І варта жыць, і працаваць…

Зігуля, Н. І варта жыць і працаваць… / Нэлі Зігуля // Літаратура і мастацтва. — 2025. — 8 жніўня (№ 29). — С. 3.

У Магілёве павіншавалі з 80-гадовым юбілеем народнага артыста Беларусі, вядучага майстра сцэны Магілёўскага абласнога драмтэатра Рыгора Белацаркоўскага

Калі ўспомніць, колькі роляў Рыгор Якаўлевіч сыграў у тэатры і кіно, іх набярэцца болей чым сотня. Акцёру цяжка сказаць, якія з іх любімыя: усе, бо кожная роля — маленькае жыццё. У маладосці марыў сыграць Дон Кіхота, прафесара Праабражэнскага з булгакаўскага «Сабачага орца», Крэпа з «Апошняй стужцы Крэпа». I жыццё дало такі шанц. Не здзейснілася пакуль мара стварыць вобраз гарбуна Квазімоды з «Сабора Парыжскай Багамаці», бо ў рэпертуары Магілёўскага драмтэатра такой пастаноўкі яшчэ не было.

На вечары Рыгора Белацаркоўскага ў драмтэатры быў аншлаг. Людзі прыйшлі з кветкамі, пазітыўным настроем. Як сказала адна з яго прыхільніц, гэта той артыст, які на сцэне нічога не выдумляе, ён там жыве.

Павіншаваць юбіляра прыехаў міністр культуры Руслан Чарнецкі. Ен зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які выказаў захапленне самабытным талентам артыста, яго самаадданым служэннем беларускаму мастацтву і пажадаў доўгіх і плённых гадоў жыцця. Ад сябе міністр дадаў, што чуў пра Рыгора Якаўлевіча як пра мэтра сцэны яшчэ ў пачатку 2000-х, калі вучыўся ў тэатральнай ВНУ. «Такія людзі, як вы, перадаяце бясцэнны вопыт і веды кожнаму з пачынаючых артыстаў, — падкрэсліў ён. — Можна толькі пазайздросціць вашай любові да тэатра і да гледача». Словы падзякі ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі зачытаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун. Сярод тых, хто прыехаў павіншаваць з юбілеем артыста, была і старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, доктар мастацтвазнаўства, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Вераніка Ярмалінская. Яна назвала юбілей артыста знакавай падзеяй у культурным жыцці Беларусі, бо кожная яго роля і кожны спектакль — гэта важкі ўклад у беларускае тэатральнае мастацтва. Разам са словамі прызнання і пажаданнямі поспеху ў далейшым асабістым і тэатральным жыцці артысту ўручаліся Ганаровыя граматы і дыпломы, кветкі і падарункі, у яго гонар выконваліся тэатральныя нумары і гучалі відэавіншаванкі. Знамянальна, што Рыгор Белацаркоўскі — равеснік вялікай Перамогі, 80-годдзе якой мы сёлета адзначаем. Нарадзіўся будучы артыст у Барнауле ў сям’і рабочых. Але ў першы клас і тэатральны гурток пайшоў у Мінску. Бацькі працавалі на Мінскім трактарным заводзе, там жа з 14 гадоў пачынаў свой працоўны шлях і Рыгор. Але любоў да сцэны перамагла. Пасля тэатральнай ВНУ паехаў працаваць у Брэсцкі драматычны тэатр. «У Савецкім Саюзе гэты тэатр лічыўся адным з найлепшых, — расказвае народны артыст. — 3 майго выпуску аж пяць чалавек папрасіліся менавіта туды. Там была вельмі моцная трупа, было чаму павучыцца і што пераняць».

У Брэсце ён знайшоў сваю другую палову, там жа нарадзілася дачка Яўгенія. У Магілёў тэатральная сям’я пераехала ў 1985 годзе. Добры знаёмы Рыгора Белацаркоўскага Аляксандр Дольнікаў атрымаў запрашэнне ў Магілёўскі абласны драмтэатр у якасці рэжысёра і пакпікаў за сабой сябра.

— Я ніколькі не шкадую, што тады памяняў свой лёс, — прызнаецца артыст. — Калі любіш сваю работу і цалкам сябе’ ёй аддаеш, месца, дзе гэта адбываецца, не галоўнае. Я заўсёды слухаў толькі сваё сэрца. Пасля тэатральнага інстытута ў мяне была магчымасць ісці працаваць у любы мінскі тэатр, але я свядома выбраў Брэст. Так было і з Mariлёвам. Я пераехаў сюды і вось ужо 40 гадоў тут жыву і працую».

Напрыканцы вечара, калі ўсе віншаванні былі агучаны, нумары сыграны, артыста папрасілі дадаць яшчэ некалькі слоў пра сябе. Ён крыху падумаў і прадэкламаваў:

— Может быть, // — старая — // и не нуждалась в няньке, // можеТ быть, и мысль ей моя казалась пошла, // только //лошадь // рванулась, // встала на ноги, // ржанула // и пошла. Хвостом помахивала. // Рыжий ребенок. // Пришла веселая, // стала в стойло. / И все ей казалось — // она жеребенок, // и стоило жить, // и работать стоило.

Верш Уладзіміра Маякоўскага «Добрае стаўленне да коней» вельмі сімвалічны для артыста. Яго ён чытаў, калі паступаў у тэатральную ВНУ, яго ж сэнс успрыняў як крэда свайго жыцця. Сапраўды, лепш не скажаш: «I варта было жыць, і працаваць было варта…»

Нэлі ЗІГУЛЯ