Калі натхненне мацуе талент

Фядосава, А. Калі натхненне мацуе талент / Аліна Фядосава // Культура. — 2022. — 23 ліпеня. — С. 11. 

Георгій Шотаевіч — таленавіты харэограф з выразным і непаўторным почыркам, яскравая творчая асоба, выдатны педагог, які па-сапраўднаму любіць сваю справу.

“ПЕСНЯРЫ”

Танцаваць ён любіў з дзяцінства. Выхадца са шматдзетнай грузінскай сям’і ўжо тады вельмі захапляла народная музыка, і не толькі грузінская, Асабліва ўразіла пласцінка з песнямі знакамітых “Песняроў”. Хто ведаў, што лёс знітуе Георгія з Беларуссю і яе культурай?

У 1979 годзе малады чалавек з’ехаў у Маскву, дзе стаў удзельнікам народнага харэаграфічнага ансамбля грузінскага танца “Калхіда”. Потым у войску служыў у ваенным ансамблі песні і танца супрацьпаветранай абароны савецкай сталіцы. У 1986-м скончыў Арлоўскі філіял Маскоўскага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Дзяржаўнага інстытута культуры па спецыяльнасці “кіраўнік самадзейнага харэаграфічнага калектыву”. I ўвесь тэты час, цягам дзевяці гадоў, працягваўсупрацоўнічаць з ансамблем “Калхіда”.

“ГЕЛАЦІ”

Вярнуўся на радзіму і ў 1990 годзе ў горадзе Кутаісі стварыў прафесійны народны ансамбль “Гелаці”, быў яго мастацкім кіраўніком. Гэты калектыў стаў даволі вядомы, шмат гастраляваў па свеце, у тым ліку і па Беларусь.

Адначасова Квасціані з’яўляўся артыстам Тэатра оперы і балета горада Кутаісі. Пазнаёміўся з Махмудам Эсамбаевым, пазней сустрэўся з ім на “Славянскім базары ў Віцсбску”, калі там выступаў ансамбль “Гелаці”.

“СУВЕНІР”

А пазней па запрашэнні пераехаў у Беларусь. Пачынаў працаваць балетмайстрам у Магілёўскай абласной філармоніі, уваходзіў у склад рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі па рабоце з аматарскімі калектывамі мастацкай творчасці ад Магілёўскай вобласці. 3 1997 года — у Палацы культуры вобласці, дзе стварыў яскравы і самабытны харэаграфічны ансамбль “Сувенір”.

Разам з Георгіем Шотаевічам працуе і яго жонка Марына Аркадзеўна. Яна — балетмайстар гэтага калектыву, душа і сэрца ансамбля. 3 ёй творца пазнаёміўся падчас вучобы ў інстытуце. Як кажа Георгій Шотаевіч: “Я вельмі рады, што яна са мной працуе. Заўсёды падтрымае, падкажа, выкажа заўвагі”. Разам яны выкладалі ў Магілёўскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Аркадзя Куляшова, вучылі сваіх студэнтаў, выхавалі і падрыхтавалі не адно пакаленне будучых артыстаў.

У 2010 годзе за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адора-ных навучэнцаў і студэнтаў па выніках 2008/2009 вучэбнага года дацэнт кафедры музычнага выхавання і харэаграфіі Квасціані быў уганараваны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

ПОШУКІ

Георгій Квасціані з’яўляўся галоўным балетмайстрам-пастаноўшчыкам рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў працаўнікоў сяла “Дажынкі”, Дзён беларускага пісьменства, якія адбываліся ў Магілёўскай вобласці, Міжнароднага фестывалю “Залаты шлягер у Магілёве” і шматлікіх іншых міжнародных, абласных, гарадскіх культурных мерапрыемстваў і творчых праектаў.

Харэаграфічныя пастаноўкі Георгія Шотаевіча адрозніваюцца арыгінальнасцю, наватарствам, высокім мастацкім густам. Ён сцвярджае свой кірунак у харэаграфіі, заснаваны на высокіх традыцыях мастацтва танца розных народаў свету, прывучае да гэтага моладзь. Яго рэпетыцыі — гэтае сапраўднае ўвасабленне культуры і інтэлігентнасці. Такіх асоб называюць “цэльная натура”. Строгасць і патрабавальнасць дзіўным чынам спалучаюцца і заўжды прыносяць плён.

26 ГАДОЎ СЛУЖЭННЯ БЕЛАРУСІ

Георгій Квасціані пабываў у многіх мясцінах, але наша краіна прыцягнула яго раз і назаўжды. Цягам 26 гадоў харэограф жыве ў Магілёве, а Беларусь лічыць другой радзімай.

Натхненне — гэта бясцэнны падарунак, які даецца чалавеку для рэалізацыі творчых магчы-масцей. Галоўнае не даць яму загаснуць. Тады натхненне мацуе талент. Яго Георгій Шотаевіч дорыць людзям.

Аліна ФЯДОСАВА