Сінькевіч, Г. Ад інтэграцыі да інклюзіі : [пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 28 мая. — С. 10.
Суправаджэнне дзяцей з асаблівасцямі развіцця даўно стала комплексным і ажыццяўляецца пры ўдзеле зацікаўленых ведамстваў. Гэта дазваляе ўстановам адукацыі рэгіёна планамерна рухацца ад інтэграцыі да інклюзіі.
Далейшаму развіццю спецыяльнай адукацыі была ўдзелена асаблівая ўвага падчас чарговага пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. На гэтым пытанні ў ходзе пасяджэння быў зроблены асноўны акцэнт.
— Сістэма спецыяльнай адукацыі характарызуецца даступнасцю, варыятыўнасцю, стварэннем безбар’ернага асяроддзя, пашырэннем прыцягнення дзяцей з асаблівасцямі развіцця да сумеснай дзейнасці са здаровымі аднагодкамі. Развітая сетка ўстаноў, інтэграваных класаў, карэкцыйных пунктаў забяспечвае высокі паказчык — 99 працэнтаў — ахопу дзяцей з АПФР спецыяльнай адукацыяй, неабходную карэкцыйную дапамогу атрымліваюць 100 працэнтаў дзяцей, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.
Паўсюдна па вобласці створана сістэма ранняй комплекснай падтрымкі, павялічваецца колькасць карэкцыйных пунктаў.
Гэта спрыяе своечасоваму выяўленню парушэнняў у развіцці дзіцяці і як мага больш ранняму пачатку работы па іх выпраўленні. У выніку нярэдка ўдаецца вывесці дзіця са спецыяльнай адукацыі.
Станоўчых зрухаў атрымалася дасягнуць у рэгіёне і ў інтэграваным навучанні і выхаванні. Паляпшаюцца прадметнае і развіццёвае асяроддзе ўстаноў спецыяльнай адукацыі, абнаўляецца і набываецца транспарт для падвозу асаблівых навучэнцаў, вядзецца работа па развіцці іх творчых здольнасцей, духоўна-маральным, грамадзянска-патрыятычным выхаванні.
Азнаёміцца з афіцыйнай інфармацыяй удзельнікі калегіі змаглі на выставе прэзентацыі дзейнасці спецыяльных школ-інтэрнатаў, а таксама падчас наведвання навучальных устаноў Кругляншчыны. Дарэчы, менавіта тэты раён быў выбраны месцам правядзення пасяджэння невыпадкова.
— У спецыяльнай адукацыі мы прытрымліваемся пазіцыі, што не дзецям з асаблівасцямі трэба прыстасоўвацца да існуючай структуры адукацыі, а наадварот. Навучальныя ўстановы павінны імкнуцца адаптавацца да любога дзіцяці, прымаючы пад увагу яго схільнасці, здольнасці, стан фізічнага і псіхічнага здароўя, — паведаміла начальна аддзела па адукацыі, спорце і турызме Круглянскага райвыканкама Марына Токарава.
Паводле яе слоў, праграму спецыяльнай адукацыі ў раёне рэалізуюць дзевяць навучальных устаноў, у кожнай з якіх імкнуцца забяспечыць якасную своечасовую дапамогу дзецям з АПФР. Але найбольшай выніковасці ў гэтым напрамку дасягнулі педагагічныя калектывы ясляў-сада № 7 і сярэдняй школы № 2 райцэнтра. Гэтыя ўстановы з’яўляюцца апорнымі па спецыяльнай адукацыі. Педагогі там працуюць над фарміраваннем адаптыўнага асяроддзя, якое дае ўсім дзецям магчымасці для асобаснага, сацыяльнага і фізічнага развіцця. Каардынатарам гэтай дзейнасці з’яўляецца раённы Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. За свае эфектыўныя напрацоўкі ўстанова была прызнана пераможцай адпаведнага абласнога працоўнага спаборніцтва.
— Развіццё працэсаў інклюзіўнай адукацыі — не толькі галіновая адукацыйная задача. Работа ажыццяўляецца на аснове міжведамаснага супрацоўніцтва, узаемасувязі соцыуму, школы, навучэнцаў і іх бацькоў. Гэта дапамагае выбудоўваць адукацыйны працэс так, каб кожнае дзіця адчувала сябе раўнацэнна, — заўважыла Марына Токарава.
У такім ключы пакуль працуюць не ўсюды, ёсць і пэўныя недапрацоўкі. Тым раёнам, дзе выяўлены недахопы, было даручана ліквідаваць іх у самыя кароткія тэрміны. Бо ўсе негатыўныя фактары ў той ці іншай ступені ўплываюць на якасць карэкцыйна-педагагічнай дапамогі асаблівым дзецям.
У ходзе калегіі разглядаліся і іншыя актуальный тэмы. У цэлым работа па ўсіх закранутых пытаннях наладжана на дастойным узроўні.
— Але для падтрымання станоўчых тэндэнцый работу трэба пастаянна ўдасканальваць. Мы ведаем, куды і як рухацца ў перспектыве. На далейшае развіццё павінны быць накіраваны намаганні кожнага — ад кіраўніка да педагога, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.