Зігуля, Н. Па-ранейшаму ў страі / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 8 ліпеня. — С. 3.
У вёсцы Гаі адкрыўся абноўлены мемарыял у гонар батальёна міліцыі Уладзімірава
Адбылося гэта на тым месцы, дзе ў ліпені 1941-га трымаў абарону міліцэйскі батальён пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава. Яго байцы замацаваліся на безыменнай вышыні ў раёне вёскі Гаі, прыкрыўшы чыгуначны вузел з боку Шклова. Сёння гэта месца носіць назву вышыня Уладзімірава. З 250 байцоў батальёна ў жывых засталося толькі 19…
У 1964 годзе тут быў адкрыты помнік-абеліск, а 2 ліпеня 1980 года — помнік, створаны скульптарам Мікалаем Кавалёвым і архітэктарам Канстанцінам Аляксеевым. Два гады таму рэспубліканскім афіцэрскім сходам органаў унутраных спраў было прынята рашэнне аб правядзенні рэканструкцыі мемарыяла з рэстаўрацыяй. Свой унёсак у гэтую важную справу зрабіў кожны міліцыянер — вышыня стала месцам агульнай памяці і гераізму.
У адкрыцці абноўленага мемарыяльнага комплексу, якое адбылося напярэдадні Дня Незалежнасці, прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, іншыя ганаровыя госці.
У сваёй прамове Ігар Сергеенка адзначыў, што ў ліпені 1941-га на гэтай безыменнай вышыні шэсць дзён трымаў абарону зводны батальён Магілёўскага гарнізона міліцыі. «Тры роты, 250 чалавек з ліку супрацоўнікаў міліцыі, а таксама выкладчыкаў і курсантаў магілёўскай, мінскай, гродзенскай школ міліцыі, — удакладніў ён. — Не маючы неабходнай баявой падрыхтоўкі, узброеныя вінтоўкамі і наганамі, яны змагаліся да апошняга. На жаль, засталося толькі 19. Але без баёў 1941 года, Брэсцкай крэпасці, абароны Магілёва, іншых такіх вось вышынь і кропак немагчымы быў бы той наступальны рух, які прынёс нам Перамогу».
Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, гэта помнік не толькі загінулым хлопцам, але і ўсім тым міліцыянерам, якія змагаліся на фронце, у тыле, партызанскіх атрадах. «Вышыня Уладзімірава — для нас маральная вышыня, на якой мы сёння трымаем бой, каб захаваць тую памяць і, калі спатрэбіцца, даць адпор праціўніку», — падкрэсліў Ігар Сергеенка.
Мемарыял стаў больш маштабным і грунтоўным. У ходзе рэканструкцыі быў абноўлены сам помнік, усталяваны канструкцыі з інфармацыяй аб абаронцах. На ўваходнай групе з’явіліся два маналітныя пастаменты вышынёй да трох метраў з гранітнай абліцоўкай, узоры ваеннай тэхнікі, створана лінія акопаў і бліндаж з дыярамай, да якіх пабудаваны лесвічны марш, устаноўлена сучасная ілюмінацыя і добраўпарадкавана тэрыторыя.
Міністр унутраных спраў асабіста прымаў удзел у навядзенні парадку тут падчас суботніка. «Гэта святое і важнае месца для кожнага супрацоўніка органаў унутраных спраў, — падкрэсліў Іван Кубракоў. — На пачатку вайны міліцыянеры тут з гонарам выканалі свой грамадзянскі абавязак. Мы паклапаціліся, каб мемарыял выглядаў годна. Байцы батальёна па-ранейшаму з намі ў страі, іх подзвіг — прыклад не толькі для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Менавіта такія вось подзвігі і байцоў батальёна, і наогул чырвонаармейцаў з’яўляюцца стрымлівальным фактарам для нашых ворагаў. Яны разумеюць, што зламаць нас немагчыма. За Радзіму, за краіну мы будзем стаяць так, як гэта рабілі нашы гераічныя продкі».
На цырымоніі адкрыцця абноўленага мемарыяла прысутнічалі ўнукі і праўнучка Уладзімірава, якія прыехалі з Масквы. Ім, як і іншым нашчадкам байцоў, загінулым на вышыні, былі ўручаны памятныя медалі.
— Гэта вельмі кранальная і ўрачыстая падзея ў нашым жыцці, нашых сем’ях, нашым родзе, — прызналася ўнучка Уладзімірава Марына Асланава. — Мы ганарымся беларускім народам і подзвігам тых хлопцаў, якія тут загінулі. У іх ліку быў і наш дзед, якому на той момант споўніўся 41 год. Зямля тут насычаная крывёю, але яна праліта не дарма. Мы будзем з гонарам захоўваць памяць аб героях і будзем вартыя іх подзвігу».
Унука Уладзімірава, названага ў гонар дзеда Канстанцінам, уразіла, што на мерапрыемстве прысутнічала шмат дзяцей. «Можна не сумнявацца, што з іх вырасце цудоўнае пакаленне, не ў прыклад нашым некаторым суседзям, — заўважыў ён. — Беларускі народ вельмі беражліва адносіцца да памяці».
Падчас урачыстай часткі мерапрыемства ўзнагародамі былі адзначаны міліцыянеры, якія вызначыліся ў ходзе нясення службы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і прэс-службы МУС