Магілёўская школа беларускага пiсьменства

Магілёўская школа беларускага пiсьменства / публiкацыю падрыхтаваў Вiктар Арцем’еў // Веснiк Магiлёва. — 2016. — 23 марта. — С. 21.

У 1974-81 гадах паэт Аляксей Пысін узначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР. Ён так наладзіў выхаванне літаратурнай моладзі, што да яго за парадай ішлі нават з Гомеля і Віцебска. Праз пысінскую школу беларускага пісьменства прайшлі дзясяткі беларускіх паэтаў і празаікаў. Некаторыя з іх узняліся на вяршыню беларускага Парнаса, а Змітрок Марозаў стаў першапраходцам, калі першым у свеце склаў вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы».

У аўтабіяграфіі «Перажытае» Аляксей Васільевіч разважаў: «Цяпер, ужо ў сталых гадах, думаю: як важна пачынаючаму паэту хутчэй стаць на правільны шлях! Тым, хто ідзе ў літаратуру, павінны падаць руку старэйшыя пісьменнікі, прызнаныя майстры, бо вельмі цяжка расці самапасам. Мы помнім крытычныя артыкулы, рэцэнзіі Міхаіла Ісакоўскага, Мікалая Асеева, Іллі Сельвінскага і многіх славутых рускіх паэтаў на вершы маладых. А ў нас часцяком агляд вершаў пачынаючых робяць такія жпачынаючыя, рэцэнзіі на кнігі маладых пішуць такiя ж маладыя».

У 1980-х гадах па просьбе Еўдакіі Сямёнаўны, удавы паэта, мне давялося перагартаць рэшткі ягонага архіву. Напаткаў некалькі копій занатовак паэта ў Праўленне Саюза пісьменнікаў БССР, а таксама ў газеты пра работу з маладымі творцамі. Захаваліся яны без аніякай  сістэмы і храналогіі. Ён іх проста пакінуў: авось спатрэбяцца некалі. Яны прыцягнулі маю ўвагу. I я іх усе адклаў у асобную папку і прынёс дамоў.

Праз пэўны час пачаў грунтоўна працаваць з гэтымі паперамі. Прывёў іх у сістэму — спачатку па датах, а потым і па жанрах. Падрыхтаваў да друку 55 нататак. Мне было легка i нават прыемна працаваць, бо на значнай частцы праведзеных літаратурных вечароу я прысутнічаў асабіста, а ў некапькіх нават прымаў удзел у падрыхтоўцы. Пра астатнія Аляксей Васільевіч кожны раз пасля правядзення семінара ці вечара дзяліўся са мной уражаннямі. Але гэтым скарбам вопыту работы з маладымі творцамі ні ў Магілёве, ні ў Мінску ніхто не зацікавіўся. Тады я зрабіў нататкі ў газету «Літаратура і мастацтва», а ў 2015 годзе змясціў у кнізе «Пісьменнікі і кнігі» нарыс «Дапамагайце талентам». Пысінскія паперы я перадаў у мемарыяльны літаратурны музей Пысіна ў Палужскай школе.

Літаратурная старонкаў «Магілёўскай праўдзе» пры жыцці Пысіна друкавалася памерам А-2 — дзве старонкі «Весніка Магілёва».

Істотна адрозніваюцца ад пысінскіх і сённяшнія літаратурныя вечары. Іх праводзяць у школах, каледжах, бібліятэках — у невялічкім памяшканнi з абмежаванай колькасцю слухачоў  — звычайна іх два-тры дзясяткі. А раней жа ў прасторнай актавай зале школы, Дома куль­туры ці сельскага клуба збіраліся ўсе школьнікі або працаўнікі вёскі. Здараецца такое ў наш час вельмі рэдка. Пра семінары і не гавару. 

Мне, як крытыку, не давялося за апошнія дзесяць гадоў папрысутнічаць хаця б на адным з іх. Ці праводзяцца яны ўвогуле? На юбілейных вечарах пісьменнікаў-класікаў ранейшым часам прысутнічалі і нават прымалі ўдзел прадстаўнікі мясцовых улад. А сёння іх не ўбачыш.

Клопат і багаты вопыт Аляксея Пысіна па выяўленню, росту і выхаванню таленавітай моладзі, на маю думку, сёння забыты, хаця мае значную культурную і гістарычную каштоўнасць. Вось таму я i прапаную яго на Пысінскія чытанні ўсакавіку. Спадзяюся, што іх прыхільна сустрэнуць удзельнікі чытанняў, што ён будзе апублікаваны і застанецца багатай спадчынай для ўсіх літаратараў і аматараў прыгожага беларускага пісьменства.

Аляксей Пысін. Хроніка работы з маладымі творцамі ў 1974-1981гг. (Урыўкі)

Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР удзеляе вялікую ўвагу вучобе і выхаванню літаратурнай змены. Раней гэтая справа абмяжоўвалася семінарам пачынаючых пісьменнікаў, які праводзіўся раз у год, а то і радзей у самім абласным цэнтры. У апошнія гады ўстанавілася і апраўдвае сябе новая традыцыя: падрыхтоўка і правядзенне семінараў непасрэдна ў літаратурных аб’яднаннях, якія існуюць амаль пры ўсіх раённых і шматтыражных газетах вытворчых аб’яднанняў, пры вышэйшых і сярэдніх навучальных установах і налічваюць каля 400 чалавек, якія спрабуюць свае сілы ў літаратурнай мастацкай творчасці. На гэтых семінарах дэталёва абмяркоўваюцца вершы і апавяданні пачынаючых аўтараў, даюцца кваліфікаваныя кансультацыі з боку кіраўнікоў семінара — магілёўскіх пісьменнікаў. Лепшыя творы ўдзельнікаў семінара затым рэкамендуюцца для апублікавання ў абласным і рэспубліканскім друку.

СЕМІНАРЫ

Студзень 1976 г.

У Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце праведзен семінар пачынаючых паэтаў. Абмеркаваны вершы А. Шабанава, А. Падгорнага, У. Дымарскага і С. Друтман. Вершы абмеркаваных аўтараў былі прапанаваны да дру­ку і змешчаны ў літаратурнай старонцы «Магілёўскай праўды».

Красавік 1976 г.

Семінар у Магілёўскім літаб’яднанні «Хімвалакно». У рэбоце семінара прынялі ўдзел: Анатоль Гуляеў — загадчык парткабінета прадпрыемства, Антаніна Ігнаценка — лабарантка, Барыс Ельнянц — слесар, Лазар Закашанскі — радыёжурналіст, Віктар Маркаў — майстар, Вера Асіпенка — нарміроўшчыца і іншыя, усяго 35 ча­лавек. Заслухана справаздача кіраўніка літаб’яднання В. Фясько. Вершы В. Бародзіча, Б. Ельянца,

A.  Гуляева і іншых былі рэкамендаваны «Магілёўскай праўдзе» і абласному радыё і ўбачылі свет.

Красавік 1977 г.

Семінар пачынаючых пісьменнікаў праведзен мною ў Магілёўскім культасветвучылішчы імя Крупскай. Я пазнаёміў пачаткоўцаў са станам сучаснай беларускай літаратуры. Абмеркаваны вершы навучэнцаў В. Бяляцкага, С. Чыгрына, А. Адамчыка і В. Пранішнікавай. Пасля семінара В. Бяляцкі дэбютаваў у «Магілёўскай праўдзе», а потым — у «Літаратуры і мастацтве» і часопісах «Маладосць» i «Беларусь». Літаб’яднанне прыняло рашэнне выдаваць (і выдае) рукапісны часопіс.

* * *

Стала правілам: лепшыя творы маладых аўтараў, выяўленыя на мясцовых семінарах, а затым зборнікі вершаў, рэкамендуюцца абласным аддзяленнем пісьменнікаў БССР для апублікавання і выдання.

Пад рубрыкай «Будзьце знаёмы» у «Магілёўскай праўд-зе» дэбютавалі: П. Вераб’ёў і М. Панкова (Слаўгарад), М. Укружаскі  (Магілёўскі  педінстытут), B.  Губернатараў, А. Пісьмянкоў (Касцюковічы), В. Самойлава (Чавусы), 3. Марозаў, В. Хаўратовіч, В. Дзеравяшка, М. Козыраў, М. Радоўскі (Бялынічы), В. Шабанская (Мсціслаў), В. Бяляцкі (Магілёўскае культасветвучылішча), С. Басуматрава (Бабруйск) і іншыя. Усе аўтары пасля дэбюту ў «Магілёўскай праўдзе» высту­палi ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць» i «Беларусь». В. Хаўратовіч i С. Басуматрава друкуюцца ў «По­лымi».

Актыўныя ўдзельнікі абласнога літаб’яднання (узначальвае член Саюза пісьменнікаў БССР Аркадзь Кандрусевіч) В. Лаўрыновіч (Глуск), М. Салаўцоў (Ча­вусы), М. Мінчанка (Клімавічы), А. Мельнікаў (Магілёў) выдалі першыя зборнікі вершаў, А. Палітыка (Крычаў) — кніжку гумарэсак «Маўчанне навыперадкі».

Падрыхтавалі зборнікі вершаў і атрымалі ўхваленне з боку выдавецтва «Мастацкая літаратура» Святлана Басуматрава, Віктар Хаўратовіч, Змітрок Марозаў. Вырашаецца справа аб прыняцці ў Саюз пісьменнікаў А. Палітыкі, А. Мельнікава і М. Мінчанкі.

Пастаяннай трыбунай пачына­ючых пісьменнікаў стала абласная газета «Магілёўская праўда». Кожны месяц у абласной газеце публікуецца літаратурная старонка «Прыдняпроўе». На гэтай старонцы публікуюцца лепшыя творы, вершы і апавяданні пачынаючых пісьменнікаў, з’яўляючыся добрым стымулам росту і павышэння літаратурнага майстэрства. Старонку гэтую рыхтуюць сакратар абласнога аддзялення СП БССР А. Пысін іi старшыня абласнога літаратурнага аб’яднання пісьменнікаў А. Кандрусевіч.

ТВОРЧЫЯ СПРАВАЗДАЧЫ

Красавік 1980 г.

Аляксандр Мельнікаў працуе ў Магілёве ўрачом. Яго ведаюць як маладога здольнага паэта, аўтара зборнікаў вершаў «Спаси­бо, жизнь» і «Три слова», — выпушчаных выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Абласное аддзялен­не Саюза пісьменнікаў БССР і Бялыніцкае раённае аб’яднанне «Натхненне» правялі аўтарскі вечар А. Мельнікава на яго радзіме — у вёсцы Галоўчын.

У сельскім Доме культуры сабраліся жывёлаводы, механізатары, настаўнікі, вучні. 3 аглядам твораў творчасці А. Мельнікава выступіў кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў БССР М. Луфераў. Ён адзначыў, што галоўныя тэмы А. Мельнікава — родная зямля, сучасная вёска, чалавек працы. На вечары выступілі сакратар партыйнай арганізацыі калгаса А. Бейзераў, сакратар абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР А. Пысін, маладыя бялыніцкія паэты В. Хаўратовіч, У. Серыкаў, А. Войлакава. Вучні Галоўчынскай сярэдняй школы прачыталі вершы А. Мельнікава.

ЛІТАРАТУРНЫЯ ВЕЧАРЫ

Май 1977 г.

Абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР правяло ў Магілёўскім тэхналагічным інстытуце літаратурны вечар, прысвечаны 60-годдзю Вялікага Кастрычніка. Аб здабытках беларускай літаратуры, аб яе ўкладзе ў скарбніцу ўсёй савецкай культуры гаварыў сакратар абласнога аддзялення СП БССР А. Пысін.

Пазнаёмілі прысутных са сваімі вершамі пачынаючыя аўтары А.Сiвакоў, В.Бяляцкі і І.Янушчык. Вер­шы былі абмеркаваны і атрымалі станоўчую адзнаку.

Такі ж вечар быў праведзен 26 чэрвеня 1978 года ў клубе торфапрадпрыемства «Дняпроўскае» — в. Гадылёва Быхаўскага раёна.

* * *

Літаратурныя вечары, прысвечаныя 60-годдзю Беларусі, аблас­ное аддзяленне СП БССР правяло ў Магілёве і ў СШ № 21, гарадской бібліятэцы імя Карла Маркса, СШ № 15 і гарадскім Доме культуры.

Сакавік 1979 г.

У Магілёўскім культасветвучы-лішчы імя Крупскай адбыўся ве­чар, прысвечаны 65-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова. Вечар адкрыў выкладчык В.Ермаловіч. Са словам аб жыцці i творчасці Куляшова выступіў член Саюза пісьменнікаў БССР М Луфераў. Сакратар Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР паэт А.Пысін падзяліўся ўспамінамі аб сустрэчах з Аркадзем Куляшовым і прачытаў свой верш, прысвечаны памяці паэта.

У заключэнне навучэнцы куль-тасветвучылішча С.Турчук, Г.Чыс-цякова, А.Хромчанка, У.Лістра-ценка, Л.Субач, Г.Длугаканская і іншыя прачыталі вершы і ўрыўкі з паэм Аркадзя Куляшова.

Святы паэзіі Аркадзя Куляшо­ва праведзены таксама на аўта-заводзе імя Кірава і ў ГПТВ № 4 электратэхнікі.

Май 1979 г.

У Магілёве праходзяць літаратурныя вечары, прысвечаныя 65-годдзю з дня нараджэння народнага паэта БССР Аркад­зя Куляшова, якія наладжваюць абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР І абласное таварыства аматараў кнігі.

Чарговы літаратурны вечар адбыўся ў абласной бібліятэцы імя У. I. Леніна. Са словам аб жыцці І творчасці А. Куляшова выступіў кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў БССР М.Луфераў. Адказны сакратар абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР А.Пысін падзяліўся ўспамінамі аб сустрэчах з Аркадзем Куляшовым, прачытаў прысвечаны яму верш.

Люты 1981 г.

У памяшканні абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны 60-годдзю беларускага пісьменніка Івана Мележа. Аб жыццёвым і творчым шляху І.Мележа цікава і ярка расказаў прысутным загад­чык кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Куляшова кандыдат філалагічных навук В.І. Атрашкевіч.

Затым быў дадзен спектакль Краснапольскага народнага тэа­тра па п’есе I. Мележа «У новым доме». Ён прайшоў з поспехам. Дарэчы, гэты спектакльзапісан на плёнку Беларускім тэлебачаннем.

Вечар арганізавалі ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР, гарадская арганізацыя кнігалюбаў (В.Юшкевіч).

Май 1981 г.

У вестыбюлі Магілёўскага сярэдняга ГПТВ № 123 тэкстыльшчыкаў выстаўлены насценныя газеты: усе чатырнаццаць груп прысвяцілі свае выпускі вялікаму песняру беларускага народа Янку Купалу. Прыгожае афармленне, вершы, артыкулы.

Цікава прайшлі тут і двухдзённыя купалаўскія чытанні: з дакладамі і рэфератамі выступалі выкладчыкі і навучэнцы вучылішча. А днямі адбыўся вялікі літаратурны вечар: «Сын народа — Янка Купала». На сцэне — партрэт песняра, аздоблены галінкай папараці. Пейзаж беларускай вёскі. Літаратурна-музычная кампазіцыя пачалася карагодам дзяўчат у купальскую ноч. Навучэнцы паказалі ўрыўкі са спектакляў па купалаўскіх п’есах «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо». Прагучалі вершы Купалы і яго паэма «Магіла льва». Былі выкананы песні, якімі сталі вершы паэта «Спадчына», «Явар і каліна», «Вечарынка».

Усю работу па падрыхтоўцы да стагоддзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа ўзначалілі і вялі дырэктар вучылішча В.І.Варажэйкіна і выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Н.С.Чыжова.