Для карысці дзяцей

Сінькевіч, Г. Для карысці дзяцей / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 23 мая. — С. 4.

Студэнту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Аляксандру Марозу ўсяго 21 год, а на яго рахунку — актуальная навуковая распрацоўка і грант на рэалізацыю ад Міністэрства адукацыі.

Выкладчыкі заўважылі маё імкненне да вучобы і прапанавалі далучыцца да навуковай дзейнасці. Так, на другім курсе я пачаў прымаць удзел у даследаваннях тварагу: назіраў, праводзіў доследы і эксперименты. Паступова захапіўся, захацелася паспрабаваць вынайсці што-небудзь сваё. Аналізаваў вытворчасць малочных прадуктаў. 3 цягам часу ўзнікла распрацоўка тэхналогіі кісламалочнага прадукту для дашкольнага і школьнага харчавання, якая атрымала грант ад Міністэрства адукацыі, — расказаў Аляксандр.

Даследаванне маладога навукоўца мае шматгранную карысць. Аляксандр Мароз стварыў рэцэптуру тварожнага вырабу павышанай біялагічнай каштоўнасці. Гэта асабліва важна для дзяцей, бо іх арганізм пастаянна расце.

— Дзеці маюць рэгулярную патрэбу ў вялікай колькасці незаменных амінакіслот, ім трэба шмат карысных мікра- і макра-элементаў, таму я вырашыў распрацаваць тэхналогію тварожнага сырка з павышаным утрыманнем сыроватачных бялкоў. Зрабіць гэта атрымалася з дапамогай дабаўлення да тварагу сыру рыкота. У новага прадукту атрымаліся прывабныя смакавыя якасці і высокая карыснасць. Каб яго выпускаць, прадпрыемствам не трэба нейкага асобнага абсталявання. Канечне, хацелася б пабачыць сваю распрацоўку ў вытворчасці, — падзяліўся юнак.