Пункты росту

Сінькевіч, Г. Пункты росту / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 23 мая. — С. 4.

Цэнтр тэхнасфернай бяспекі, тэхналогій прыродаўпарадкавання і водакарыстання быў урачыста адкрыты ў Беларуска-Расійскім універсітэце.

Стварэнне цэнтра — вынік сумеснай работы выкладчыкаў БРУ і Новасібірскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага ўніверсітэта. Новае фарміраванне ўяўляе сабой некалькі лабараторый, дзе будуць праводзіцца даследаванні рэгіянальных і глабальных экалагічных праблем. Цэнтр будзе спрыяць больш плённаму ўзаемадзеянню паміж выкладчыкамі і студэнтамі Беларусі і Расіі. Універсітэтамі ўжо падпісаны адпаведныя дагаворы аб супрацоўніцтве. Улетку запланавана правядзенне праграмы па абмене студэнтамі. Маладыя вучоныя з БРУ паедуць у Новасібірск, дзе будуць вучыцца ў экашколе пры Сібстрыне.

Трэба адзначыць, што Беларуска-Расійскі ўніверсітэт невыпадкова быў выбраны месцам правядзення форуму. Тут на справе адбываецца інтэграцыя адукацыі і навукі. Даследаванні вучоных БРУ носяць ярка выяўлены прыкладны характар і вельмі запатрабаваны прадпрыемствамі.

Развіццю навуковай думкі спрыяе выдатная матэрыяльная база ўніверсітэта.

Ва ўстанове сёння функцыянуе шэраг лабараторый з сучасным абсталяваннем. Напрыклад, навукова-даследчая лабараторыя «Валаконна-аптычная дыягностыка» мае ў сваім складзе адзіную ў краіне доследна-эксперыментальную вытворчасць сучаснага эндаскапічнага абсталявання тэхнічнага прызначэння. Цэнтр сертыфікацыі і выпрабаванняў з’яўляецца ўнікальным органам па сертыфікацыі персаналу зварачнай вытворчасці, зварачнага абсталявання і сродкаў абароны зваршчыкаў.

Шырокія магчымасці адкрывае лабараторыя адытыўных тэхналогій, у якой займаюцца трохвымернымі тэхналогіямі лічбавага сканіравання аб’ектаў і іх друкам. Яшчэ адна навуковая адметнасць БРУ — інжынірынгавы цэнтр Sim-Tech, дзе выкарыстоўваюцца камп’ютарныя тэхналогіі мадэлявання і інжынернага аналізу на стадыі праектавання прадукцыі.

Па ўсіх асноўных лабараторыях для удзельнікаў форуму былі арганізаваны цікавыя экскурсіі з інтэрактыўнымі майстар-класамі. Маладыя вучоныя спрабавалі запраграмаваць мехатронныя станцыі і калабаратыўнага робата, вучыліся працаваць на станках з лічбавым праграмным кіраваннем, знаёміліся з перадавымі тэндэнцыямі матэрыялазнаўства ў машынабудаванні і тэхналогіямі зварачнай вытворчасці, займаліся сучаснай дыягностыкай сістэм кіравання аўтамабілем, дасле-давалі наяўнасць радыенуклідаў у аб’ектах навакольнага асяроддзя і нават стваралі ВІМ-мадэль жылога дома.

— Сёння наш універсітэт добра аснашчаны. У лабараторыях ёсць самае апошняе навуковае і тэхналагічнае абсталяванне, камерцыйнае праграмнае забеспячэнне. Гэта дазволіла сфарміраваць канкурэнтаздольныя навуковыя трупы — своеасаблівыя драйверы ці «пункты росту» для развіцця навукі, — адзначыў рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў.