Стараемся быць адзіным цэлым

Гарнічар, В. Стараемся быць адзіным цэлым : [гутарка са спявачкай Магілёўскай абласной філармоніі В. Гарнічар] / Вольга Гарнічар ; гутарыла Надзея Зуева // Звязда. — 2023. — 4 мая. — С. 5, 7.

Яна шчыра прызнаецца: праца ў яе жыцці значыць многае, але сям’я — гэта галоўнае, што павінна быць у чалавека. У гасцях «Сямейнай газеты» — цудоўная маці і жонка, знакамітая спявачка, артыстка-вакалістка Магілёўскай абласной філармоніі, вядучая майстар сцэны, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, уладальніца медаля Францыска Скарыны, гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, член праўлення Саюза музычных дзеячаў Беларусі Вольга Гарнічар.


— Вольга, прадстаўце, калі ласка, сябе нашым чытачам.

— Я магіляўчанка, але нарадзілася на Поўначы ў Комі АССР, паколькі бацька быў ваенным. А калі мне споўнілася восем, пераехалі сюды, дзе маміны і татавы карані. Памятаю, як адразу пасля пераезду жылі ў нашай бабулі ў аднапакаёвай кватэры з падсяленнем — прыемная настальгія.

У сям’і я першаадкрывальнік: ніхто з родных не быў звязаны з музыкай. Мама адправіла мяне ў музычную школу па класе акардэона ў шэсць гадоў, цяпер гэта гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава. Не было і думкі, што жыццё звяжу з музыкай. Аднак, калі прыйшлося паступаць ва ўніверсітэт, абрала педагагічны факультэт. У мяне двайная спецыяльнасць — «Настаўнік пачатковых класаў і музыкі».

— Якія традыцыі пануюць у вашай сям’і, як бавіце час?

— Большасць свайго часу мы любім праводзіць разам. Нам вельмі важна пагаварыць, абмеркаваць дзень. Любім усе збірацца за сталом.

Увогуле, мы стараемся быць адзіным цэлым. Ёсць традыцыя падарожнічаць. Кожны год па магчымасці выязджаем на мора, абажаем праводзіць час у горадзе Ейску, дзе жывуць нашы родныя. У Магілёве заўсёды гуляем у парку Падніколле, катаемся на каруселях, самакатах і роліках.

Побач з дачкой.

Побач з дачкой.

— Як спраўляецеся з роляй мамы і артысткі?

— Роля мамы, акрамя клопату і адказнасці, прыносіць шмат радасці. У мяне ёсць вялікая падтрымка — мае бацькі, якім я вельмі ўдзячна. Калі дачка была маленькая, яны дапамагалі, у гэтым вялікі плюс. Мая сям’я з разуменнем ставіцца да майго творчага жыцця і радуецца маім поспехам.

— Дачка Анастасія пайшла па вашых слядах. Яна вучыцца музыцы ў гімназіі, дзе вы працуеце. Напэўна, складана быць мамай і педагогам адначасова?

— Я вельмі люблю кантактаваць з дзецьмі. Акрамя працы ў філармоніі, больш за 12 гадоў выкладаю вакал у Магілёўскай гарадской гімназіі № 1, дзе ў 8 класе вучыцца мая дачка па класе вакалу і фартэпіяна. У мяне да ўсіх маіх выхаванцаў адносіны аднолькавыя. А з дачкой нам разам камфортна, бо мы лёгка знаходзім агульную мову.

— Ваш муж — прадстаўнік творчай прафесіі?

— Людзі часта думаюць, што Віталь — творчы чалавек, але ён не з гэтай сферы. Проста ў мужа своеасаблівы стыль — скура, ланцугі… Ён падобны да рокера ці байкера. Сам сабе шые скураныя рэчы, берэткі, вопратку. Ён творчы чалавек менавіта ў гэтым плане.

Яго карані ў Закарпацці, бацька-ваенны адтуль родам. Маці з Магілёва. Калі сям’я распалася, Віталь з матуляю пераехалі ў Беларусь.

А сустрэліся мы ў магілёўскім рэстаране, дзе я калісьці працавала. Нашы адносіны закруціліся хутка, і, дзякуй богу, мы 16 гадоў разам ідзём па жыцці. Я гэтым вельмі задаволеная (усміхаецца).

— Як вам Віталь зрабіў прапанову?

— Проста паставіў перад фактам і ўсё. Сказаў, што з’язджае ў камандзіроўку, а калі праз месяц прыедзе, мы пажэнімся. Гэта называецца — узяў справу ў свае рукі і зрабіў тое, што трэба (смяецца)!

— А якім было ваша вяселле?

— Звычайным, гулялі два дні. Дзякуючы творчаму жыццю мяне вельмі цяжка здзівіць фотасесіямі, відэаздымкамі і гэтак далей. Падчас вяселля аператар не ведаў, як запісаць наша відэа, бо мы не хацелі ні круціцца, ні скакаць (смяецца). Але, каб не пакрыўдзіць відэографа, у рэшце рэшт зрабілі ўсё, што ад нас патрабавалася (усміхаецца).

— Як спраўляецеся з расставаннямі? Не сумуеце, калі муж у ад’ездзе?

— Муж па сваёй рабоце часта бывае ў камандзіроўках. Але нашы расставанні нядоўгія. Мы шмат часу праводзім разам. Ад’езды мужа не перашкаджаюць нашай сям’і і не ўплываюць на нашы адносіны, бо ў мяне таксама канцэрты, шмат гастроляў па розных гарадах і краінах. Я не паспяваю адчуць адсутнасць каханага. Мы жывём шчасліва і ніколі не сварымся, бо разумеем адно аднаго.

— Няўжо сапраўды ніколі не сварыцеся?

— За ўсё наша жыццё я ніколі не пачула дрэннага слова ад мужа. Па яго інтанацыі адчуваю, у якім ён настроі. Калі ён злуецца, называе мяне Воля (смяецца), а звычайна звяртаецца ласкава — Вольчык, Волік. Муж у мяне спакойны, лагодны. А я эмацыянальная, хоць увогуле неканфліктны чалавек, нягледзячы на мой яркі знешні выгляд.

— Ці ёсць у вашых адносінах месца для рэўнасці?

— Шчыра — ніколі не давала падстаў, а ўвогуле мы абое не раўнівыя.

— Хто галоўны кухар на вашай кухні? Якія стравы любіце гатаваць?

— Ёсць некалькі традыцыйных страў, якія абавязкова прысутнічаюць на святах, але ўсё ж мы аддаём перавагу беларускай кухні. Любім звычайныя — бульбу, суп, дранікі. Але ж і эксперыментуем таксама. Гатуем шмат страў з іншых нацыянальных кухань, напрыклад такан з брынзай, кнэдлікі з падлівай, боршч з фасоляй… Штосьці я люблю гатаваць з закарпацкай кухні, напрыклад боршч, у які дадаю фасолю і капусту кальрабі. Шмат падказвае муж: Віталь гатуе разнастайна, смачней за мяне. Падчас сямейных свят усе разам рыхтуем вячэру — мама смажыць катлеты, я наразаю салату, а Віталь упрыгожвае стол, чысціць, мые і гэтак далей.

— Хто ў вашай сям’і адказвае за бюджэт?

— Бюджэт у нас агульны. Усе працуюць — усе трацяць (смяецца).

— Вольга, што для вас каханне?

— У маладосці — гэта жарсці, захапленне… А ўвогуле, гэта калі ты разумееш, цэніш, паважаеш, беражэш свайго чалавека. Гэта калі існуюць звычка і сувязь у добрым сэнсе. Калі ты клапоцішся пра чалавека, значыць, кахаеш. Ён становіцца родным. Калі няма рэакцыі ў адказ, аддачы, значыць, гэта не каханне. У мяне пытаюцца іншы раз: за што я люблю свайго мужа — за тое, што ён любіць мяне (смяецца)!

Дачка Анастасія.

Дачка Анастасія.

Бліц-апытанне:

1. Чаму вы параілі б наведаць філармонію?

— Філарманічныя канцэрты абстрагуюць ад турбот. У жыцці павінна быць разнастайнасць.

2. Кніга?

— Вельмі люблю чытаць у дарозе. Маю другую адукацыю юрыдычную, таму люблю дэтэктывы, асабліва Сідні Шэлдана.

3. Кветкі?

— Палявыя. Ружы не люблю.

4. Сочыце за модай?

— Я нашу тое, у чым мне ўтульна. А калі хочаце мяне бачыць прыгожай — прыходзьце на мае канцэрты (смяецца)!

5. Дыета?

— Не дыеты, хутчэй, абмежаванне ў тым, што я люблю, і ў тым, што мне нельга. Каб залезці ў любімую сукенку, трэба часцей закрываць рот (смяецца)!

6. Упрыгажэнні?

— Люблю серабро, набываю аб’ёмныя ўпрыгажэнні, аднак я не фанат.

7. Водар?

— Пяшчотны, лёгкі, амаль незаўважны.

8. Раніца немагчыма без…

— Кавы.

9. Якасці мужа, якія падкупілі?

— Павага і клопат.

10. Сям’я — гэта…

— Крэпасць, тыл, самае роднае і важнае, што павінна быць у чалавека.

11. Што для вас галоўнае ў людзях?

— Шчырасць і дабрадушнасць — чакаю гэтага ў адказ.

12. Назавіце галоўную якасць свайго характару?

— Прамалінейнасць. Але сказаць так, каб нікога не пакрыўдзіць, не зрабіць дрэнна, не схлусіць.

Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва сям’і Гарнічар