгіёна было заваявана 90 прызавых дыпломаў (18 — I ступені, 33 — II і 39 — III ступені) і 10 пахвальных водзываў. Найбольш значныя вынікі прадэманстравалі каманды па беларускай мове і літаратуры — 12 дыпломаў і 1 заахвочвальны водзыў, а таксама па працоўным навучанні — 10 дыпломаў і 1 заахвочвальны водзыў. Па 7 дыпломаў атрымалі прадстаўнікі каманд па фізічнай культуры, інфарматыцы, геаграфіі, рускай мове і літаратуры. Васьмю дыпломамі была адзначана ка-манда па хіміі.

— Дасягнутыя паказчыкі — вынік каманднай работы ўсёй сістэмы адукацыі вобласці ў вырашэнні рознабаковых задач, звязаных з забеспячэннем якасці адукацыі. Важна, што тут мы канцэнтруемся не толькі на далучэнні навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядным руху. Гэта комплексны падыход, які ўключае таксама падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання, рэспубліканскіх кантрольных. Мы пастараліся выбудаваць сістэму так, каб існуючы кадравы патэнцыял педагогаў максімальна працаваў на мясцовых тэрыторыях і даваў свой уклад у агульныя вынікі. I гэтая сістэма апраўдвае сябе. Якасная адукацыя арганізавана ўсюды. Прычым раскрываюць свой патэнцыял не толькі навучэнцы з буйных гарадоў, але і з невялікіх сельскіх школ. Напрыклад, два пераможныя дыпломы па беларускай мове і літаратуры заваявалі вучні Тупічынскага вучэбна-педагагічнага комплексу Касцюковіцкага раёна. Шэраг дыпломаў па працоўным навучанні атрымалі таксама навучэнцы ўстаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці, — адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Дарэчы, усе пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды будуць прадстаўлены для заахвочвання ў савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.