Працаваць з душой і любоў’ю да дзяцей

Лабаноўскі, А. Працаваць з душой і любоў’ю да дзяцей / Антон Мікалаевіч Лабаноўскі ; гутарыла Вольга Дубоўская // Настаўніцкая газета. — 2023. — 14 ліпеня. — С. 9, 16. 

Дырэктар школы №44 Магілёва: для мяне важна, каб кожны наш педагог адчуваў сваю значнасць у прафесіі

Дырэктар сярэдняй школы № 44 Магілёва Антон Лабаноўскі на пасадзе кіраўніка толькі другі год, але здаровыя амбіцыі і педагагічныя карані дапамагаюць яму будаваць школу мары. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Антон Мікалаевіч, давайце знаё­міцца. Раскажыце, калі ласка, чаму вы выбралі педагогіку і як сталі дырэктарам.

— Сваё жыццё атаясамліваю толькі са школай і ніякай іншай працы для сябе не бачу. Увогуле, я з дынастыі педагогаў. Маці — настаўніца пачатковых класаў, бабуля працавала настаўніцай матэматыкі і працоўнага навучання, дзядзька — былы дырэктар школы, зараз настаўнік гісторыі, цётка — лагапед-дэфектолаг, працуе ў дзіцячым садзе. І цешча ў мяне таксама з педагогаў. “Прыемны дыягназ нашай сям’і”, — жартуем час ад часу з роднымі. Таму мой прафесійны выбар бацькі падтрымалі.  Але, пакуль вучыўся ў Магілёўскім педагагічным універсітэце імя А.А.Куляшова (на спецыяльнасці “Беларуская філалогія”), паспеў атрымаць правы на ваджэнне матацыкла, легкавога і нават грузавога аўтамабіляў. Адбіўся ўплыў бацькавай прафесіі. 

Працоўны шлях пачаўся ў сярэдняй школе № 40 Магілёва, дзе я два гады вык­ладаў беларускую мову і літаратуру. Затым перайшоў працаваць у сярэднюю школу аграгарадка Межысеткі (перамагла вясковая натура, я ж родам з вёскі). Вось тут я адчуў сябе сапраўдным настаўнікам і пачаў перамагаць на  прафесійных конкурсах. Два разы станавіўся пераможцам абласнога конкурсу педагагічнага майстэрства “Прызванне — педагог”, лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Нас­таўнік года”.

Акрамя настаўніцкай працы, знаходзіў сябе і ў грамадска-палітычнай дзейнасці. Быў выбраны членам VІ Усебеларускага народнага сходу. Меў магчымасць выступіць перад народам і Прэзідэнтам нашай краіны: дзяліўся сваім вопытам, гаварыў пра падыходы ў рабоце з пункту гледжання моладзі. 

Адным з самых плённых стаў для мяне 2021 год, калі атрымаў прапанову ўзнача­ліць сярэднюю школу № 44 Магілёва. Стаць дырэктарам школы — справа вельмі адказная, але сям’я мяне падтрымала. А яна ў мяне не маленькая — у мяне трое дзетак.

— Кампетэнцыі дырэктара школы сёння вельмі разнастайныя. Якія яго функцыі, на ваш погляд, з’яўляюцца галоўнымі?

— Яшчэ нядаўна я мала што ведаў пра дырэктарскі функцыянал. Разумеў толькі, што дырэктар адказвае за дзейнасць установы адукацыі. У сувязі з гэтым новае прыз­начэнне стала для мяне своеасаблівым вык­лікам, які адкрываў новыя магчымасці. За работу ўзяўся з цікавасцю. “Што зна­чыць быць дырэктарам? Якім ён павінен быць канкрэтна ў гэтай школе? Якім кіраўніком я здолею стаць? Што неабходна рабіць, каб калектыў працаваў творча і натхнёна?” —  шмат пытанняў круцілася ў галаве ў першы працоўны дзень.

Антон Мікалаевіч Лабаноўскі — самы малады дырэктар у Магілёве. Акрамя таго, ён  пераможца абласнога конкурсу “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізоўвае адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”.

Кіраваць педагагічным калектывам — справа няпростая. У адрозненне ад вучнёўскага, тут усе дарослыя (і рознаўзроставыя), са сваімі поглядамі і перакананнямі. Таму адразу стаць паспяховым дырэктарам немагчыма. Вопыт набываецца з гадамі, але, калі паставіць мэту, то шлях будзе прасцейшы. Лічу, што кіраўнік павінен вало­даць ведамі, прычым у самых розных галінах, бо, вы правільна сказалі, пасада дырэктара шматфункцыянальная. Вялікае значэнне маюць і сіла волі, вытрымка. У кіраўніка са стрыжнем, харызмай і ўпэўненасцю ў сабе больш шансаў аб’яднаць і павесці за сабой калектыў. Паступова ў мяне сфарміравалася ўласная формула пос­пеху, якая складаецца з веры ў сябе і свой калектыў, кампетэнтнасці, каманднага духу і аб’яднання намаганняў усіх удзельнікаў адукацыйнага пра­цэсу: настаўнікаў, дзяцей, бацькоў. Акрамя таго, трэба быць упэўненым у тым, што ты робіш, і пры прыняцці рашэнняў кіравацца прафесійнымі ведамі.

Важна разумець, што толькі згуртаваны калектыў можа дасягнуць поспеху. Таму трэба рабіць усё магчымае, каб аб’яднаць настаўнікаў у каманду аднадумцаў, якія змогуць дапаўняць адно аднаго і развівацца самастойна. Працуючы разам, вызначылі місію нашай школы: мы хочам бачыць нашых вучняў патрэбнымі грамадству, упэўненымі ў заўтрашнім дні і шчаслівымі.

— Якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?

— Настольнай кнігай дырэктара з’яўляецца Кодэкс аб адукацыі. Сёння шмат увагі ўдзяляецца катэгарыйным сем’ям, таму заўсёды пад рукой Дэкрэт № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Увогуле, на маім стале вельмі шмат розных дакументаў, імкнуся быць у курсе ўсіх абнаўленняў. Калі гаварыць увогуле, то пастаянна сачу за развіццём нарматыўна-прававой базы ў сістэме адукацыі. У асобных папках — лакальныя акты школы, загады, праграмы, пратаколы педсаветаў, дакументы па ахове працы, метадычныя скарбонкі і г.д.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся ў першы год свайго дырэктарства?

— Калі дзейнасць дырэктара параўноўваць з педагагічнай, то адзін дзень на адміністрацыйнай пасадзе роўны тром дням працы настаўнікам. Цяжкасцей нямала. Няпроста было наладзіць прыязныя адносіны з педагагічным калектывам і разаб­рацца з вялікай колькасцю дакументаў. Калі кіраўнік нацэлены на вынік, то індывідуальны падыход да кожнага ў калектыве — першае, да чаго неабходна імкнуцца. Гэта лю­дзі: у кожнага сваё жыццё, свае амбіцыі, свае планы. Але ты павінен іх аб’яднаць, знайсці нешта агульнае, убачыць патэн­цыял кожнага, дапамагчы, даць магчымасць развівацца ў калектыве і асабіста.

Яшчэ адзін момант: калі адукацыйны і выхаваўчы працэсы я ведаў знутры, бо, будучы настаўнікам, сам у іх удзельнічаў і дасканала ведаў, што павінна быць у партфоліа кожнага настаўніка, які імкнецца да поспеху, то гас­падарчая дзейнасць у школе была для мяне нечым далёкім і незразумелым. І тут спатрэбіўся вопыт вясковага чалавека. У вёсцы кажуць: “Можна перахітрыць любога, а вось зямлю ніколі не падманеш. На ёй працаваць трэба аддана і з душой”. Для мяне і ў пачатку маёй дырэктарскай дзейнасці, і сёння важнымі з’яўляюцца парадак і дысцыпліна ва ўсім. Тэрыторыя школы — першае, што бачаць нашы вучні, бацькі і гос­ці. Вельмі важна, каб па ёй хацелася ісці далей, да ўвахода, а не адварочвацца з-за неахайнасці і беспарадку. Такая ўстаноўка падабаецца маім калегам. Канечне, мы імк­нёмся рабіць нашу школу прывабнай, сучаснай і знутры. Літаральна за апошні год абнавілі тры вучэбныя кабінеты, абсталяваўшы іх новай тэхнікай, мэбляй, метадычнай літаратурай.

— Як вы ліцыце, ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву (у пэўным сэнсе гуру)?

— Ідэйным натхняльнікам…  Разам са мной працуюць 95 чалавек. Гэта педагогі і тэхнічны персанал. У рабоце з людзьмі я заўсёды ўяўляю сабе ілюстрацыю-мем, дзе для параўнання размешчаны два прыклады: адзін чалавечак за сталом кіруе падначаленым указальным пальцам, а другі стаіць разам з людзьмі і вядзе за сабой у пэўным кірунку. Гэты малюнак натхняе быць другім чалавечкам. Цяпер для мяне настаў час, калі я павінен больш рабіць, чым гава­рыць. Я кіруюся простым правілам: быць разам з калектывам — і педагагічным, і вучнёўскім. І як мага менш казаць “я”, а больш выкарыстоўваць займеннік “мы”.

— Як наладжваеце зносіны з бацькамі?

— Апошнім часам назіралася тэндэнцыя да раз’яднання школы і бацькоў. Магчыма, на развіццё такой сітуацыі паўплывала пандэмія. Мы стараемся вярнуць бацькоў. Запрашаем іх на школьныя мерапрыемствы, актывізавалі работу ў шосты дзень. І вы ведаеце, сувязь пачала аднаўляцца. Наша школа знаходзіцца ў прыгарадзе, і мы не толькі адукацыйны і выхаваўчы, але і культурны цэнтр. Святочныя мерапрыемствы праводзім і ў актавай зале, і на стадыёне, і на пляцоўках перад школай. А бацькі нам дапамагаюць. У пачатку майго дырэктарс­тва многія прыходзілі проста пазнаёміцца, пагаварыць. Прыемна, што мне, маладому кіраўніку, давяраюць. Мы сістэмна праводзім бацькоўскія сходы, дзе я дзялюся тым, што зроблена, агучваю планы. Гэта падабаецца бацькам, бо так яны адчуваюць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі школьнага жыцця свайго дзіцяці.

— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа? Да чаго вы імкняцеся сёння як дырэктар?

— Для мяне паняцце “ідэальны” — нешта  “штампаванае на канвееры”. Напрыклад, гайка ці нейкі агрэгат. Вось вырабілі гайку на станку, і яна ідэальная, бо зроб­лена па зададзеных параметрах і чарцяжах.  Але ў адносінах да школы так не скажаш. Паняцце “ідэальны” адноснае. Тым не менш паспрабую яго акрэсліць. Мяркую, што ідэальная школа — гэта школа, якая развіваецца, дзе створаны аптымальныя ўмовы для навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Безумоўна, гэта сучасная школа з адметным абсталяваннем. Ра­зам з тым гэта школа са сваімі традыцыямі, якая адпавядае запытам бацькоў і дзяржавы, рыхтуючы маленькага чалавека да вялікага жыцця. Мы імкнёмся, працуем над пастаўленымі задачамі штодня.   

— Цяпер пра вашых педагогаў. Якія ставіце перад імі задачы? І якія, на вашу думку, патрэбны ўмовы для зладжанай працы педагагічнага калектыву?

— У сярэдняй школе № 44 Магілёва 49 педагогаў. У калектыве працуюць як вопытныя настаўнікі, так і маладыя. Мая задача — арганізаваць эфектыўную работу калектыву. Тут на дапамогу прыходзяць мае намеснікі: Сяргей Мікалаевіч Даніленка, Марыя Сяргееўна Ісаенка, Марына Ула­дзіміраўна Калыкова. Сяргей Мікалаевіч і Марыя Сяргееўна — мае равеснікі, нам па трыццаць гадоў. Марына Уладзіміраўна, намеснік па гаспадарчай рабоце, куды больш вопытная. Яна пра школу ведае ўсё, таму мы часта да яе звяртаемся па дапамогу. Дарэчы, я самы малады дырэктар у Магілёве і каманда мая таксама з маладых.

Візітоўкай сярэдняй школы № 44 Магілёва з’яўляецца аб’яднанне па інтарэсах “Цудадзейная гліна”, дзе педагог народны майстар Рэспублікі Беларусь Любоў Міхайлаўна Яшчанка не проста вучыць дзяцей ляпіць з гліны лялек ці птушак, а перадае ім традыцыі гэтага майстэрства, захоўваючы культуру нашай краіны. Сярэдняя школа № 44 — гэта месца, дзе не забываюць гісторыю.

Нашы настаўнікі рэгулярна праходзяць навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Падтрымку ў развіцці настаўнікаў у першую чаргу аказвае Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі, з якім мы плённа супрацоўнічаем. Апошнім часам педагогі праяўляюць цікавасць і да курсаў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, чым значна пашыраюць свае магчамасці ў самаразвіцці і павышэнні кваліфікацыі.

Асаблівую ўвагу ўдзяляем атэстацыі педагагічных кадраў. Для мяне важна, каб кожны педагог нашай школы адчуваў сваю значнасць у прафесіі, бо атэстацыйны перыяд, на маю думку, гэта вялікае поле для дзейнасці па ўдасканаленні сваіх педагагічных кампетэнцый, па развіцці творчасці, крытычнага і сістэмнага мыслення, умення ставіць і вырашаць задачы.

На працягу навучальнага года настаўнікі прымаюць удзел у семінарах, канферэнцыях, круглых сталах, прафесійных конкурсах рознага ўзроўню. Пачынаючы ад абласнога фестывалю педагагічных ідэй “Прызванне — педагог” для педагогаў са стажам работы да трох гадоў і заканчваючы рэспубліканскім конкурсам педагагічнага майсэрства “Настаўнік года”. І ў першым, і ў другім нашы настаўнікі станавіліся лаўрэатамі і пераможцамі. У калектыве ёсць удзельнікі ўжо традыцыйных творчых конкурсаў “Спроба пяра”, “Жывая класіка”, “Чытаем разам з Velcom”. Апошнім часам пачалі з’яўляцца публікацыі педагогаў у прафесійных СМІ. 

Асобна хочацца сказаць пра маладых настаўнікаў. У нас іх трое. Гэта цудоўныя маладыя людзі. Ведаеце, ёсць спадзяванне, што яны прыйшлі ў школу па поклічы сэрца, што іх выбар быў таксама зроблены не проста так. Канечне, мы ім дапамагаем і падтрымліваем матэрыяльна за іх ініцыятыўнасць і творчасць. Дарэчы, менавіта яны выступілі з прапановай уступлення школы ў інавацыйны праект, што мы і зрабілі. Усё яшчэ наперадзе, пра вынікі гаварыць рана, але бясспрэчна тое, што інавацыі дапамагаюць фарміраваць педагагічную матывацыю. Яшчэ ў нас ёсць правіла: штомесяц нашы маладыя педагогі рыхтуюць службовую запіску на імя намесніка, дзе расказваюць пра свае прафесійныя дасягненні. І я, чытаючы гэтыя запіскі, бачу, што яны ведаюць, як працаваць, і разумеюць свае педагагічныя задачы. Гэта адзін з паказчыкаў выніковасці працы — спіс выкананых задач. 

Пра ўмовы для працы. Заўсёды ўспа­мінаю аповеды свайго дзядулі, які ў пасляваенны час хадзіў у школу. Ён расказ­ваў, як яны тады вучыліся, як пісалі на старой газеце паміж радкамі, бо чыстага сшытка не было, як беглі ў школу навыперадкі, бо першаму заўсёды шанцавала сесці каля цёп­лай печкі. Былі часы…

У нашай школе ўтульныя светлыя кабінеты з новай мэбляй, амаль у кожным ёсць камп’ютар з выхадам у інтэрнэт. Цяпер па ўсёй школе мяняем вокны. Умовы для працы ёсць, самае галоўнае — працаваць з душой і любоўю да дзяцей. Мы хочам, каб нашы дзеці станавіліся шчаслівымі. І пра­цэс гэты запускаем ужо з дашкольнага ўзросту. На базе нашай школы арганізавана навучанне і выхаванне дзвюх рознаўзроставых груп дашкольнікаў (раней мы былі вучэбна-педагагічным комплексам). Дзетак мы набіраем зусім маленькімі і вя­дзём да 11 класа. Яны растуць і развіваюцца побач з намі, мы бачым кожны іх крок, пос­пех і няўдачу. І нам не ўсё роўна, што з імі бу­дзе далей. Таму калі ты не любіш працу настаўніка, то лепш не працаваць у школе. Інакш дрэнна зробіш не толькі дзецям і баць­кам, але і сабе.

— Дзякуй за цікавую размову!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ