Бацька прырос да гэтай зямлі

Арлова, Т. Таццяна Арлова: «Бацька прырос да гэтай зямлі» / Таццяна Арлова ; гутарыла Ларыса Цімошык // Літаратура і мастацтва. — 2023. — 17 лістапада. — С.14.

У гісторыі беларускага тэатра ёсць і застануцца легендарныя асобы, лёсы якіх — сведчанне таго, як жыць дзеля справы і ствараць прафесійныя калектывы, якія сёння з’яўляюцца ўзорамі — вядомымі дзяржаўнымі тэатрамі, якія ўжо маюць статус нацыянальных. Жыццё народнага артыста БССР Дзмітрыя Арлова было цалкам прысвечана тэатральнай справе Беларусі — спачатку ў Рускім драматычным тэатры, пасля ў якасці выкладчыка акцёрскага майстэрства ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе ён падрыхтаваў 100 артыстаў і 20 рэжысёраў, якія трымалі высокую планку прафесійнага майстэрства ў розных тэатрах, самі сталі заслужанымі і народнымі артыстамі, таксама легендамі, вартымі захаплення.

У Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова было шмат іпастасяў: акцёр, рэжысёр, педагог, прафесар, навуковец, крытык… У кожнай з іх унёсак значны. Але галоўным у яго жыцці быў тэатр. Быў адзін тэатр, дзеля якога ён змяніў жыццё. Пра гэта ішла размова падчас вечарыны, якая адбылася на малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў гонар колішняга мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра Дзмітрыя Арлова — сёлета адзначаецца яго 120-годдзе. Сучасная тэатральная моладзь магла даведацца пра складаныя часы, калі паўставалі тэатры — часам насуперак. І пра Асоб, якія насуперак лёгкім і простым рашэнням рабілі выбар не дзеля сябе, а на карысць справы. Пра тое, як жыў дзеля мастацтва Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, наша размова з яго дачкой, тэатральным крытыкам, прафесарам Таццянай Арловай.

— Карэнны масквіч, запатрабаваны акцёр, які папрацаваў у розных сталічных тэатрах, вырашае прыехаць працаваць у Магілёў… І гэта 1930-я гады, калі ў творчым асяродку ўсё было няпроста. Трэба мець магутны стумул, каб прыняць такое рашэнне…

— Тата быў ужо даволі вядомы чалавек у Маскве, працаваў у так званым Рэалістычным тэатры (цяпер гэта тэатр Маякоўскага). Супрацоўнічаў з рэжысёрам Мікалаем Ахлопкавым, выконваў у яго спектаклях галоўныя ролі. Тады Дзмітрый Арлоў быў вельмі папулярны. Але ў яго адбыўся канфлікт з Ахлопкавым — той ставіў «Атэла», Арлоў у тым спектаклі атрымаў ролю Яга. Тата з задавальненнем пачаў рэпеціраваць. Але Мікалай Ахлопкаў быў фармалістам, а бацька — прыхільнікам Станіслаўскага, і гэта стала яго творчым выбарам на ўсё жыццё. Несупадзенне эстэтычных канцэпцый было відавочнае. Аднойчы Ахлопкаў падчас рэпетыцыі сказаў: «Ты вазьмі ў рот ліхтарык і асвяці жудаснае нутро нягодніка Яга». На гэтым у бацькі цярпенне скончылася. Ён вырашыў, што павінен сысці… Усё адбылося вельмі хутка. Бацька схапіў жонку і мяне (я была яшчэ немаўля), сарваўся з Масквы. Паехаў у Магілёў — яго даўно клікаў Кумельскі.

Уладзімір Кумельскі лічыцца заснавальнікам рускага тэатра ў Мінску. Але трупа Кумельскага пачыналася як вандроўная, пасля з’явілася мягчымасць стаць асобным тэатральным калектывам. Ды гэтаму калектыву было патрэбна павышаць свой прафесійны ўзровень, каб адпавядаць статусу дзяржаўнага тэатра. Кумельскі, працуючы спачатку ў Бабруйску, а потым у Магілеве, вельмі стараўся выправіць сітуацыю. Ён быў добра знаёмы з Дзмітрыем Арловым і, каб удасканаліць работу рускага тэатра ў Беларусі, часта прыязджаў у Маскву і сустракаўся з бацькам — прапаноўваў яму нешта паставіць. Бацька некалькі разоў (у розныя гады — 1933, 1934) прыязджаў у Магілёў паглядзець рускі тэатр. Прыязджаў, глядзеў. Тэатр яму не вельмі спадабаўся, і ён адмовіў Кумельскаму. Але калі адбыўся канфлікт з Ахлопкавым, вырашыў прыняць прапанову.

А ў Маскве ён ужо меў сваю студыю, пачынаў пакрысе выкладаць. У яго было насычанае жыццё: едзіў па Расіі, ставіў спектаклі, арганізоўваў моладзь. Але хацелася мець сваю справу жыцця. І калі ўзнікла сітуацыя, калі справа падавалася адзінай рэальнасцю, дзеля якой можна было жыць, то ён пайшоў на гэта не вагаючыся.

— Ведаючы, як склалася жыццё Дзмітрыя Арлова потым, разумееш, што яго пераезд быў патрэбны менавіта тэатру і Беларусі, якая падымала тэатральную справу.

— Калі Арлоў пераехаў і яшчэ больш заглыбіўся ў праблемы тэатра, то зрабіў выснову: трэба мяняць трупу. Пра што і паведаміў Кумельскаму і больш высокаму начальству, якое курыравала гэтыя пытанні. У 1936 годзе Арлова прызначылі галоўным рэжысёрам Рускага тэатра, які на той час базіраваўся ў Магілёве. Ён быў павінен дбаць пра творчы ўзровень трупы.

Амаль на месяц паехаў у камандзіроўку ў Ленінград. Прагледзеў выпускныя экзамены ў розных тэатральных установах. Выбраў 16 чалавек і запрасіў іх на працу ў Магілёў. І яны прыехалі!

Ва ўсіх была добрая школа: Санкт-Пецярбург славіўся сваёй тэатральнай культурай. І сярод тых артыстаў, хто адгукнуўся на запрашэнне Арлова, быў адзін, які застаўся ў Беларусі назаўсёды — Фёдар Шмакаў (ён пасля шмат гадоў працаваў у тэатры імя Якуба Коласа). Але некаторыя з маладых акцёраў-ленінградцаў вырашылі вярнуцца дадому, калі пачалася вайна. Яна заспела Рускі тэатр на гастролях у Беластоку — бацька як мастацкі кіраўнік і народны артыст БССР на той час ратаваў сваю трупу ад небяспекі, выводзіў рознымі шляхамі пад абстрэламі ў Магілёў, стараючыся захаваць тэатр. Але ад яго ў ваенныя гады застаўся невялікі калектыў. Іх накіравалі ў эвакуацыю ў Омск — Томск. Бацька не хацеў там быць, дамаўляўся з Масквой, бо тады яна курыравала Рускі тэатр, а не Беларусь. Пакуль былі ў Сібіры, ездзілі ў франтавыя брыгады, ігралі для салдат Першага беларускага фронту. А ў 44-м, як толькі вызвалілі Мінск, бацька вярнуўся ў Беларусь адразу ж, нікога не слухаючы. Стаў думаць, як тэатру вярнуцца да працы. Але не было прыдатнага памяшкання, іх накіравалі ў Гродна, дзе паказалі сябе вельмі добра, паставілі 10 спектакляў. А ўжо ў 1947 годзе Рускі драматычны тэатр БССР пераехаў у Мінск.

— Беларусь у разрусе, Арлоў, масквіч па нараджэнні, мог, напэўна, выбраць больш прывабны і беспраблемны варыянт для жыцця і працы. Але вяртаецца туды, дзе трэба аднаўляць трупу і фактычна наноў ствараць тэатр…

— Ён масквіч, і ўся радня (сям’я вялікая, у яго было пяцёра братоў і сясцёр) была там. Але калі звязаў сябе з Беларуссю, то вырашыў жыць тут. Ён вельмі па-любіў Беларусь. Яго запрашалі ў Маскву і на здымкі, і на працу. А ён заўсёды казаў: «Там мая справа». Але быў момант, калі стаў вагацца: недзе ў 48-м годзе, калі змянілася кіраўніцтва, і ў тэатры яму як мастацкаму кіраўніку не ўсё ўдавалася зрабіць. А ў Маскву яго ўвесь час клікалі. Але Мінск не адпускаў. З’явілася новая прапанова: пайсці выкладаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Зноў новая справа. Еўсцігней Міровіч толькі імкнуўся наладзіць падрыхтоўку акцёраў у рэспубліцы. Калі бацька прыйшоў у інстытут і стаў займацца са студэнтамі, ён і ў гэтую справу паглыбіўся. Яшчэ хадзіў у тэатр, некалькі гадоў працягваў іграць нейкія спектаклі, пакуль не прыйшоў рэжысёр, з якім ён абсалютна творча не супадаў. Таму цалкам пераключыўся на выкладанне ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Фактычна стварыў сваю акцёрскую школу — распрацаваў і напісаў новую метадалогію падрыхтоўкі акцёраў і рэжысёраў. Займаўся навукова-даследчай дзейнасцю, атрымаў дыплом прафесара ВАКа.

— Такое адчуванне, што справа была на першым месцы заўсёды. Дзеля справы ён мог ахвяраваць нейкімі асабістымі жаданнямі, прапановамі, планамі? Як гэта адбівалася на сям’і?

— У яго не было адчування ахвярнасці. Калі прывёз у Магілёў мяне з мамай (яны была вядучая актрыса, вельмі прыгожая жанчына), ёй сталі адразу даваць вя-лікія ролі, а са мной не было каму сядзець і займацца выхаваннем. Мама папрацавала ў Магілёве 2 ці 3 гады і вярнулася ў Маскву разам са мной. А тата застаўся. Рассталіся мірна. А потым ён пакахаў актрысу Ганну Браніславаўну Абуховіч. Яны пабраліся шлюбам перад вайной. У бацькі ў Беларусі з’явілася новая сям’я, нарадзіўся мой брат Валерый.

Калі я ўжо вучылася ў школе ў Маскве, тата пагаварыў з жонкай, каб я прыехала жыць да іх у Мінск. Мая мама тады мяняла тэатры, аб’ездзіла ўсю Расію, і я разам з ёй. У чацвёртым класе я памяняла 6 школ. Хіба гэта нармальна для дзіцяці? Мяне забралі на адзін год, вучылася тут у школе, але ўсё ж папрасіла тату, каб дазволіў мне паехаць назад. А калі я ўжо стала дарослай і прыехала сюды паступаць на журфак, Ганна Браніславаўна да мяне добра ставілася як чалавек, як актрыса да пачынаючага крытыка, нягледзячы на тое, што яны з бацькам ужо разышліся. Дзякуючы гэтаму мы, напэўна, захавалі самыя добрыя адносіны з маім братам, які выбраў марскую справу і цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Тата клапаціўся пра мяне ўсё жыццё — я яму за гэта вельмі ўдзячная. Увесь час дапамагаў матэрыяльна, дасылаў маме грошы, пакуль я не вырасла і не стала самастойнай. Ён заўсёды мяне любіў як старэйшую дачку і раіўся са мной, а калі ўжо моцна хварэў і паміраў, то нікога не падпускаў, акрамя мяне. Калі яго не стала, то нават не было за што пахаваць — на ашчаднай кніжцы аказалася 3 рублі.

— Тобок жыў, як атрымлівалася, не думаючы пра матэрыяльнае. А ці лічыў ён сябе шчаслівым чалавекам?

— Не скажу дакладна. Адчування шчасця я ў яго не назірала. Ён быў чалавек з выдатным пачуццём гумару, але крыху закрыты па жыцці. У яго не было такіх сяброў, з якімі б мог разняволіцца. Хіба студэнты раслі, прыходзілі да яго, але і з імі поўнасцю не раскрываўся.

Ён ніколі не скардзіўся на жыццё. Што ў яго атрымлівалася — тое і атрымлівалася. Недзе толькі бліжэй да канца жыцця, калі стаў хварэць, імкнуўся трошкі ўладкаваць побыт. Бо ў таты ж нават кватэры сваёй доўга не было: то гасцініца, то пераезды, то здымнае жыллё, то яшчэ неяк. Толькі калі ўжо працаваў у інстытуце, яму за пяць гадоў да смерці далі кватэру на Паркавай магістралі, дом 3. Цяпер на гэтым доме вісіць памятная дошка, насамрэч мала артыстаў, якіх ганаравалі памятнай дошкай. У яго не было разумення дома ў поўным сэнсе. А калі далі ўчастак і сталі будаваць дачу, то ён вельмі захапіўся гэтым — хацеў, каб быў сад. Фактычна свой дом у яго з’явіўся толькі пад канец жыцця. Ён быў шчаслівы, калі ў яго там нешта атрымлівалася. Напрыклад, умеў вельмі добра кухарыць. Рабіў гэта рэдка, але запамінальна. Казаў: ідзіце пагуляйце, а я буду гатаваць абед. З чаго і як рабіў, дзе браў рэцэпты — загадка, але атрымлівалася вельмі смачна. І рыбак ён быў добры, ведаў і любіў гэтую справу.

Паняцця шчасця ў нейкім закончаным варыянце ў яго не было, таму што ён заўсёды хацеў нешта новае, заўсёды да чагосьці імкнуўся. Закончыў адно — пачы-наў іншае. Увесь час у яго жыцці былі нейкія змены: спачатку акцёр, потым рэжысёр, педагог, навуковец, потым рыбак, кухар, дачнік.

Ён быў сумленны чалавек. Яго ніколі не цікавілі грошы, заробак. Колькі ёсць — столькі і ёсць. Жыў мастацтвам. Увесь час. Застаўся архіў публікацый, яго рэцэнзій баяліся акцёры і рэжысёры.

Магчыма, быў невялікі шчаслівы час, калі ён пачаў здымацца ў кіно. Ужо ў сталым узросце, калі з поспехам прайшоў фільм «Гадзіннік спыніўся апоўначы», дзе ён выканаў ролю Вільгельма фон Каўніца (правобразам якога быў нацысцкі генерал-камісар гаўляйтэр Кубэ). Гэтую работу высока ацанілі: ён упершыню зрабіў ворага разумным чалавекам, а не дурнем, якога лёгка перамагчы. А потым было яшчэ некалькі фільмаў. Ён ужо выкладаў у інстытуце, але дзякуючы кіно вярнуўся ў акцёрскую прафесію — гэта для яго было важна.

Самае цікавае, што вялікай сяброўкай па жыцці ў таты заўсёды была мая мама. З ёй ён мог абмяркоўваць любыя пытанні. Яна была вельмі адукаваная жанчына, яны шмат гутарылі. Мама да канца засталася яго сябрам, а ён для мамы заўсёды быў самым каханым мужчынам, хоць і жылі яны столькі гадоў асобна.

— Атрымліваецца, што пераезд у Беларусь шмат што вырашыў у іх адносінах? Гэта было лёсавызначальнае рашэнне для вашай сям’і?

— Так. Ён хоць і не размаўляў па-беларуску, але ведаў і разумеў мову. Паглыбіўся ў гісторыю, шмат паездзіў па Беларусі. Калі яму ў інстытуце станавілася сумна, ездзіў у Бабруйск ствараць спектаклі як рэжысёр — запрашалі ставіць класіку. Ён вельмі цікавіўся ўсім беларускім. Напэўна, гэта яго сілкавала. Бацька сапраўды прырос да гэтай зямлі.