Фестываль юных краязнаўцаў

Сінькевіч, Г. Фестываль юных краязнаўцаў / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 6 чэрвеня. — С. 7.

Больш за 1000 навучэнцаў з усіх раёнаў Магілёўшчыны аб’яднаў абласны фестиваль “Роднай зямлі шматгалоссе”. Усе дзеці — актыўныя ўдзельнікі рэгіянальнага праекта  “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”.

Унікальная ініцыятыва ўзнікла тры гады назад. За гэты час праект аб’яднаў тысячы дзяцей: ад дашкольнікаў да навучэнцаў каледжаў. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні з энтузіязмам займаліся даследчай дзейнасцю. Яны знаёміліся з гісторыяй, кулыурай, прыродай малой радзімы, біяграфіямі людзей, якія ўнеслі значны ўклад у яе развіццё. Навучэнцы стваралі экскурсійныя маршруты, падарожнічалі, расказвалі аб прыгажосці роднага краю ў аўтарскіх малюнках і вершах, выступалі ў ролі відэааператараў і экскурсаводаў.

— У гэтым навучальным годзе адбывалася рэалізацыя трэцяга этапу праекта. Раёны праз анлайн-эстафету прэзентавалі створаныя распрацоўкі. Вынікі сваіх вандровак і даследаванняў дзеці і педагогі прадстаўлялі ў розных тэхніках і фарматах: турыстычных маршрутах, друкаванай прадукцыі, лэпбуках, відэароліках, інтэрактыўных гульнях, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Наталля Стральцова.

Па яе словах, цікавых напрацовак вялікае мноства. Напрыклад, у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска зрабілі макеты мясцовых помнікаў архітэктуры. Педагог-арганізатар Юлія Гукава змагла аб’яднаць гэтай працай вучняў з усяго раёна. У кожнай навучальнай установе выканалі пэўны макет і распрацавалі міні-экскурсію аб гісторыі будынка.

Аднымі з самых актыўных удзельнікаў праекта сталі прадстаўнікі Магілёўскага індустрыяльнага каледжа. Навучэнцы і педагогі правялі шмат даследаванняў. Усю знойдзеную інфармацыю яны аб’ядналі ў адзіны вэб-сайт. На сеткавым рэсурсе прадстаўлены матэрыялы аб сацыякультурнай спадчыне, прамысловых і іншых цікавых аб’ектах Магілёва і вобласці, метадычныя і творчыя напрацоўкі.

Дзяцей захапіла дзейнасць, накіраваная на захаванне гістарычнай памяці. Хлопчыкі і дзяўчынкі вывучалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны праз гісторыю сваёй сям’і. Адметную работу прадставіў вучань гімназіі № 1 Горак Іван Круглік. Разам з бацькамі і педагогамі хлопец стварыў лэпбук пра свайго прадзеда І.Д.Хосіна, які прайшоў баявы шлях ад Варонежа да Прагі. Кранальная работа Івана стала прыкладам для іншых школьнікаў.

З лепшымі ідэямі праекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» можна было азнаёміцца падчас фестывалю на адпаведнай выставе. Аўтары ўсіх знакавых распрацовак былі адзначаны дыпломамі.

— Праект вельмі з’яднаў педагогаў, навучэнцаў, бацькоў. Дзеці дасканала вывучылі гісторыю сваёй сям’і і роднага краю. Але галоўная мэта — не проста веды. Усе разам мы павінны імкнуцца да тага, каб нашы дзеці да глыбіні душы прасякнуліся любоўю да сваёй Радзімы, каб патрыятызм яны паказвалі не словамі, а штодзённымі карыснымі справамі і ўчынкамі, — адзначыў на цырымоніі ўзнагароджання начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Дарэчы, праект «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» плануецца развіваць далей. Будуць новыя конкурсы, бо ў гісторыі ўсіх раёнаў Магілёўшчыны яшчэ шмат нязведаных старонак. Акрамя тага, у рамках праекта будзе распрацоўвацца рэгіянальная сеткавая мадэль грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.