Паслясмак «Залатога шлягера»

Зігуля, Н. Паслясмак «Залатога шлягера» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 31 кастрычніка. — С. 8.

Гурманы кажуць, што сапраўдныя адчуванні ад ежы прыходзяць пасля. Тое ж самае датычыцца міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер». Песні — таксама свайго роду ежа, толькі духоўная. Фестываль падарыў Магілёву шэсць цудоўных вечароў з удзелам любімых выканаўцаў, чые імёны ўжо ўвайшлі ў залаты фонд музычнага мастацтва. Чым яны парадавалі, захапілі, уразілі? Успомнім, як гэта было.
Масткі Марыям Мерабавай
Яркая прадстаўніца джазавай плыні Марыям Мерабава перад канцэртам «Джаз і не толькі» паабяцала, што будзе будаваць масткі паміж сабой і гледачом. Яна мела на ўвазе, што музыка, прыхільніцай якой яна стала яшчэ ў юнацтве, валодае неверагодным уздзеяннем. І лічыць, што дзяцей абавязкова трэба вадзіць на канцэрты і рабіць ім прышчэпкі «рытмам і гучаннем».
— Шмат хто думае, што джаз — гэта толькі англійская мова, — разважала яна на прэсканферэнцыі ў Палацы культуры вобласці. — Яны памыляюцца. Гэта пэўная рытміка, пэўны стан. На якой мове гэта выконваецца, няма ніякай розніцы. Але калі пачынаеш спяваць па-руску, некаторыя сумняваюцца: гэта, напэўна, не джаз. Дзівакі. Джаз — гэта асаблівы стан душы, вялікі сусвет з рознымі паджанрамі. Знакаміты амерыканскі джазавы выканаўца Джон Скофілд, з якім мы сустракаліся на канцэрце ў Маскве, сказаў: «У джазе, галоўнае, не забранзавець, а ісці ў нагу з часам. Гэта самы прагрэсіўны кірунак».
Марыям прызналася: выступленне ў Магілёве — гэта яе паклон Людміле Гурчанцы, якая працавала над мосцікам «джаз — руская мова». «Яна, сама таго не ведаючы, была маім настаўнікам і правадніком», — адзначыла спявачка.
Масток да гледача Марыям зрабіла ў дуэце з Алегам Старыкавым — вучнем джазавага піяніста Міхаіла Окуня, таго самага, з якім Людміла Гурчанка калісьці запісала свой знакаміты альбом «Сумная пласцінка». Усе савецкія песні, якія выбрала артыстка, прагучалі ў джазавым выкананні.
Візітоўка рэгіёна
За гады існавання фестывалю на ім пабывалі артысты з 25 краін. Звычайна ў дні «Залатога шлягера» стаіць прыгожае сонечнае надвор’е, гэтым разам выпаў першы снег, які не сапсаваў настрой. Радасць велікадушна дарылі госці з сонечнай Італіі: Мікеле Пома, Антанела Бучы, Маўра Менгалі. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Ланская разгарачыла залу шлягерам Валерыя Лявонцьева 80-х гадоў «Палёт на дэльтаплане». А пад гукі іскрамётнага хіта «Сіні іней» у выкананні экс-саліста ВІА «Сіняя птушка» Аляксандра Драздова народ танцаваў у праходах. Музыканты ВІА «Лейся, песня», якія, дарэчы, завіталі на «Залаты шлягер» чацвёрты раз, парадавалі песнямі, якія яшчэ 40 гадоў таму гучалі, напэўна, у кожным доме. Міхаіл Мурамаў павітаўся сваі мі знакамітымі «Яблыкамі на снезе». Таццяна Іванова з вечна юным гуртом «Камбінацыя» жадала магіляўчанам фінансавага дабрабыту ў якасці ўступу да песні «Бухгалтар». А «Два кавалачкі каўбаскі» спявачка аб’явіла найлепшым навагоднім хітом, параіла дадаць да яго якую-небудзь салату і прыстойны напой. Ірына Панароўская, як заўсёды стыльная і чароўная, нагадала (у першую чаргу мужчынам), што «Жанчына заўсёды справядлівая» і прызналася, што выходзіць на сцэну (спявачцы сёлета споўнілася 70 гадоў) яе прымушае любоў да гледача. «Лічаць, што я спявачка адной песні і вы ведаеце якой («Рабінавыя каралі». — Аўт.), — сказала яна какетліва. — Насамрэч іх шмат. Завіце, і я прыеду». Яна заклікала публіку танцаваць разам з ёй пад хіт пра гітару, якая плача і спявае, дадаўшы: «Няхай наша свята крыху настальгічнае, крыху з мінулага, але гэта наша жыццё».
Карцінная галерэя фестывалю
«Залаты шлягер» мае свае традыцыі і адметнасці. Адна з іх — жывапісны аўтограф ад артыстаў. Беларускі мастак Анатоль Концуб робіць так званыя нарыхтоўкі будучых карцін, якія павінны завяршыць артысты. Сёлета калекцыя папоўнілася новымі творамі. Беларуская спявачка Жанет, напрыклад, намалявала грыбочкі, арт-група «Беларусы» — вавёрку, італьянцы — птушачак над морам.
— Мора спецыяльна пад італьянцаў рабіў — гэта іх стыхія, — усміхаецца мастак. — Жывапісны экспромт — вельмі цікавая дэталь «Залатога шлягера». Нехта кветачкі намалюе, нехта — чалавечка, нехта — птушак. Нашы госці спрэс знакамітасці. Адна справа — бачыць іх у зале на сцэне, і іншая — вось у такой камернай абстаноўцы з пэндзлем у руках. Гэта вельмі цікавае пераўтварэнне.
У калекцыі ўжо некалькі дзясяткаў карцін з аўтографамі знакамітасцяў. Сярод іх — Рэнат Ібрагімаў, Анатоль Ярмоленка, Крысціна Арбакайтэ, Ігар Нікалаеў, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Бары Алібасаў, гурты «На-на», «Вопеу М» і шматлікія іншыя. Выстаўка «Маляўнічыя грані «Залатога шлягера» працавала ў рамках фестывалю ў холе магілёўскага абласнога Палаца культуры.
«Залаты шлягер — 2023» сказаў: «Да сустрэчы!» Наступны раз ён завітае ў Магілёў праз два гады.