Выхаванне праз сямейныя гісторыі

Зігуля, Н. Выхаванне праз сямейныя гісторыі : дэпутаты Магілёўскага гарсавета сабралі ўспаміны беларусаў пра ваеннае мінулае іх продкаў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 12 кастрычніка. — С. 10 (Мясцовае самакіраванне). 

Магілёўскія дэпутаты сабралі ўспаміны беларусаў пра ваеннае мінулае продкаў

І большасць гэтых гісторый напісана менавіта школьнікамі. Ініцыятарам праекта выступіла дэпутат Магілёўскага гарсавета Галіна Бяляева, а калегі па прадстаўнічай уладзе яе падтрымалі. Летась быў выдадзены першы том успамінаў, а нядаўна дэпутаты прэзентавалі другі. Гэта выданне яны прысвяцілі Году гістарычнай памяці. Тыраж невялікі, усяго 200 экзэмпляраў, але пэўная колькасць кніг перададзена ў школы, якія актыўна далучыліся да праекта.


Ідэя рэалізаваць праект прыйшла Галіне Бяляевай, калі яна пабывала на шостым Усебеларускім народным сходзе. Прызнаецца, што, калі Прэзідэнт казаў пра пошукі новых формаў патрыятычнага выхавання, ужо ведала, з чаго пачне. Яна завуч магілёўскай школы № 34, гісторык па адукацыі і ад сваіх вучняў неаднойчы чула цікавыя сямейныя гісторыі пра вайну. Прычым не толькі пра франтавікоў, а пра самых звычайных жыхароў, якія знаходзіліся пад акупацыяй. Думка занатаваць гэтыя гісторыі ўжо даўно круцілася ў галаве. Вярнуўшыся ў свой горад, дэпутат наведала шэраг магілёўскіх школ, дзе агучыла падрабязнасці размовы на Усебеларускім народным сходзе і папрасіла падтрымаць яе ініцыятыву. Літаральна праз некалькі дзён у яе назбіраўся ўжо не адзін дзясятак ваенных сямейных гісторый.

Два тамы пад агульнай назвай «Вялікая Айчынная вайна: сямейныя гісторыі» аб’ядналі пад вокладкамі біяграфіі 1050 сем’яў, іх суправаджаюць каля трох тысяч фота, зробленых у аднолькавым жаўтаватым колеры пад рэтра. Гэта своеасаблівы псіхалагічны момант, які дапамагае перанесціся ў атмасферу тых гадоў. У гэтых гісторыях не менш болю, чым у іншых, звязаных з вайной. Гартаеш кнігу і разумееш, што нічога не прайшло, што рана жывая. І на фоне апошніх падзей яна яшчэ больш паглыбілася і абвастрылася.

Нядаўна Галіна Бяляева пачула ад калегі Аляксандра Корзуна гісторыю пра яго дзеда, які пайшоў у 18 гадоў ваяваць і загінуў на тэрыторыі Польшчы. Тры гады таму сям’я нарэшце адшукала яго магілу. Хацелі з’ездзіць туды, каб завезці зямлі з магілы маці, якая гаравала па сыне ўсё жыццё, але стала вядома, што ў Польшчы зносяць у тым ліку і савецкія мемарыялы. Для сям’і гэта трагедыя.

— Я яшчэ раз пераканалася, што мы зрабілі добрую справу, — кажа Галіна. — Не ў нашых сілах захаваць помнікі, якія зносяць у недружалюбных нам краінах, але мы можам увекавечыць імёны тых, хто перажыў жах вайны, на старонках кнігі. А разам з імі — і іх родных, бо пішам, з якой сям’і быў чалавек, успамінаем яго бацькоў, братоў, сясцёр, дзяцей — паказваем гісторыю сям’і ў трох, нават чатырох, а то і пяці пакаленнях. Расказваем і пра тых, хто перадаў інфармацыю. Складаем нешта накшталт радаводу. Каб сённяшняе пакаленне ведала свае карані. Гэта вельмі важна.

Работа зроблена каласальная. Галіна Бяляева з педантычнасцю гісторыка правярала кожны факт, адсочвала, каб усё адпавядала рэчаіснасці.

— Напрыклад, людзі пішуць, што падзеі ў канкрэтным месцы адбываліся 27 чысла, а там у гэты момант немцаў яшчэ не было, яны прыйшлі пазней. Або блытаюць канцлагер і гета. Прыходзілася гэтыя моманты ўдакладняць. Адна жанчына расказала, што яе дзед быў у партызанах. А я падняла дакументы, і аказалася, што ён быў там усяго некалькі дзён, дапамагаў па гаспадарцы. Яна засмуцілася: «Значыць, мой дзед не герой?» А я знайшла інфармацыю, што ён ваяваў у дзеючай арміі і загінуў пад Кёнігсбергам! Жыццё аддаў за Радзіму!

Бывала і такое, што ў сям’і акрамя імя, імя па бацьку і прозвішча продка наогул нічога не ведалі. Галіна Бяляева садзілася за камп’ютар і адшуквала часам такія дакументы, якія сведчылі, што гэты чалавек быў выключнай мужнасці. Людзі, дзякуючы праекту, даведваліся пра падрабязнасці, якія цалкам мянялі іх уяўленні пра роднага чалавека і наогул пра вайну.

Хто сказаў, што подзвіг абавязкова павінен быць гучны? Ну ці не гераіня жанчына, якая перажыла вайну і захавала жыццё пяці сваім дзецям? І гэта нягледзячы на голад, холад, бамбёжкі. Вайна не ведае літасці ні да каго. Па сутнасці, усе беларусы, якія перажылі вайну, — героі. Нават дзеці. Яны далі жыццё мірнаму пакаленню. На жаль, вельмі часта сям’я ва ўяўленні сучасных падлеткаў абмяжоўваецца бацькамі, сёстрамі, братамі, дзядулямі і бабулямі — тымі, хто жыве побач. Але сям’я — гэта ўсе родныя, у тым ліку і тыя, што жылі раней. І пра іх таксама трэба ведаць, лічыць дэпутат.

Гэтыя веды пашыраюць межы такіх сакральных паняццяў, як Радзіма, Айчына. Пачынаеш разумець, што за імі стаіць не толькі канкрэтны населены пункт, дом, сям’я. Гэта яшчэ і продкі, якія жылі на гэтай зямлі і абаранялі яе.

— Нашы кнігі дапамагаюць успомніць пра гэта, — адзначае ініцыятар праекта. — Мы дагэтуль на сувязі з тымі, хто прыслаў нам свае гісторыі. Кніга пазнаёміла нас з людзьмі розных узростаў, сацыяльнага становішча. Шмат сям’яў узялося за аднаўленне біяграфій сваіх продкаў. Родныя, якія раней не мелі стасункаў, пачалі тэлефанаваць адзін аднаму. Наш праект аб’яднаў іх. У тым ліку і з дзецьмі. На прыкладзе сваіх продкаў яны цяпер ведаюць, якія подзвігі дзеля Радзімы здзяйснялі іх родныя ў 16 гадоў.

Работа па зборы гісторый працягваецца. Дэпутаты гарсавета, калі сустракаюцца з насельніцтвам, прапагандуюць праект. Да яго ўжо далучыліся жыхары іншых абласцей і нават краін далёкага замежжа.

Старшыня Магілёўскага гарсавета Максім Гурын, які асабіста прыклаў намаганні, каб знайсці спонсараў для выдання гэтых кніг, лічыць, што яны будуць запатрабаваныя.

— Тут і гісторыя, і патрыятызм, і сям’я — тое, што блізка любому, — кажа ён. — Героі кнігі не нейкія там вядомыя асобы, мы прымалі гісторыі ад усіх, хто хацеў расказаць пра сваю сям’ю. Некаторыя пісалі за сваіх бацькоў, дзядоў. Я таксама напісаў пра сваіх продкаў. Маці плакала, калі расказвала мне пра іх. Стаўка на школьнікаў рабілася невыпадкова. Яны пайшлі з пытаннямі да дарослых, тыя ў сваю чаргу — да сваіх родных, каб удакладніць інфармацыю. У першую кнігу ўвайшлі ў асноўным успаміны магіляўчан. Для другой збіралі гісторыі з усёй вобласці. Звярнуліся па дапамогу ў інстытут развіцця адукацыі, былі разасланы лісты ва ўсе ўстановы адукацыі, і шмат хто далучыўся. Тыраж выдання абмежаваны, але мы збіраемся алічбаваць гэтыя кнігі, каб да іх быў доступ у як мага большай колькасці людзей.

Між тым Галіна Бяляева працуе сёння яшчэ над адным выданнем для школьнікаў — па абароне Магілёва.

— Такога яшчэ не было, — запэўнівае яна. — Дзецям складана чытаць навуковыя працы, а я зрабіла матэрыял лаканічны і максімальна ілюстраваны. Інфармацыя будзе падавацца тэзісна. Закране падзеі з 22 чэрвеня 1941 года, калі пачалася вайна, і закончыцца 26 ліпеня гэтага ж года, калі заканчваецца абарона Магілёва. Усё там будзе ў QR-кодах. Калі я, напрыклад, пішу, што 24 чэрвеня быў надрукаваны ў газетах верш «Свяшчэнная вайна» — гімн абароны Айчыны, дзіця зможа навесці тэлефон на пазначаны тут QR-код, і песня загучыць. Па такой жа схеме будзе падавацца ўся інфармацыя. Кніга ўжо існуе ў чарнавіках — засталося вычытаць яе і перадаць на рэцэнзію кандыдатам навук па гісторыі і педагогіцы. Жадаю, каб адзнаку гэтай рабоце далі высокакампетэнтныя спецыялісты.

Дэпутат Галіна Бяляева зацікаўлівае школьнікаў тэмай вайны яшчэ і праз пошукавую дзейнасць. Дзякуючы ёй ў Магілёве пры абласным гісторыка-патрыятычным пошукавым клубе «Віккру» існуе пошукавы атрад «Т-34», які аб’яднаў школьнікаў сямі ўстаноў адукацыі горада. Цікавасць праяўляюць нават тыя маладыя людзі, якія ўжо закончылі школу. Яны працягваюць прыязджаць на пошукавыя вахты і працуюць побач з настаўніцай, якая калісьці натхніла іх на гэта. Галіна Бяляева пераканана, што выхаванне сваім прыкладам самае правільнае і дзейснае. Нездарма два яе сыны таксама ўдзельнічаюць у ваенных раскопках. Імкнуцца адпавядаць сваёй няўрымслівай маці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ