Выбіцца ў людзі

Карпук, А. Выбіцца ў людзі : маюць усе шанцы выхавальнікі дзяржаўнай спецыяльнай установы закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі, якія праводзяць лета з ваеннымі / Аляксей Карпук // Звязда. — 2022. — 10 жніўня. — С. 5.

У лагеры «Прызыўнік» выхоўваюць хлопцаў з крымінальным мінулым

У маладзейшым узросце людзі ўспрымаюць жыццё куды вастрэй, чым дарослыя, часам не разумеючы, што і чаму адбываецца з імі і як гэта адаб’ецца на іх далейшым жыцці. Хтосьці трапляе ў дрэнную кампанію, на кімсьці застаецца след няшчаснай сям’і… Далей бываюць варыянты. Некаму дапамогуць, падкажуць родныя, знаёмыя, настаўнікі, сябры. Некаторыя трапляюць ў спецыяльныя навучальныя ўстановы, і там у іх ёсць час падумаць над тым, што адбылося і як жыць далей. Тут на дапамогу прыходзяць і нашы Узброеныя Сілы: ваеннаслужачыя робяцца прыкладам для падлеткаў.


Ужо трэці год 5-я вайсковая часць супрацоўнічае з Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай установай закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі. Туды трапляюць падлеткі з няпростым лёсам. Кляймо можа застацца на ўсё жыццё. А можна і пазбавіцца ад яго. Назаўсёды. Прынамсі, дырэктар Віталь Мікалаевіч Лебедзеў не апускае рукі. Ён лічыць, што яго падапечныя заслугоўваюць другой спробы, якой абавязкова трэба скарыстацца, каб «выбіцца ў людзі».

— На працягу ўжо трох гадоў мы выязджаем у гэтую часць, дзе для нас створаны шатровы лагер. Мэты і задачы нашага «Прызыўніка» — выхаванне нармальнага чалавека, патрыёта сваёй Радзімы. Каб ён разумеў, што такое служба ў войску. За гэты перыяд 12 нашых выхаванцаў адслужылі ва Узброеных Сілах, яшчэ адзін служыць — ён быў у гэтым лагеры мінулым летам, а цяпер служыць у 121-й брыгадзе Сіл спецыяльных аперацый у Віцебску. Мы спадзяёмся, што налета таксама нехта з цяперашніх удзельнікаў лагера пойдзе служыць у гэтую славутую часць.

Як адзначыў Віталь Мікалаевіч, у «Прызыўнік» трапілі 15 найлепшых хлопцаў з установы, іх загадзя адбіралі. Хлопцы імкнуцца сюды выехаць — ім важна праявіць сябе, каб стаць сапраўднымі мужчынамі.

Я часта бываў у лагерах на адкрытым паветры, але «Прызыўнік» са сваімі шатрамі ў вайсковай размалёўцы зрабіў асаблівае ўражанне. З аднаго боку, тут мы з фатографам убачылі і звыклае, што бывае ў летніках: футбол, шахматы, фільмы на тэлевізары — усё гэта дазваляе хлопчыкам не адрывацца ад соцыуму. А з іншага — усё ж нешта адрознае… Трохі нясмела, але ў той жа час па-мужчынску адкрыта са мной пагаварыла некалькі рабят:

— Мяне клічуць Віталь Федасееў. Тут, у Мар’інай Горцы, добра. Бегаем кросы кожную раніцу, затым пачынаецца зарадка, а потым — па плане дня. У вучылішчы, куды я трапіў за махлярства, атрымліваю спецыяльнасць «сталяр», а ў будучыні адвучуся на тынкоўшчыка і муляра.

— Я — Уладзіслаў Касякоў. У лагеры класная атмасфера: займаемся, страляем, жывем па распарадку салдат. Тут падабаецца бавіць час, вучаць нас далейшаму этапу салдацкага жыцця. Магчыма, нехта з нас пойдзе пасля заканчэння ПТВ сюды, у Мар’іну Горку служыць. Дзень ПДВ усе хлопцы таксама ацанілі. Уразіла тое, як салдаты спускаліся з верталёта. Хацелася б гэтак жа.

— Маё імя — Раджык Сава. Даўно чакаў запрашэння ў мар’інагорскі лагер — працаваў для гэтага цэлы год. Тут усё задавальняе. А ў вучылішча трапіў за крадзеж. Ужо атрымаў адну спецыяльнасць — муляра, цяпер рыхтуюся стаць сталяром. Вучуся ў 10 класе. Дырэктар у нас сапраўды добры: Віталь Мікалаевіч — справядлівы кіраўнік.

Лагер доўжыўся на працягу 9 дзён. Традыцыйна хлопцы з настаўнікамі сюды прыязджаюць 26 ліпеня і вяртаюцца ў Магілёў 3 жніўня. Па праграме мерапрыемстваў падлеткам робяць упор на фізічныя трэніроўкі, аднак ёсць і агнявая падрыхтоўка. Хлопцы цярпліва жывуць па строгім распарадку — нават на гутарку з журналістам іх прыйшлося «выдзіраць» са строю.

Дырэктар вучылішча адзначыў, што адна з мэт для хлопцаў — параўнаць сябе са звычайным салдатам, адчуць яго жыццё і быт, а ў далейшым — паслужыць ва Узброеных Сілах.

— Праграма тут вельмі насычаная, — працягвае дырэктар установы Віталь Лебедзеў. І дзеці, і настаўнікі разам жывуць у палатках. Пад’ём у нас у 7 раніцы, а ў 10 вечара — адбой. Практычна ўвесь час распісаны па хвілінах. Спачатку зарадка, далей у нас ідуць заняткі — агнявыя, тактычныя і фізічныя падрыхтоўкі. Кожны дзень адведзены вызначанаму напрамку. Не забываем і пра палосы перашкод. Выходзіць так, што дзеці, якім цікава, вучацца быць салдатамі.

Нам тут дапамагаюць ваеннаслужачыя 5-й брыгады, якія пастаянна каля дзяцей з самай раніцы. Усе перамяшчэнні па тэрыторыі часці і тут, у лагеры, ажыццяўляюцца строем разам з салдатамі. Час адведзены і заняткам па статуце ваеннай службы. Але салдаты таксама маюць зносіны з хлопцамі ў нефармальнай абстаноўцы — так з падлеткамі прасцей.

Адзін з салдат, які праходзіць тэрміновую службу ў 5-й брыгадзе, дакладна прымеціў каштоўнасць вайсковага жыцця для мужчыны і падрастаючага пакалення:

— Служба праходзіць лёгка. Цікавыя заняткі, аднак нам робяць упор на фізічную падрыхтоўку. Мэтанакіравана ішоў у ПДВ, бо ведаў, што тут не засумуеш. Стрэльбішчы, палявыя выхады. Шмат розных выездаў. Лічу, што кожны мужчына абавязаны адслужыць — гэта вопыт на ўсё жыццё.

Як я раней і адзначыў, з «другім шанцам» заўсёды ёсць пытанні. У магілёўскім вучылішчы ўсё было прасцей, бо на працягу навучальнага года праходзіў адбор найлепшых выхаванцаў для «Прызыўніка». Тут глядзелі найперш за дысцыплінай. Паколькі вучылішча дрэваапрацоўкі — закрытага тыпу, для хлопчыкаў лагер у Мар’інай Горцы — адна з магчымасцяў не толькі хоць бы часова выехаць у іншае месца, але і правесці час з карысцю.

— У нашай установе падлеткі таксама не сумуюць. Гэта датычыцца і паходаў з байдаркамі, і гульні на хакейнай пляцоўцы, а цяпер вось робім сабе ваенна-патрыятычны кабінет, прысвечаны службе ва Узброеных Сілах. Там будуць фатаграфіі нашых выхаванцаў, якія адслужылі ў войску, — шмат матэрыялу назапасілася. Таксама пасля завяршэння змены ў «Прызыўніку» мы штогод паказваем фільм, які робім падчас змены ў лагеры. Гэта планамерная работа, якая разлічана не на адзін год. Мы спадзяёмся і надалей супрацоўнічаць з гэтай часцю. Тут падлеткам прывіваюцца правільныя каштоўнасці, патрыятызм найперш, у іх з’яўляецца жаданне пайсці на службу. Цяпер як ніколі шмат хлопцаў каляпрызыўнога ўзросту — большасць прыдатная да восеньскага і вясновага прызываў.

Паводле слоў Віталя Мікалаевіча, для правільных зносін з «цяжкімі» падлеткамі трэба паказваць усё асабістым прыкладам. «Калі хлопцы бягуць крос — дырэктар бяжыць побач. Калі ў хлопцаў паласа перашкод — настаўнікі і я таксама праходзяць яе. Трэба паказваць праз сябе, як неабходна ўсё рабіць правільна, нават не зважаючы на розніцу ва ўзросце. Кіраўніку важна заўсёды быць крыху вышэй, каб хлопчыкі да чагосьці імкнуліся. Вучань становіцца прафесіяналам тады, калі ён пераўзыходзіць свайго настаўніка», — лічыць дырэктар.

Наогул у нас усе супрацоўнікі, якія тут знаходзяцца, дастаткова фізічна моцныя. Недзе і падцягнуцца на турніку не менш, чым хлопцы, і адціснуцца. Мы займаемся разам, жывём разам, ядзім з аднаго катла. Няма ніякіх прывілеяў.

Для Віталя Мікалаевіча і яго выхаванцаў стала традыцыяй пасля завяршэння 9-дзённых збораў рабіць 5-й мар’інагорскай брыгадзе падарунак. Раз госці з установы дрэваапрацоўкі, дорыцца звычайна прадмет, зроблены рукамі дзяцей і супрацоўнікаў.

— Спачатку мы зрабілі эмблему іх часці, летась быў знак Сіл спецыяльных аперацый, а цяпер мы зрабілі ікону Георгія Перамаганосца. Хутчэй гэта не падарунак, а знак нашай павагі да хлопцаў у пагонах.

У Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай установе закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі такі ж парадак па занятках, як і ў войску. Цяпер ідуць канікулы, а з верасня пачынаецца вучоба з наступным атрыманнем сярэдняй адукацыі і спецыяльнасцяў (сталяра дрэваапрацоўкі, станочніка і гэтак далей). Выпускаючыся з установы, рабяты могуць далей уладкоўвацца па жыцці. Галоўнае — перад імі заўсёды ёсць прыклад тых, на каго можна раўняцца, каб ізноў не пайсці па «дрэннай дарожцы».

Аляксей КАРПУК

Фота Лізаветы ГОЛАД