Выпрабаванне часам, або Пяць пытанняў да паэмы Алеся Казекі «Марыйка»

Кісель, А. Выпрабаванне часам, або Пяць пытанняў да паэмы Алеся Казекі «Марыйка» / Алена Кісель // Літаратура і мастацтва. — 2023. — 10 лютага. — С. 6.

Ужо колькі разоў беларускія літаратары адзначалі, што ў нас нестае добрай крытыкі. А добрая крытыка ва ўяўленні сучаснага аматара беларускай літаратуры — гэта не толькі актуальная, грунтоўная і з доказамі, але і — вострая і здольная задаваць пісьменніку дыскамфортныя пытанні. Бо занадта часта крытыка атрымліваецца залішне мяккай ці ўвогуле кампліментарнай. У пэўнай ступені прычына гэтага ў тым, што і самому крытыку больш прыемна даследаваць твор, які падабаецца. А вось мець справы з майстрам слова, які раззлаваны тваёй аб’ектыўнай рэцэнзіяй, падабаецца не ўсім. 


Але час ад часу ставіць вострыя пытанні да любога твора бывае і цікава, і карысна. Хаця б для таго, каб зразумець: ці вытрымае гэты твор іспыт рэальнай крытыкай.

У паэмы «Марыйка» магілёўскага паэта Алеся Казекі, здаецца, ёсць усё, каб зрабіцца выбітным творам сучаснай беларускай паэзіі. Ваенная тэматыка. Пранізлівая гісторыя дзяўчынкі са спаленай вёскі Боркі, глыбока асабістая і для паэта (бо ў агні загінулі яго блізкія родзічы). Мастацкасць, дзякуючы якой «Марыйку» выкарыстоўваюць для тэатралізаваных пастановак…

На паэму напісана дастаткова пазітыўных рэцэнзій. Дык паспрабуем пагуляць у строгіх крытыкаў і зададзім пяць сур’ёзных пытанняў.

Пытанне першае. Паэма пра спаленую вёску цяпер? Няўжо пра гэта яшчэ напісана не ўсё? Ваенная тэма ледзь не самая распаўсюджаная ў беларускай літаратуры, і песень ды вершаў пра Хатынь напісаны не адзін тузін. 

Выдатны аналіз літаратуры па тэме калісьці правёў Сяргей Украінка ў сваёй рэцэнзіі «Знітаванасць». Ён згадаў і дакументальныя творы, накшталт «Я з вогненнай вёскі», і вершы, і празаічныя мастацкія творы, у якіх узнімаецца тэма спаленых фашыстамі вёсак. І адразу можна ўбачыць, што паэм у аглядзе толькі дзве: «Хатынскі снег» Генадзя Бураўкіна і «Прыстань» Генадзя Кляўко. Аднак з моманту напісання гэтых твораў прайшло ўжо нямала часу. Ды яны і адрозніваюцца ад «Марыйкі» Алеся Казекі інтанацыяй, накіраванасцю.

Напрыклад, у паэме «Хатынскі снег» аўтар паказвае катавання жыхароў Хатыні. Ён акунае чытачоў у жах спаленай вёскі:

І карнікі глядзелі вачамі пустымі, 

Як ашалелы кот па вуліцы бег, 

Як ляжаў не таючы ў Хатыні 

Чырвоны снег.

Інтанацыя паэмы Алеся Казекі больш інтымная, у цэнтры ўвагі — не агульнае відовішча вёскі, якая гіне, а асобныя лёсы жыхароў — простых, блізкіх чытачу. Жах даўняй трагедыі перадаецца іншымі спосабамі. Псіхалагізм, увага да дэталяў, жаль да кожнага чалавека, які быў скатаваны ў той дзень, — вось на чым паэт будуе свой твор. Паэма знітоўвае мінулае і сучаснае, жывых і мёртвых:

Хоць не быў я на гэтай вайне,

Не гарэў, скатаваны, у хаце,

Ды, відаць, гэты боль да мяне

З малаком перадаўся ад маці.

Пытанне другое. Атрымліваецца, што аўтар будуе паэтычны твор на ўспамінах сваёй маці, на расповедах сведкаў трагедыі. Ці дарэчная гэткая дакументальнасць, калі гаворка ідзе пра паэтычны твор? 

Жывыя ўспаміны, лёс сапраўдных людзей — напэўна, найлепшае, што можна пакласці ў аснову твора. Гэта дадатковы эмацыянальны штуршок для аўтара — калі ён не проста расказвае гісторыю, але гаворыць пра тое, што зрабілася часткай яго жыцця. Мы ведаем, колькі выдатных мастацкіх твораў (і паэтычных, у тым ліку) заснавана на рэальных падзеях і, больш за тое, рэальных успамінах аўтара. Калі мастак звяртаецца да таго, што не трэба прыдумваць, таму што яно стаіць перад вачыма, — ці ж гэта не добра?

Зрэшты, пры стварэнні твора па рэальных падзеях больш важна, як гэтыя падзеі ўліваюцца ў творчую канву. Бывае так, што ўсё месца ў творы «захопліваецца» перажываннямі аўтара, які робіцца і апавядальнікам, і асноўным лірычным персанажам. І чытач замест гісторыі бачыць толькі бясконцае «я» пісьменніка — яго разважанні, успаміны… І вось гэткая падача ўспрымаецца чытачом як нешта нязручнае і празмерна інтымнае.

Але ж гэта не пра паэму Алеся Казекі. Аўтар не перабольшвае ні з дакументальнасцю, ні з інтымнасцю, тэкст добра збалансаваны. У паэме знаходзіцца месца і для гісторыі дзяўчынкі Марыйкі, і для адлюстравання трагедыі спаленай вёскі, і для перажыванняў лірычнага апавядальніка, і для мастацкага ўзнёслага абагульнення.

Пытанне трэцяе. Падзеі ў вёсцы Боркі — трагедыя Магілёўскай вобласці. Мемарыял у ёй прысвечаны спаленым вёскам менавіта Магілёўшчыны (у адрозненне ад Хатынскага мемарыяла, прысвечанага ўсім вёскам, спаленым разам з жыхарамі). Ці не робіць гэта паэму залішне «вузкай» па тэматыцы? Ці нельга ў такім разе абвінаваціць аўтара ў «местачковасці»? 

Абвінавачваць аўтара і твор у местачковасці — тое, што асабліва любяць літаратурныя крытыкі. Калі б маглі, напэўна, абвінавацілі ў гэтым кожнага, хто не пачынае свой твор з усебеларускага «Радзіма мая дарагая!». Абвінавачванні ў местачковасці атрымалі ў свой час столькі класікаў, што гэта ўжо можа разглядацца як нейкая літаратурная адзнака якасці твора.

Але ж спадары крытыкі залішне часта не разумеюць, што гэтая самая «местачковасць» азначае. На іх думку, гэта засяроджванне на чымсьці асабістым, гісторыя, якая не мае вялікага маштабу, не мае мастацкай вартасці. Праблема ў тым, што недарэчныя крытыкі не ўспамінаюць пра тры словы, якія скасоўваюць «местачковасць» твора: тыпізацыя, абагульненне, сімвал.

Прасцей кажучы, калі аўтар вядзе размову пра свае сям’ю, суседзяў і сабаку — гэты твор местачковы. Калі аўтар у мастацкай манеры на прыкладзе сям’і, суседзяў і сабакі паказвае жыццё тыповых жыхароў таго часу — местачковасць ужо змяншаецца. Калі аўтар (пры дапамозе паэтычных сродкаў) робіць абагульненне і пачынае размову ўжо пра час і пра ўсю сваю зямлю — колькасць местачковасці змяншаецца яшчэ. А калі нечы лёс робіцца ў мастацкім творы сімвалам эпохі, яе вобразам — пра местачковасць гаварыць увогуле не даводзіцца.

А ў паэме Алеся Казекі мы сустракаемся менавіта з гэтай ступенню мастацкага абагульнення. Так, менавіта Хатынь зрабілася сімвалам усіх спаленых вёсак Беларусі. І… гэта азначае, што сімвал паэтычны можа быць толькі «хатынскім»? У мастацкім творы аўтар не можа выкарыстоўваць іншыя сімвалы?

У паэме «Марыйка» мы бачым тыповыя трагедыі вясковых жыхароў, закатаваных фашыстамі. Пры гэтым аўтар робіць у тэксце мастацкае абагульненне і вядзе размову не толькі пра адну спаленую вёску менавіта ў Магілёўскай вобласці, але і пра ўсе спаленыя падчас вайны вёскі. І лёс Борак робіцца сімвалам не толькі беларускіх зруйнаваных вёсак, але і ўвогуле ўсіх вёсак, што былі знішчаны з іх жыхарамі.

Пытанне чацвёртае. Стыль паэмы залішне просты: яна напісана класічным вершам, аўтар відавочна не ставіў мэту ўнесці нешта новае ў паэзію. Ці нармальна гэта для сучаснай літаратуры? 

А. Твардоўскі ўспамінаў, што намагаўся спачатку пісаць модную паэзію — складаную і таямнічую. Але ж неяк стварыў такое, што нават сам не зразумеў. І пасля пісаў ужо выключна так, каб у аснове ляжала жывая мова.

Гэта не зусім пра тое, што не трэба ўносіць нешта новае ў паэзію, эксперыментаваць з формай. Мы памятаем, напрыклад, прыгажосць сінтаксічных пабудоў у паэме Р. Раждзественскага «Рэквіем». Гэта — пра тое, што кожны аўтар сам выбірае той стыль, які больш адпавядае яго жаданням і мэтам.

Метафарычны, вытанчаны, арыгінальны стыль там, дзе аўтар імкнецца перш за ўсё парадніцца з чытачом і мінулым, павесці шчыры расповед, мог бы сапсаваць настрой паэмы. У якой, да таго ж, расказваецца гісторыя простай вясковай дзяўчынкі.

Паэт выкарыстоўвае якраз сродкі, патрэбныя для стварэння ўласных, непаўторных мастацкіх вобразаў. Яны лаканічныя, пазнавальныя і выключна моцныя:

Тут ахвяры мінулай вайны

Неадлучна стаяць на пагорку.

Аўтар уключае ў свой вершаваны аповед дыялогі і думкі, уважлівы да дэталяў, ужывае рэфрэны і звароты, трапныя, разгорнутыя, «смачныя» метафары:

Ад пустынь да паўночных снягоў

Свет абняты святлом аднаўлення,

І салоўка — псаломшчык яго —

Зноў спявае жыццю бласлаўленне.

Яму з высі туруе жаўрук,

На званочках спаўняючы трэбы.

І, як тысячы сплеценых рук, —

Прамяні ад зямлі і ад неба…

Пытанне пятае. Ці будзе паэма «Марыйка» цікавай сучаснаму чытачу? І што яна можа даць? І каго можа зацікавіць? Ці будзе карыснай для маладога пакалення? 

Як вядома, сучасніка чытача, асабліва маладога, здзівіць і ўразіць няпроста. І апісанне ваенных жахаў, і высокі пафас — ці не бачыў чытач шмат разоў? У творах пра вайну дастаткова і жахаў, і маляўнічых жорсткіх дэталяў, і пафасу. А гэта значыць, што паэма павінна прапанаваць нешта новае.

Асабістая драма, трагедыя раз’яднаных сямей і пачуццё страты наўрад ці зможа падацца нечым новым. Таму што і гэта чытач ужо бачыў у шматлікіх ваенных творах, якія даўно зрабіліся класікай. Але ж у паэме «Марыйка» таксама выразна гучыць адчуванне з’яднанасці з мінулым, немагчымасці адвярнуцца ад сваёй гісторыі. І — што яшчэ больш важна — у ёй гучаць матывы пераадолення смерці і трагедыі. Паэт не толькі расказвае аб тым, што некалі здарылася і пераконвае ў неабходнасці памяці аб ахвярах вайны. Ён адказвае на пытанне, як жыць з гэтай памяццю. Паэма — спроба аўтара паглядзець на вайну вачыма сучаснага чалавека. І — праз успаміны, горыч і боль — знайсці шлях да святла. Шлях да Бога — бо менавіта такі адказ праходзіць скрозь радкі паэмы і на пытанне Марыйкі: дзе знайсці сілы, каб перажыць гора? І на пытанне лірычнага апавядальніка. Вера, святло, вечны шлях да нябёсаў — тое, што знітоўвае мінулае і сучаснае ў паэме Алеся Казекі:

Ойча наш!

І на сэрцы цяплее,

І малітва мацнее ў душы,

І заранак жыцця палымнее,

І зліваюцца ў Слове надзеі:

Божа, Людзі Твая зберажы!

І менавіта раскрыццём гэтага шляху — ад смерці да жыцця, ад зямлі да нябёсаў, ад цемры да святла — паэма «Марыйка» і можа, як мне здаецца, зацікавіць чытача сучаснага. І паэма цікавіць сучаснага чытача. Пры тым як маладога, так і сталага. У гэтым можа пераканацца любы: слёзы не могуць стрымаць вучні падчас чытання паэмы ўслых, як і гледачы — падчас выканання тэатралізаванай пастаноўкі.

Пытанне ж пра карысць паэмы і ўвогуле здаецца дзіўным. Як-ніяк размова ідзе пра твор, скіраванасць якога на патрыятызм безумоўная.

Такім чынам, паэма Алеся Казекі «Марыйка» здольна даць паспяховыя адказы на даволі складаныя пытанні. Што гэта можа азначаць? Па-першае, што крытыку не трэба саромецца, калі ён ставіць гэткія пытанні да твораў. Бо сур’ёзны аналіз можа быць цікавейшым і глыбейшым, чым крытыка звычайная, сучасная, далікатнага тыпу. Па-другое — што паэма «Марыйка» можа вытрымаць выпрабаванне сур’ёзным аналізам. А гэта, безумоўна, прыкмета таго, што перад намі твор, які зможа вытрымаць і выпрабаванне часам.

Алена КІСЕЛЬ