Недахоп любові

Самусенка, М. Недахоп любові / Марыя Самусенка // Літаратура і мастацтва. — 2025. — 8 жніўня (№ 29). — С. 13.

Пра спектакль Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў

У Магілёве адбылася прэм’ера спектакля «Карточки для Э.» па матывах п’есы Рыты Кадацкай. Рэжысёр-пастаноўшчык — выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Вольга Бялова. Акцёры — навучэнцы каледжа.

Пасля спектакля прайшоў адкрыты дыялог, спікерамі на якім выступілі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага гарвыканкама Іна Караткевіч і псіхолаг цэнтра псіхалагічнага развіцця «Забота», старшыня Магілёўскага абласнога маладзёжнага крыла грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Марыя Самусенка.

Тэма спектакля жывая і надзённая, актуальная для кожнага, хто сутыкнуўся з сямейнымі праблемамі і разводам.

Пытанні любові і нелюбові ў сям’і і за яе межамі, разумення і прыняцця, свабоды і адказнасці чырвонай ніткай праходзяць праз пастаноўку.

Жанр спектакля — драмедзі, дзе смех скрозь слёзы адлюстроўваецца на твары кожнага гледача.

Галоўны герой п’есы — чатырохгадовы хлопчык, бацькі якога разводзяцца, — стаіць перад незразумелым для яго страшным выбарам: мама ці тата? Пытанне, якое апрыёры з’яўляецца для дзіцяці непрымальным. Кожны персанаж п’есы — яркі, з гіпербалізаваным характарам. Як шмат болю пакутаў у кожным з іх, і як дакладна перададзена акцёрамі ідэя пра пакуты чалавека!

Пра тыя пакуты, якія мржна смела назваць усеагульным неўрозам — пра недахоп любові пры татальным няўменні любіць і прымаць адно аднаго.

Вольга Бялова з’яўляецца кіраўніком тэатра «Атмасфера» Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. У рэпертуары гэтага калектыву некалькі спектакляў сацыяльнай тэматыкі. У планах — стварэнне вялікага праекта, у рамках якога для моладзі горада Магілёва і вобласці будуць арганізаваны адкрытыя паказы і жывыя дыялогі з прыцягненнем псіхолагаў, педагогаў, прадстаўнікоў камісіі па справах непаўналетніх.

Каб навучыць наша падрастаючае пакаленне сапраўднай любові і прывіць духоўныя і маральныя каштоўнасці, неабходны два складнікі: мастацтва і іншы чалавек, які любіць, які разумее…

Марыя САМУСЕНКА