Бунцэвіч, Н. Грошай замнога не бывае / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2022. — 12 лістапада. — С. 9.
29—30 кастрычніка ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры з’явіліся “Шалёныя грошы”. Менавіта такія, у двукоссях, бо гэта ўсяго толькі пастаноўка паводле п’есы Аляксандра Астроўскага.
Тым не менш пакладзенае ў назву словазлучэнне ўсё роўна дарэчнае. Папраўдзе шалёным аказаўся тэрмін падрыхтоўкі прэм’еры — усяго месяц, прычым на два склады акцёраў. Ну а грошы на пастаноўку, калі і выяўлялі сваё шаленства, дык выключна ў тым, што ўцякалі адпаведнымі тэмпамі: каштарыс, як водзіцца, з самага пачатку быў маленькім. Яго не хапіла, каб запрасіць рэжысёра, як планавалася, і спектакль ствараўся сваімі сіламі. Але тое, што зрабіла ў выніку малады рэжысёр Каміля Хусаінава, якая апошнім часам таксама выконвае абавязкі галоўнага рэжысёра тэатра, каштуе куды больш, чым проста грошы. І справа зусім не ў эпітэтах, надрукаваных у праграмцы і анонсах: “неардынарны погляд”, “экстравагантнае рашэнне прасторы”, жанр prank comedy. Насамрэч, закручанае жанравае азначэнне (у дадзеным выпадку звязанае з розыгрышам), “распранутая” да цагляных муроў сцэна з непрыхаванымі трубамі, трубкі неонавага асвятлення і тым больш перанос дзеяння ў сучаснасць — даволі распаўсюджаныя ў сучасным тэатры прыёмы. Нашмат важней, што згаданае асучасніванне прыводзіць да пераасэнсавання некаторых дэталяў.
Не асабліва змяняючы тэкст, праз пастаўленыя мізансцэны рэжысёр перайначвае сутнасць п’есы. Замест па-класіцысцку аптымістычнага фіналу ўзнікае іншы — больш трагедыйны, дзе ўсё вяртаецца на ранейшыя рэйкі. Сапраўды, сёння мала хто паверыць, што Лідачка (Марыя Рудакова ці ў іншым складзе Ангеліна Цімаховіч), пагадзіўшыся папрацаваць аканомкай пад кіраўніцтвам маці Васількова, раптоўна навучыцца цаніць грошы і, магчыма, сумее тым самым нанова заваяваць сэрца цяпер ужо былога мужа. У спектаклі гераіня толькі робіць выгляд, што прымае рашэнне Васількова (Дзмітрый Дудкевіч). Насамрэч жа працягвае жорсткія гульні. Паклаўшы паперу яму на спіну, яна быццам ставіць свой подпіс. Але мужчына паварочваецца, і на прышпіленым да пінжака лісце бачныя вялізныя літары: “Лох”. Гэты прыгавор Лідачка выносіла правінцыйнаму закаханаму раней, ледзь з ім пазнаёміўшыся, і цяпер яна замацоўвае сваю пазіцыю. Замест замілавання, што ўсё скончылася даволі добра для ўсіх, узнікае іранічная ўсмешка, якая правакуе гледача на роздум: як усё складзецца надалей? ці магчыма тут нейкае выйсце?
Нягледзячы на працягласць (крыху больш за дзве з паловай гадзіны), пастаноўка ўспрымаецца на адным дыханні. Дапамагаюць і добры тэмпарытм, і ўвядзенне рухавай масоўкі, у якой удзельнічаюць маладыя спецыялісты — сёлетнія выпускнікі Магілёўскага каледжа мастацтваў, і інтэрактыўныя праходкі артыстаў праз залу, і ўкрапванне ў дзею роставых лялек, што разраджаюць атмасферу і надаюць відовішчнасці. Вялікі візуальны кантраст створаны пачаткам трэцяй дзеі. Пры апушчанай заслоне на авансцэну выносяць табурэт, на які па чарзе садзяцца героі, каб зачытаць свае маналогі — атрымліваецца кінематаграфічны эфект буйнога кадра. Постаць Васількова ўзрастае да высокага трагізму, сапраўдную асабістую катастрофу адчувае раней бесклапотны Цяляцеў (Вадзім Арціменя ці Аляксандр Куляшоў). Адно Глумаў (Максім Чарнюк ці… Алена Крыванос) маляўніча прымае то адну, то другую паставу, бы на фотасесіі.
Спектакль прызначаны для дарослых, хаця ў ім няма нічога, што было б незразумела ці магло б дрэнна паўплываць на псіхіку падлеткаў: пастаноўку належала б рэкамендаваць гледачам ад 14 гадоў. З гэтага ўзросту тэма грошай і эгацэнтрычнага жадання “ні ў чым сабе не адмаўляць” становіцца найбольш актуальнай. На тынэйджараў скіравана і агульная плакатнасць у данясенні галоўнай ідэі, уласцівая многім п’есам Астроўскага з іх класіцысцкім пасылам. Між тым сучаснасць аказваецца крыху спозненай. Пісталет у руках правінцыйнага “бізнесмена” Васількова, спалучэнне ў сцэнічных строях скуры з мехам і таўшчэзнымі ланцугамі ад шыі да пупа ў тых жа тусоўшчыкаў, імкненне да бляску стразаў не толькі на жаночым міні, але і на нагавіцах Кучумава (Аляксей Цыбін) больш асацыіруюцца з 1990-мі, якія цяперашняя моладзь не заспела.
Адмоўныя персанажы вырашаюцца пераважна парадыйна. Ніштаватай атрымліваецца хіба толькі Чабаксарава, якой артыстка Наталля Калакустава надае лірычных адценняў: у пэўны момант нават здаецца, што гераіня сімпатызуе Васількову ды дбае пра шчасце дачкі. Адсюль вынікае яшчэ адна тэма — бацькоў і дзяцей: маўляў, у беднай маці такая дачка, якая ў рэшце рэшт дрэнна ўплывае на саму жанчыну. Магчыма, падобная больш аб’ёмная, неадназначная трактоўка п’есы яшчэ ўзнікне, бо звычайна спектакль выспявае не на прэм’еры і тым больш не на перадпаказе, а пазней.
Але ўжо сёння можна заўважыць, наколькі розныя артысты занятыя ў розных складах— аж да жаночага выканання мужчынскай ролі. І кожны малюе ўласнага персанажа па-свойму. Таму глядзіце і параўноўвайце! А ў тым, што спектакль будзе карыстацца попытам публікі, сумневу няма.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Наталлі ШАРАЕВАЙ, прадастаўлена тэатрам