Алісеева, Н. Творчае ўзаемадзеянне / Наталля Алісеева // Настаўніцкая газета. — 2023. — 31 студзеня. — С. 10.
Тры гады назад быў падпісаны дагавор аб міжнародным супрацоўніцтве ў сферы культуры паміж Магілёўскай гімназіяй-каледжам мастацтваў імя Я.Глебава і Тульскім музычным каледжам імя А.С.Даргамыжскага. З таго часу абедзве навучальныя ўстановы знаходзяцца ў творчым узаемадзеянні. Навучэнцы і педагогі прымаюць удзел у сумесных выканальніцкіх конкурсах, навуковых канферэнцыях, цікавых сустрэчах.
Надоечы калегі з Тулы прыбылі да нас у Магілёў. Праграма візіту атрымалася максімальна насычанай: удзел у канцэртах, абмен вопытам па эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу, абмеркаванне будучых сумесных праектаў. Адным з найбольш яскравых момантаў стаў удзел тульскіх навучэнцаў у дабрачынным канцэрце “Гімназія-каледж збірае сяброў”. Для магілёўскіх гледачоў выступілі інструментальна-джазавы ансамбль “Дуэндэ”, салістка ансамбля Сабіна Міхайлава і тульскі гарманіст-віртуоз Данііл Юдзін. Яны настолькі спадабаліся публіцы, што было вырашана арганізаваць яшчэ і сольныя выступленні гасцей.
Так адбыўся дзівосны канцэрт-эксперымент, дзе джаз арганічна спалучаўся з тульскім гармонікам, гарачыя імправізацыйныя сола — з народнымі рускімі найгрышамі. Адметнасцю праграмы стаў сумесны нумар тульскага ансамбля “Дуэн-дэ” і магілёўскага Rastrub band. Вучні сустрэліся толькі напярэдадні, сумесная рэпетыцыя заняла ўсяго каля гадзіны, а на сцэне быў сапраўдны зладжаны калектыў, дзе ўсе разумелі адно аднаго і віртуозна імправізавалі кожны на сваім інструменце.
Важным дасягненнем візіту стала дамоўленасць аб удзеле тульскіх навучэнцаў у Міжна-родным конкурсе выканаўцаў на баяне і акардэоне “Магілёўскія найгрышы” які арганізуе гімназія-каледж. Плануецца прыезд творчага калектыву з Тулы і для ўдзелу ў фестывалі “Дні магілёўскага баяна і акардэона”. У сваю чаргу магілёўскія навучэнцы атрымалі запрашэнне на Усерасійскі конкурс вакалістаў імя А.С.Даргамыжскага, які праводзіцца ў Туле.
Наталля АЛІСЕЕВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыкла Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава.