Зігуля, Н. Сцягі ў знак адзінства / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 9 верасня. — С. 2.
Магілёўская вобласць далучылася да акцыі «Сімвал адзінства 2023»
Магілёўская вобласць першая пасля Мінскай далучылася да рэспубліканскай акцыі «Сімвал адзінства 2023». Сёння аўтакалона, упрыгожаная дзяржаўнай сімволікай і сцяжкамі, праехала праз цэнтр Магілёва і завітала на плошчу Славы. Падтрымаць акцыю прыйшлі каля 600 прадстаўнікоў працоўных калектываў і моладзі. Юнакі і дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах трымалі ў руках каробачкі са складзенымі ў іх сцягамі Магілёва і Бабруйска, а таксама 20 раёнаў вобласці. Цырымонія перадачы пачалася з гімна.
На фоне ўрачыстай музыкі прагучалі словы пра тое, што сабой уяўляе акцыя. З мэтай стварэння гістарычных і новых геральдычных сімвалаў з 1996 да 2005 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі зацверджаны афіцыяльныя геральдычныя сімвалы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Магілёўскай вобласці. Сучасныя геральдычныя сімвалы Прыдняпроўскага краю ствараліся пры непасрэдным удзеле старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоля Глаза, які на той час узначальваў арганізацыйны камітэт па ўзнаўленні сімвалаў кожнага раёна і нашай вобласці.
— Мы зыходзілі пры іх стварэнні з таго, каб улічыць усё гістарычнае, што было на нашай тэрыторыі, і каб яны ў поўнай меры адлюстроўвалі тыя традыцыі, якія ўласцівыя раёну, — падкрэсліў Анатоль Ціханавіч у сваёй прамове. — У 2005 годзе Прэзідэнтам былі зацверджаны герб і сцяг нашай вобласці. Герб увасобіў у сабе ўсе традыцыі, якія існавалі на зямлі беларускай, вянчае яго ікона Бялыніцкай Божай Маці, якая шануецца ўсімі канфесіямі.
Анатоль Глаз падкрэсліў, што прымаць у сябе патрыётаў Беларусі з такой светлай і важнай місіяй — вялікі гонар. «Патрыятызм — абавязак кожнага, хто жыве на зямлі, — перакананы ён. — Больш моцнага падмурка для дзяржавы і грамадства, чым патрыятызм, свет яшчэ не прыдумаў. І калі мы будзем мець такі падмурак, нам ніякія выпрабаванні не страшныя».
Ва ўрачыстай атмасферы адбылася перадача сцягаў раёнаў Магілёўскай вобласці грамадскаму аб’яднанню «Патрыёты Беларусі» для далейшай устаноўкі на алеі Адзінства ў сталіцы Беларусі. Мэта акцыі — кансалідацыя грамадства адзінай ідэяй міру і стварэння пад сімваламі рэгіёнаў, нагадаў прысутным старшыня грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі» Мікалай Зарубіцкі.
— Трэці год мы праводзім гэтую акцыю і знаходзім гарачую падтрымку, — адзначыў ён. — У 2021-м аб’ехалі ўсе 118 райцэнтраў і сабралі зерне. Гэты праект быў ушанаваны Прэзідэнцкай прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Летась збіралі шасцярэнькі пад дэвізам: «Мы ўсе адзіны механізм». Сёлета вырашылі яшчэ больш шырокім сэнсам напоўніць акцыю і стварыць алею рэгіёнаў у Мінску. Алею Адзінства, якая збярэ сцягі ўсіх гарадоў і раённых цэнтраў Беларусі. Пад кожным сцягам будзе ўстаноўлена таблічка з QR-кодам, каб любы ахвотны мог даведацца пра гісторыю і славутасці канкрэтнага раёна. Гэта будзе вельмі цікавы аб’ект для турыстаў.
Аляксандра Лазарава, вучаніца Магілёўскай школы № 31, — адна з пераможцаў шоу «Выклік», які арганізоўвалі «Патрыёты Беларусі». Дзяўчына лічыць, што вельмі важна захаваць патрыятычны дух і сваім удзелам паказваць іншым аднагодкам прыклад.
— Патрыятызм — гэта крута, — кажа яна. — Гэта магчымасць прадэманстраваць сваю любоў да радзімы. У мяне гэта пачуццё развілася ад любові да прыроды. І я рада, што знайшла аднадумцаў сярод патрыётаў Беларусі. Вельмі шчаслівая, што з імі пазнаёмілася. Тут людзі, аб’яднаныя адной мэтай. Мы жадаем, каб наша краіна квітнела.
Пасля афіцыйнай часткі на плошчы Славы ў музеі гісторыі Магілёва адбылася дыялогавая пляцоўка, спікерам якой выступіў беларускі палітолаг Аляксей Дзермант. Ён расказаў моладзі, што вельмі важна быць разам і жыць як адна вялікая сям’я ў агульным доме пад назвай Беларусь.
Сёння ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства, грамадская арганізацыя «Белая Русь» правяла ў Горках грамадска-палітычны марафон «17 граняў адзінства». Удзел у ім прымалі прадстаўнікі арганізацыі Шклоўскага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў. У праграме адбыліся семінар-практыкум, круглы стол з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігара Марзалюка і першага сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Лук’янава.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара