Стагадовы юбілей

Сінькевіч, Г. Стагадовы юбілей / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 4 студзеня. — С. 8. 

Такую адметную жыццёвую дату адзначыла надоечы ветэран педагагічнай працы з Магілёва Валянціна Паўлаўна Нізаўцова.

Старонкі біяграфіі Валянціны Паўлаўны ўражваюць. За сваё жыццё яна прайшла нямала выпрабаванняў. Чаго вартыя толькі гады ваеннага ліхалецця. Вялікую Айчынную яна сустрэла юнай дзяўчынай, якая толькі скончыла школу і марыла паступіць у педінстытут. Аднак надзеі на светлую будучыню перакрэсліла вайна.

Па ўспамінах Валянціны Нізаўцовай, пасля гэтай весткі быццам сонца змеркла. Яе бацьку забралі на фронт, а родную вёску засялілі немцы. Было вельмі цяжка, але Валянціна Паўлаўна не проста спраўлялася, а ўсімі сіламі ўдзельнічала ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. Яна стала сувязной 121-га партызанскага атрада імя Асмана Касаева. Заданні выконвала розныя. Праяўляючы не дзявоцкую мужнасць і адвагу, перапраўляла вызваленых ваеннапалонных, передавала партызанам сакрэтныя дакументы, перавязачныя матэрыялы, медыкаменты. Тройчы Валянціна Паўлаўна трапляла пад арышт, перажывала катаванні, але вызвалялася з лап гестапаўцаў.

— Пасля трэцяга арышту камандзір атрада забараніў мне выходзіць у горад. Дапамагаць партызанам сталі маці і малодшая сястра. Тады ж мы даведаліся пра лёс гэты. Ён аказаўся ў лагеры ваеннапалонных у Гомельскай вобласці. Мамачка пайшла туды пешшу. У момант іх сустрэчы тата ўжо быў моцна хворы і памёр у мамы на руках, — горка ўздыхае ветэран.

Пасля Валянціну Нізаўцову з сям’ёй пераправілі ў партызанскую зону ў вёсцы Фашчаўка. Там яна перапісвала планы баявых дзеянняў партызан для камандзіраў — так і выжыла, сустрэла доўгачаканую вестку аб Перамозе. За партызанскую дзейнасць Валянціна Паўлаўна была ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалём «Партызану Айчыннай вайны» І памятным знакам «Партызан Беларусі».

«Калі краіну вызвалілі, нарэшце паступіла ў Магілёўскі педінстытут. Хаця ўжо і не спадзявалася. Пайшла на экзамены за кампанію з аднакласнікамі, а потым знайшла ў спісе залічаных у студэнты сваё прозвішча. Калі паведаміла маме, яна плакала ад радасці», — расказала Валянціна Паўлаўна.

Педагогіцы яна прысвяціла больш за чатыры дзесяцігоддзі. Выкладала рускую мову і літаратуру ў школе вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна і вельмі любіла сваю справу. Акрамя ўрокаў, арганізоўвала для вучняў тэатралізаваныя і літаратурныя гурткі, цікавыя мерапрыемствы. Імкнулася выхоўваць дзяцей дастойнымі грамадзянамі, сапраўднымі патрыётамі. Наогул, працавала заўсёды вельмі самааддана, адрознівалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй, усім старалася дапамагаць. Цішоўскую школу даўно аптымізавалі, а навучэнцы і зараз памятаюць любімую настаўніцу.

…Свой стагадовы юбілей Валянціна Нізаўцова сустрэла разам з роднымі і блізкімі. Са значнай датай яе павіншавалі так-сама прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады. Жывая сведка гісторыі, Валянціна Паўлаўна ўсё сваё жыццё арыентуецца на самыя простыя ісціны — плённа працаваць, любіць і паважаць людзей, радавацца кожнаму дню. Магчыма, менавіта ў гэтым і заключаецца сакрэт яе даўгалецця?