Башарымава, К. Стратэгічны крок Магілёўскага форуму : [VII Міжнародны форум «Традыцыйная культура яе стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства»] / Крысціна Башарымава // Культура. — 2022. — 4 чэрвеня. — С. 4.
Напрыканцы мая ў Магілёў з’ехаліся вучоныя і спецыялісты ўстаноў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца вывучэннем і захаваннем традыцыйнай культуры, кіраўнікі і ўдзельнікі фальклорных і аўтэнтычных калектываў з 7 краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Кітая. На некалькі дзён горад над Дняпром стаў пляцоўкай па абмену вопытам, звязаным з захаваннем і актуалізацыяй традыцыйнай культуры. Тут адбыўся VII Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”.
Міжнародны форум быў арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам і Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
На святочным адкрыцці Міжнароднага форуму прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Сцельмашок, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў.
3 прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей выступіў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, які выказаў спадзяванне, што Міжнародны форум стане важным крокам на шляху да захавання і вывучэння традыцыйнай культуры нашай і суседніх краін.
Яркая канцэртная праграма адлюстроўвала народную культуру рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Жывая музыка, яркія народныя строі, таленавітыя выканаўцы стварылі атмасферу свята і падарылі гасцям незабыўныя эмоцыі і ўражанні.
Першы дзень форуму пачаўся з ускладання кветак да Вечнага агню на плошчы Славы, пасля чаго ўдзельнікаў запрасілі на свята народнай творчасці “Народная талака майстроў”, якое разгарнулася каля Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Творчыя калектывы вобласці радавалі гледачоў сваім самабытным талентам і дзяліліся добрым настроем. Усе дні форуму тут працавала тэматычная экспазіцыя-выстава работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Магілёўскай вобласці. Чаго на гэтай выставе толькі не было! Каваныя вырабы Сяргея Кудзікава, гліняны посуд і дробная кераміка бабруйскіх майстроў Юрыя Боўда і Аляксандра Арлова, саламяныя павукі Ірыны Кухцінай, плеценыя вырабы з лазы Аляксея Мясніка і іншыя. Народныя майстры з задавальненнем знаёмілі ўдзельнікаў форуму з тэхналогіяй стварэння сваіх вырабаў на майстар-класах.
3 найлепшымі ўзорамі народных промыслаў і рамёстваў можна было азнаёміцца таксама ў будынку абласнога метадычнага цэнтра, дзе была падрыхтаваная выставачная экспазіцыя “3 крыніц народных” па выніках абласных творчых праектаў па падтрымцы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Магілёўскай вобласці. Тут былі прадстаўлены работы рэгіянальнага (абласнога) конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Дзіцячая цацка: ад мінулага да сучаснага” і абласнога конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Ручнік — шлях жыцця чалавека”.
Пазнаёміцца з элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Магілёўскай вобласці, уключанымі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, можна было з дапамогай відэапрэзентацыі, якую падчас мерапрыемства паказвалі ў фае.
У канферэнц-зале для ўдзельнікаў форуму была прадстаўлена не менш прыбраная выстава сувенірных велікодных яек “Велікодны цуд”, выкананых у розных тэхніках: інкруставаныя саломкай, упрыгожаныя вышыўкай, распісаны фарбамі.
На другі дзень у праграме форуму адным з яркіх элементаў стала ўрачыстае адкрыццё этнаграфічнага пакоя-экспазіцыі “Беларуская хата” ў Магілёўскім абласным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Тут была прадстаўлена экспазіцыя, якая амаль аўтэнтычна адпавядала таму, што раней было ў хатах нашых бабуль-прабабуль: бярвеністыя сцены, печка, чырвоны кут з абразамі, даматканыя пакрывалы на ложках, ручнікі і абрусы на драўляных сталах, інкруставаны саломкай дыван ручной работы на сцяне, саламяны павук, драўляная калыска, ткацкі станок, прадметы побыту сялян. Гасцей сустракалі па-сапраўднаму сардэчна: народнымі песнямі, стравамі беларускай кухні. Знаёмячы з культурай і побытам нашых продкаў, падрыхтавалі старажытны абрад — “Улазіны”, Ён здаўна праводзіўся на наваселле і, па павер’і, гарантаваў сям’і мір, багацце і дабрабыт. А рэканструявалі абрад удзельнікі ансамбля народнай песні “Вярбіца” Расненскага сельскага дома культуры Дрыбінскага раёна.
КАНФЕРЭНЦЫЯ I КРУГЛЫ СТОЛ
А вось увечары ўдзельнікаў чакаў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча. Праграма хору была напоўненая песеннымі, інструментальнымі і танцавальнымі нумарамі, якія раскрылі багацце вобразаў, эмацыйную і псіхалагічную афарбоўку нацыянальнага мастацтва.
Адной з асноўных частак Міжнароднага форуму стала міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і фальклорная спадчына ў сучаснай культурнай прасторы”. Эксперты розных краін выказаліся пра важнасць і неабходнасць захаваць народную спадчыну для нашчадкаў. У рамках канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі шэраг пытанняў, звязаных з захаваннем каштоўнасцей традыцыйнай культуры як рэсурсу развіцця культурнага патэнцыялу нацыі і выхавання будучых пакаленняў, ролі традыцыі як жывой формы культуры; кіраваннем працэсамі захавання традыцыйнай культуры на дзяржаўным і рэгіянальным узроўнях; праблемамі актуалізацыі каштоўнасцей традыцыйнай культуры ў сучасным грамадстве і сінтэзу культурнай спадчыны ў сучаснае мастацтва; ролі нацыянальнай мовы ў сістэме фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці, выкарыстанне традыцыйнай культуры народаў як фактару стабілізацыі міжнацыянальных адносін.
Канферэнцыя працягвалася некалькі дзён, а потым прайшоў выніковы круглы стол, падчас якога ўдзельнікі абмяняліся меркаваннямі і прынялі выніковую рэзалюцыю, сустрэліся з прадстаўнікамі СМІ. Па выніках работы ўдзельнікі канферэнцыі выказалі задавальненне заслуханымі дакладамі і дыялогам, прыйшлі да ўзгодненай думкі пракарыснасць узаемаабмену інфармацыяй і ідэямі.
ПРЭЗЕНТАЦЫЙНЫЯ ПЛЯЦОЎКІ
Удзельнікаў форуму таксама чакала незабыўная сустрэча з традыцыйнай культурай Магілёўшчыны — паездка ў горад Бялынічы. Тут свае прэзентацыйныя пляцоўкі прадставілі ўстановы культуры горада Бялынічы: раённы Цэнтр культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна”, медыяцэнтр “Зорка” ды інш.
Наступным пунктам назначэння стала база адпачынку “Глухарыны ток”, дзе ўдзельнікаў форуму чакала сапраўднае свята нацыянальнай беларускай кухні.
На свяце разгарнуліся разнастайныя пляцоўкі з дэгустацыяй страў і дэманстрацыяй абрадаў. Так, Магілёўскі раён сустракаў удзельнікаў форуму на пляцоўцы “Велікодныя вячоркі”. Творчы калектыў Клічаўскага раёна падрыхтаваў абрад Ушэсця Гасподняга на пляцоўцы “Абрад Ушэсце”. Асіповіцкі раён падрыхтаваў пляцоўку “Кірмаш на Міколу ў Міколы”. Чавускі раён — пляцоўку “Зялёныя святкі, Троіца”. Круглянскі раён сустракаў на пляцоўцы “Свята Пятра і Паўла”. Пляцоўка “Вяселле па Шклоўскі” была ў шклаўчан.
Сапраўды, гасцям давялося адчуць на сабе гасціннасць і хлебасольнасць Магілёўшчыны.
Крысціна БАШАРЫМАВА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра