Падарунак да Дня народнага адзінства

Зігуля, Н. Падарунак да Дня народнага адзінства / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 13 верасня. — С. 3. 

Напярэдадні свята ў Магілёве адкрылі другую чаргу трасы-дублёра

Учора на месцы адкрыцця другой чаргі пуцеправода-дублёра было надзвычай урачыста. Іграў аркестр, маршыравалі прыгожыя дзяўчаты ў строгіх цыліндрах. Да свята далучыліся прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь. Іх віталі прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і горада на чале з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам СЕРГЕЕНКАМ. Дарэчы, адкрыццё першай чаргі трасы, якое адбылося два гады таму, таксама было прымеркавана да Дня народнага адзінства. І, як адзначыў кіраўнік адміністрацыі, будаўнікі абяцаюць і трэцюю чаргу пабудаваць да наступнай даты гэтага свята.— Мы традыцыйна пры-мяркоўваем знакавыя аб’екты да свят, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Пасля таго, як вуліца поўнасцю набудзе сваю закончанасць, кіраўніцтва горада і яго жыхары вырашаць, як яе назваць. Дарога звязвае некалькі мікрараёнаў Магілёва і служыць для таго, каб разгрузіць цэнтр, паляпшае магчымасці перамяшчэння на работу і з работы жыхарам горада.

Ігар Сергеенка нагадаў таксама пра сімвалічнасць і важнасць Дня народнага адзінства.

— Па сутнасці, гэта свята адроджана і адноўлена, у яго аснову легла дата 17 верасня 1939 года, калі заходняя і ўсходняя часткі краіны злучыліся ў адзіную дзяржаву — БеларускуюСавецкую Сацыялістычную Рэспубліку, — адзначыў ён. — Калі некалькі гадоў таму з’явілася ідэя абвясціць дату Дня народнага адзінства, выказваліся розныя меркаванні, але гісторыкі і грамадазнаўцыказалі, што ў нас яна ўжо ёсць — 17 верасня, трэба яе толькі адрадзіць. Мэты мы сваёй дасягнулі, свята прыжываецца, яго ведае моладзь. Праводзяцца маштабныя мерапрыемствы па ўсёй краіне. Дзякуючы гэтаму адзінству мы сёння рэалізоўваем дзяржпраграму, у адпаведнасці з якой Магілёў з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожым. Сёння мы маем магчымасць рэалізоўваць такія праекты, даводзіць пачатае да канца не толькі ў Магілёве, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны. Дзякуючы адзінству, ёсць магчымасць будаваць, ствараць, ісці далей. Вось у чым моц адзінства. Ствараючы эканамічны патэнцыял, мы тым самым абараняем сваю краіну.

Сігналам для адкрыцця дарожнага руху стаў момант, калі прадстаўнікі кіраўніцтва горада і вобласці разам з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта перавярнулі сімвалічны дарожны знак са становішча «праезд забаронены» ў «рух дазволены».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА падкрэсліў значнасць падзеі:

— Гэта вельмі важны аб’ект. Па сутнасці, мы злучаем мінскі напрамак з нашым Задняпроўем. Але на гэтым не прыпыняемся. Налета дойдзем да ўязной аркі. Работы ўжо пачаліся. І я перакананы, што ўсю гэтую трасу цалкам будзем адкрываць на наступны год якраз на Дзень народнага адзінства. Паралельна пачалі будаўніцтва яшчэ адной транспартнай развязкі, мяркуем ад МДУ імя Куляшова выйсці адразу ж на праспект Міру.

Нэлі ЗІГУЛЯ.