Будучыня педагогікі

Сінькевіч, Г. Будучыня педагогікі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 28 мая. — С. 10. 

Лепшага будучага настаўніка вызначалі надоечы ў МДУ імя А.А.Куляшова.

У галоўнай кузні педагагічных кадраў рэгіёна гэты конкурс стаў ужо традыцыйным. Асноўнай яго мэтай з’яўляецца стварэнне ўмоў для асобаснага прафесійнага росту будучых маладых спецыялістаў, выяўленне таленавітых студэнтаў, павышэнне прэстыжу прафесіі. Удзельнікамі спаборніцтва становяцца студэнты-старшакурснікі і навучэнцы апошніх курсаў каледжаў універсітэта. Конкурс — яшчэ і дэманстрацыя таго, чаму маладыя людзі навучыліся за гады вучобы, наколькі яны гатовы да рэальнай педагагічнай дзейнасці.

Сёлетнія канкурсанты паказалі поўную гатоўнасць да работы ў школе. Між тым заданні былі няпростыя. Фактычна іспыты адпавядалі ўзроўню конкурсаў прафесійнага майстэрства вопытных педагогаў. Фіналісты мадэлявалі дзейнасць настаўніка падчас урока ў незнаёмым класе ў навучальных установах горада. А пасля, ужо на сцэне, здзіўлялі творчымі здольнасцямі, адказвалі на каверзныя пытаны, вырашалі складаныя педагагічныя сітуацыі, а таксама выступалі з візіткай-самапрадстаўленнем.

— Усе ўдзельнікі спаборніцтва — своеасаблівы фундамент, будучыня сістэмы адукацыі Магілёўскай вобласці. Менавіта яны будуць працягваць работу па забеспячэнні якасці навучання і выхавання падрастаючага пакалення, — падкрэсліў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Дарэчы, усе канкурсанты паказалі неверагодныя творчыя здольнасці, бліскучае веданне педагогікі і псіхалогіі, высокую эрудыцыю ў іншых сферах. Але мацней за астатніх уразіў журы і гледачоў навучэнец Горацкага педагагічнага каледжа Віктар Мядзведзеў, які і атрымаў ганаровае званне «Лепшы будучы настаўнік». Што тычыцца іншых удзельнікаў, то і яны не засталіся без узнагарод. Усе фіналісты атрымалі дыпломы лаўрэатаў і памятныя прызы.