Універсальныя падыходы

Сінькевіч, Г. Універсальныя падыходы / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 31 студзеня. — С. 5. 

Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі ў абласцях праходзяць круглыя сталы па абмеркаванні функцыянавання арганізацый, якія ажыццяўляюць навукова-­метадычнае забеспячэнне адукацыі на рэгіянальным узроўні. Надоечы гэтую тэму разгледзелі кіруючыя работнікі сферы адукацыі Магілёўшчыны.

Удзельнікамі пасяджэння сталі начальнікі аддзелаў па адукацыі гар- і райвыканкамаў і загадчыкі раённых вучэбна-метадычных кабінетаў. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі міністр адукацыі Андрэй Іванец, старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. У ходзе работы ў асобных групах і сумесна разглядаліся ключавыя функцыянальныя напрамкі дзейнасці ВМК, ІРА, аддзелаў па адукацыі.

— На абмеркаванні знаходзяцца дастаткова сур’ёзныя пытанні, асноўныя з пункту гледжання функцыянавання сістэмы адукацыі на месцах — у раёнах і абласцях. Раённыя аддзелы па адукацыі і РВМК, рэгіянальныя ІРА, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі павінны выконваць навуковаметадычнае і арганізацыйнае забеспячэнне ўсёй сферы адукацыі. Зараз нам трэба адкрыта ацаніць свае магчымасці, улічваючы штатны расклад. Відавочна, што ў сучасных умовах патрэбны карэкціроўкі функцыяналу, які выконваюць усе нашы арганізацыйныя структуры, — адзначыў Андрэй Іванец.