Зігуля, Н. Камфорт і імідж : Магілёў далучыўся да лічбавай экасістэмы «Наш горад» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 12 лістапада. — С. 10.
Магілёў далучыўся да лічбавай экасістэмы «Наш горад»
Такое пагадненне падпісаў сёння мэр Магілёва Аляксандр Студнеў і генеральны дырэктар «Белтэлекама» Юрый Петручэня. Магілёў стаў першым абласным цэнтрам і другім горадам у Магілёўскай вобласці пасля Бабруйска, які задзейнічаны ў гэтай платформе. Праект «Наш горад» ужо рэалізаваны ў 12 гарадах Беларусі і яшчэ ў 12 знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі.
— Праект уяўляе цікавасць у першаю чаргу для насельніцтва, — заўважыў кіраўнік «Белтэлекама». — Прыемна, што Магілёў далучыўся да яго, не сумняваюся, што жыхары хутка адчуюць усю карысць ад гэтай праграмы. У ёй знаходзяцца ўсе прадпрыемствы, уся інфраструктура — гэта істотна аблягчае жыццё чалавека.
Пры падпісанні пагаднення былі адзначылі асноўныя кірункі далейшага супрацоўніцтва. «Белтэлекам» распрацаваў новы від кампетэнцый і будзе будаваць у краіне сетку электразаправак, у тым ліку ў Магілёве. Прынятае рашэнне аб выдзяленні трох пляцовак для будаўніцтва электразаправак.
— Сёння такая паслуга не раскоша, а неабходнасць, — падкрэсліў Аляксандр Студнеў. — Наш крок з «Белтэлекамам» — гэта пашырэнне магчымасцяў і стасункаў як для саміх гараджан, так і для гасцей горада. Мы раскрываем свой патэнцыял, дэманструем тую прадукцыю, якую выпускаюць нашы прадпрыемствы. Гэта выгадна наогул усім, хто будзе падключаны да гэтай платформы — грамадскаму харчаванню, сістэмам адукацыі, аховы здароўя. У Бабруйску гэта праграма была запушчана на месяц раней і я ўжо паспеў адчуць на сабе ўсе яго перавагі. Платформа дае таксама магчымасць зайсці ва ўсе нашы праблемныя месцы і папярэдзіць пытанні гараджан, пачынаючы ад гульнявых пляцовак, заканчваючы вывазам бытавога смецця. Яна дазваляе паспяхова кіраваць вулічнай гаспадаркай, у прыватнасці асвятленнем, кантраляваць нашу камунальную галіну. Сфера дастаткова шырокая, важна сёння напоўніць яе. Я думаю, кожнаму будзе цікава трапіць у гэтую сістэму, бо гэта як той тэлефон, па якім мы чытаем навіны, адсочваем, што адбываецца ў свеце. Сёння важна паспець заявіць пра сябе. І чым больш гарадоў будзе задзейнічана ў гэтай платформе, тым больш будуць нашы магчымасці даведацца, што адбываецца не толькі ў родным горадзе, але і ў іншых. Гэта камфорт і будучае.
Мэр горада паабяцаў, што на працягу лістапада будуць вырашаны ўсе арганізацыйныя моманты з запускам гэтай праграмы.
Распрацоўшчыкі абяцаюць, што інтэлектуальны прадукт па парадак зробіць наша жыццё камфортным і мабільным. З дапамогай яго будзе не складана ў чужым горадзе забраніраваць месца ў гасцініцы, заказаць вячэру ў рэстаране і гэтак далей . Для канкрэтнага прадпрыемства або населенага пункта гэта магчымасць прабрэндзірваць свае тавары і паслугі, паведаміць пра навінкі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара