Вучым любіць Радзіму

Сямёнава, В. Вучым любіць Радзіму / Вольга Сямёнава // Настаўніцкая газета. — 2022. — 9 чэрвеня. — С. 13.

Радзіма пачынаецца з любові. Гэта любоў да свайго дома, дзе жывуць самыя блізкія, самыя родныя людзі. Гэта любоў і павага да таго, чым яны займаюцца, кім працуюць, з кім сябруюць. Гэта любоў да мясцін, дзе бываеце разам, да яліны, што расце за акном, да ката, які лашчыцца пад сонечнымі прамянямі. Гэта любоў да зямлі, на якой нарадзіўся і жывеш.

Задача педагогаў аддзела  “Школа развіцця “Прыступкі” — выбраць з дзіцячых захапленняў найбольш ім даступныя: свет жывёл і раслін, сацыяльнае асяроддзе, прыгажосць наваколля, традыцыі, мова.

Патрыятызм усведамляецца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Яшчэ з нараджэння людзі непрыкметна засвойваюць культуру сваёй краіны. І каб любіць сваю краіну, каб адносіцца да яе з павагай і гонарам, яе трэба ведаць. Ведаць гісторыю і сучаснасць, традыцыі і святы, гарады і славутасці. Але маленькім дзецям цяжка ўявіць краіну і нават горад, таму знаёмства з Радзімай мы пачынаем з простых рэчаў.

Гуляем. Вучымся. Расцём

На занятках у школе развіцця галоўная роля належыць гульні — асноўнаму сродку станаўлення дзіцячай асобы. Менавіта ў гульні новыя веды і ўменні засвойваюцца найлепш. Галоўнае — заахвоціць дзетак, паказаць, што навакольны свет выдатны і дзівосны.

“Развіццёвыя гульні” — гэта не толькі сродак навучання, але і самастойнае аб’яднанне. Дзеці знаёмяцца з лічбамі і фігурамі, развіваюць камунікатыўную сферу, засвойваюць сацыяльныя і маральныя нормы, цікавяцца навакольным светам.

У аб’яднанні па інтарэсах “Не толькі літары” дзеці з задавальненнем слухаюць, як гучыць беларуская мова, у іх паступова павялічваецца слоўнікавы запас. Роднае слова ўзбагачае дзіцячую мову праз чытанне апавяданняў, казак і вершаў, выкарыстанне прыказак і прымавак.

На занятках аб’яднання “Выяўленчая дзейнасць” мастацкае выхаванне ажыццяўляецца праз знаёмства з рэпрадукцыямі вядомых беларускіх мастакоў, вырабамі народных майстроў. Дзеці бачаць асаблівасці беларускага арнаменту, спрабуюць самі ўпрыгожыць свае вырабы ўзорамі. Атрыманыя ўражанні навучэнцы адлюстроўваюць у малюнках і аплікацыях з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу.

Азнаямленне з фальклорнай спадчынай — неад’емная частка выхаваўчага працэсу на занятках аб’яднанняў “Музычнае выканальніцтва” і “Рытміка”. Дзеці вучацца іграць на простых музычных інструментах, знаёмяцца з сучаснымі творамі беларускіх кампазітараў, вывучаюць забаўлянкі, небыліцы, скорагаворкі, выконваюць танцы з элементамі беларускай полькі, крыжачка, карагода.

Заняткі ў аб’яднанні “Англійская мова” садзейнічаюць пашырэнню кругагляду пра культуру сваёй краіны, чым яна падобная і чым адрозніваецца ад культуры іншых краін. Дзеці атрымліваюць элементарныя веды пра планету Зямля, даведваюцца, што на ёй жыве шмат людзей розных нацыянальнасцей — ствараюцца талерантныя адносіны да людзей.

Патрыятызм усведамляецца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Каб любіць сваю краіну, каб адносіцца да яе з павагай і гонарам, яе трэба ведаць.

На працягу навучальнага года ў кантэксце кожнага аб’яднання дзеці вывучаюць тэмы, якія тычацца сям’і і дома, жывёл і раслін, прыроды і пор года, прафесій, культуры зносін. Планамерная, сістэматычная работа становіцца падмуркам для далейшай работы па патрыятычным выхаванні асобы дзіцяці.

Назіраем і знаёмімся

Знаёмства дзяцей з месцам, дзе яны жывуць, узбагачае іх веды, развівае цікавасць, садзейнічае выхаванню пачуцця гордасці за родныя мясціны, таму ў школе развіцця арганізуюцца пешыя і выязныя экскурсіі.

Будынак цэнтра творчасці знаходзіцца ў вельмі прыгожай частцы Магілёва — побач рэчка і невялічкі парк. Сюды вельмі добра прывесці дзяцей, каб паказаць прыгожы куточак роднай прыроды, расказаць шмат цікавага пра насельнікаў гэтай мясціны: якія расліны тут можна сустрэць паабапал сцяжынак, якія прадстаўнікі жывёльнага свету знаходзяць тут прытулак.

Знаёмства з наваколлем працягваем у заасадзе. Дзеці з захапленнем назіраюць за жывёламі, даведваюцца аб месцах іх пражывання, аб беражлівым стаўленні да лесу.

Побач з заасадам — “Горад майстроў”, дзе кожны можа паназіраць за працай каваля, ганчара, ткача, цесляра, амаль дакрануцца да мінулага. Шмат уражанняў застаецца ў дзяцей ад прылад побыту і творчасці майстроў.

Кожная мясціна непаўторная, таму з мінулым Магілёўшчыны знаёмім падчас экскурсіі на Буйніцкім полі, раскрываем значнасць гістарычных падзей. Дзеці ўсведамляюць, што кожная мясціна — гэта частка Радзімы.

Комплекснае выхаванне. Работа з бацькамі

Далучэнне дзяцей да вытокаў народнай культуры, вывучэнне роднай мовы немагчыма без паслядоўнай работы з бацькамі, таму што менавіта адносіны бацькоў да навакольнага свету фарміруюць у дзіцяці першыя ўяўленні пра Радзіму.

Бацькі актыўна наведваюць адкрытыя заняткі, прымаюць удзел у майстар-класах, выставах, экскурсіях і традыцыйных святах. На тэматычных кансультацыях атрымліваюць парады педагогаў аб тым, як стварыць у сям’і моўнае асяроддзе, якія кнігі можна пачытаць дома, як насычана правесці вольны час разам з дзецьмі.

Сумесна з бацькамі мы вучым дзяцей міласэрнасці, далучаем іх да дабрачыннасці. Штогод падчас правядзення выставы “Церамок” школа развіцця “Прыступкі” арганізуе дабрачынную акцыю “Рука дапамогі”, у якой могуць прыняць удзел усе жадаючыя. Сабраныя сродкі пералічваюцца адрасна на рахунак дзіцяці, якое мае патрэбу ў лячэнні.

Так дзеці даведваюцца, што такое дабрачыннасць, якую сілу мае нават невялічкі ўклад кожнага чалавека і што ўсе людзі адказныя адно за аднаго. Бацькі ж сваім прыкладам матывуюць дзяцей рабіць добрыя справы.

У выніку такой работы дзіця ўспрымае сябе грамадзянінам не толькі ў сучаснай, але і ў гістарычнай прасторы краіны і горада, любіць сваю Радзіму, сваю сям’ю, сваіх сяброў, хоча зрабіць жыццё лепшым і прыгажэйшым.

Вольга СЯМЁНАВА,
метадыст аддзела “Школа развіцця “Прыступкі” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці