Дарогамі славы

Сінькевіч, Г. Дарогамі славы : абласны маладзёжны праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці і 77-й гадавіне Перемогі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 5 мая. — С. 7.

Абласны маладзёжны праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці і 77­й гадавіне Вялікай Перамогі, рэалізуецца ў рэгіёне.

Галоўная мэта ініцыятывы — згуртаванне маладых людзей на аснове гістарычных і гераічных традыцый Беларусі ў супрацьстаянні спробам скажэння праўды аб ролі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, папулярызацыя дасягненняў сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

— Моладзь адправілася ў шлях, які праляжа ад Хоцімска да Асіповіч. Гэта менавіта той шлях, які ў свой час прайшлі героі-пераможцы, нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Гэты маршрут дапаможа моладзі адчуць, наколькі складана было заваяваць перамогу. Маладое пакаленне павінна ганарыцца тым, што жыве ў свабоднай, незалежнай і квітнеючай краіне. Важна, што ініцыятыва рэалізацыі праекта зыходзіла менавіта ад маладых людзей. І мы падтрымалі гэтае пачынанне. Ганарымся нашай моладдзю — яна ў нас цудоўная, — адзначыў на ўрачыстым старце праекта старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Удзел у ініцыятыве прымуць 60 актыўных маладых людзей з розных куткоў рэгіёна. Для кожнага з іх гэтае падарожжа — магчымасць ушанаваць памяць продкаў, якія ваявалі, пасадзейнічаць захаванню гістарычнай памяці і яе пераемнасці.

Аўтакалонай стылізаваных аўтамабіляў, аўтобусаў-музеяў і палявой кухні маладыя людзі за два тыдні праедуць па ўсіх гарадах і раёнах Магілёўскай вобласці. Рухаючыся па маршруце, яны разам з мясцовымі жыхарамі закладуць сімвалічныя паркі памяці і славы. У месцах прыпынкаў, згодна з праграмай, будуць праходзіць адкрытыя дыялогі “Сіла ў адзінстве”, рэквіемы “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, тэматычныя мітынгі і флэш-мобы, аўтапрабегі, перасовачныя выставы, экскурсіі да памятных мемарыялаў загінуўшым салдатам Вялікай Айчыннай, канцэртныя праграмы “Кветкі Вялікай Перамогі” і многае іншае. Значна, што ўдзельнікі праекта плануюць сабраць у спецыяльны кофр жмені зямлі з месцаў абарончых баёў у кожным раёне. У далейшым гэты кофр перададуць у музей, што будзе пабудаваны ў 2024—2025 гадах на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.