Японскі каларыт для магілёўскага настаўніцтва

Сінькевіч, Г. Японскі каларыт для магілёўскага настаўніцтва : [артысты ансамбля традыцыйнага японскага танца «Мандзюсяка» выступілі ў Магілёве для настаўнікаў і педагогаў] / Г. Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2014. — 2 верасня. — С. 7.

Настаўнікі і навучэнцы Магілёва мелі магчымасць пазнаёміцца з цудоўнай культурай Краіны ўзыходзячага сонца. Такую магчымасць магіляўчанам падарыла дабрачыннае выступленне знакамітага ансамбля традыцыйнага японскага танца “Мандзюсяка”, якое адбылося на сцэне абласнога Цэнтра творчасці.

У Магілёве артысты ансамбля прадэманстравалі каля дзясятка выступленняў, кожнае з якіх уразіла гледачоў сваёй маляўнічасцю, светлавой гульнёй, прафесійнай акцёрскай работай. Прысутныя на канцэрце змаглі на час акунуцца ў непаўторную атмасферу культуры Японіі, бо артысты стварылі на сцэне сапраўдны маленькі свет, які перадаваў у глядацкі зал усе асаблівасці нацыянальнай культуры і традыцый. Атрымалася гэта дзякуючы разнастайнасці прадстаўленых ансамблем нумароў, якія ў сукупнасці стварылі феерычнае шоу з каларытнымі мясцовымі танцамі, выступленнямі гейш, самураяў, драконаў. Уражвалі артысты таксама незвычайнымі сцэнічнымі касцюмамі. Па словах кіраўніка ансамбля Ф. Кіёэ, вядомай больш як мама Роза, усе касцюмы артыстаў вырабляюцца ўручную. Уручную наносяцца і ўзоры на кожны касцюм, ні адзін з якіх не паўтараецца. З моманту ўзнікнення ансамбля яго артысты актыўна ўдзельнічаюць у папулярызацыі японскай культуры за мяжой, у тым ліку і ў нашай краіне. Як расказалі ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, паміж Японіяй і Беларуссю даўно наладжаны сяброўскія адносіны. Ансамбль “Мандзюсяка” ўжо тройчы наведваў рэгіёны нашай краіны, у тым ліку і якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, менавіта з Беларуссю звязаны творчы псеўданім кіраўніка ансамбля Ф. Кіёэ. Мамай Розай яе сталі называць беларускія дзеці, якіх спадарыня Кіёэ брала да сябе на аздараўленне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС — калектыў прымае актыўны ўдзел у аздараўленні нашых дзяцей праз арганізацыю “Мост у Чарнобыль”. Менавіта беларускія дзеці некалі і запрасілі ансамбль у Беларусь. Запрашэнне калектыў “Мандзюсяка” з радасцю прыняў, і ўжо першы іх візіт у Беларусь перарос у добрую традыцыю культурнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі. Традыцыю, якая, без сумненняў, працягнецца і ў далейшым.