Барысенка, М. Вайна без купюр : [інтэрв’ю з магілёўскім гісторыкам і пісьменнікам Мікалаем Барысенка] / М. Барысенка ; гутарыла Н. Зігуля // Звязда. — 2014. — 2 верасня. — С. 5.
Магілёўскі гісторык і пісьменнік Мікалай Барысенка разгадвае сакрэты магілёўскага падполля.
Мікалай Барысенка — аўтар 10 навукова-папулярных кніг па краязнаўстве і гісторыі магілёўскага рэгіёна і Усходняй Беларусі, яшчэ столькі ж напісана ім у суаўтарстве. Яго зборнік экскурсій больш чым на
800 старонак лічыцца самым папулярным краязнаўчым выданнем Магілёўшчыны. А летась за яшчэ адну кнігу аб родным краі — «Зямля Магілёўская» — ён атрымаў галоўную ўзнагароду рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Залаты Купідон».
Але больш за ўсё яму бліжэй тэма другой сусветнай вайны. Ён нарадзіўся праз 11 гадоў пасля таго, як адгрымелі тыя баі, але, здаецца, ведае пра іх не менш, чым баявы ветэран. Дваццаць гадоў таму ён захапіўся пошукавай працай і стварыў атрад «ВІККРУ». З небыцця былі вернуты тысячы імёнаў зніклых без вестак чырвонаармейцаў, знойдзены адказы на пытанні, якія так і засталіся б «белымі плямамі», калі б не асабістая цікавасць гэтага чалавека і яго аднадумцаў. Пад яго рэдакцыяй выходзіць адзіны ў Беларусі «Магілёўскі пошукавы веснік», на старонках якога друкуюцца самыя апошнія і яшчэ нідзе не апублікаваныя звесткі аб падзеях і героях самай крывавай у гісторыі чалавецтва вайны. Ёсць нават сайт, які Мікалаю Барысенку дапамагла зрабіць Магілёўская абласная бібліятэка. На ім можна азнаёміцца амаль з усёй творчасцю пісьменніка-пошукавіка. Але цікавых звестак менш не становіцца, і ў галаве ўжо круцяцца думкі пра новую кнігу. Яна — пра «нябачных» герояў Вялікай Айчыннай вайны, дыверсантаў і падпольшчыкаў. І, што адметна, аўтар збіраецца ўпершыню паспрабаваць сябе ў мастацка-дакументальным жанры.
Прычыны правалу Магілёўскага падполля яшчэ не рассакрэчаны.
Нават зараз, праз 70 гадоў пасля вызвалення Беларусі, гэта тэма, як той казаў, пакрытая цемрай. У 1943-м Магілёўскае падполле было знішчана цалкам. Чаму, а галоўнае, па чыёй віне, — невядома. Доўгі час пасля вайны спробы знайсці адказы на гэтыя пытанні распачыналіся неаднойчы. Нават Камітэтам дзяржбяспекі. Былі розныя меркаванні, але да адзінага прыйсці не атрымалася. Потым на ўсе гэтыя даследаванні партыйная ўлада наклала вета і запатрабавала тэму закрыць.
— Мы нават не ведаем дакладна, з чаго пачалася тая ваенная трагедыя,— кажа Мікалай Барысенка. — Вельмі шмат пытанняў і амаль няма адказаў.
Але гісторык спадзяецца, што нешта высветліцца падчас яго работы над будучай кнігай.
— Галоўная тэма гэтага твора — дзейнасць спецгруп і дыверсантаў разведаддзелаў штабоў франтоў, НКУС і НКДБ, асобых армейскіх аддзелаў, якія закідваліся ў Беларусь для разгортвання партызанскага руху, — расказвае пісьменнік. — Менавіта яны «прымушалі» мясцовае насельніцтва, тых акружэнцаў, якіх на Магілёўшчыне асела не адна тысяча, брацца за зброю. Адчуваю, што будзе пратэст некаторых ветэранаў, але ўсе ведаюць, што сярод насельніцтва хапала і такіх, якія не вельмі імкнуліся прыносіць карысць Радзіме і злучыцца з часцямі Чырвонай Арміі. Ёсць дакументы і ўспаміны, якія пацвярджаюць гэта. Адзін з маіх будучых герояў — магілёўскі ветэран Мікалай Іванавіч Падшываленка, які ваяваў у складзе адной такой спецгрупы.
— Дзейнасць спецгруп неяк звязана з правалам магілёўскага падполля?
— Мой цесць Нікіфар Драздзенка быў намеснікам кіраўніка спецгрупы разведаддзела штаба трэцяга Беларускага фронту, ваяваў у Клічаўскіх, Бярэзінскіх, Бялыніцкіх лясах. Захаваліся данясенні (якія перадавалі падпольшчыкі Магілёва да іх у спецгрупу, а яны, у сваю чаргу, — у Маскву) аб перамяшчэнні эшалонаў, аб часцях, аб месцах знаходжання штабоў. У 1943-м Магілёў быў тылавым раёнам групы армій Цэнтр, тут размяшчалася шмат штабных устаноў. І я лічу цудам, што тыя бясцэнныя звесткі з 1943-1944 гг., невялічкія лісточкі, спісаныя алоўкам, зараз знаходзяцца ў маіх руках. Дарэчы, насіла іх партызанам мая цешча — Любоў Міхайлаўна. На падставе гэтых дакументаў, я мяркую, будзе не так цяжка аднавіць карціну тых дзён. Там ёсць імёны падпольшчыкаў, іх мянушкі, інфармацыя аб тым, хто чым займаўся. У тым ліку і сведчанні аб здрадніках, якія дапамагалі акупантам.
Дняпроўскі рубеж — гэта не толькі абарона Магілёва.
— Асабліва цікавым для мяне застаецца 1941 год. Нягледзячы на тое, што аб пачатку вайны напісана шмат, мы толькі на чвэрць ведаем пра тое, што насамрэч адбывалася ў першыя месяцы вайны ў Магілёве. Асабліва ў дачыненні да мірных жыхароў. Калі немцы ўзялі горад, на працягу некалькіх месяцаў тут праводзіліся карныя аперацыі. У асноўным лютавалі паліцэйская жандармерыя і ўкраінскія нацыяналісты. Беларускія з’явіліся пазней — у 1942 годзе.
— Сцэнарый, які быў напісаны Аляксеем Дударавым да фільма «Дняпроўскі рубеж» — пра абарону Магілёва, выклікаў крытыку з вашага боку. Чаму?
— Тое, што зрабіў Дудараў, — добрае мастацкае палатно, якое можна з аднолькавым поспехам аднесці да любога горада краіны. Гістарычных ляпаў і недакладнасцяў там шмат. Дастаткова таго, што ён называе Дняпроўскім рубяжом непасрэдна абарону Магілёва, хаця гэтую назву меў увесь участак абароны ад Оршы ў Віцебскай вобласці да Лоева — у Гомельскай. Я напісаў крытычную рэцэнзію наконт яго інтэрпрэтацыі, але яна засталася без адказу.
Напярэдадні здымак у горад прыязджаў рэжысёр Дзяніс Скварцоў, і я паказваў яму старыя куточкі горада, дзе яшчэ захаваўся той каларыт. Але ён палічыў іх непадыходзячымі, і фільм пра Магілёў здымалі ў Гродне, Бабруйску, Быхаве. Але тая арыгінальная карта абароны Магілёва, якая час ад часу з’яўляецца на экране, — справа рук нашага пошукавага атрада. Менавіта мы яе ўдакладнілі. Я яе падарыў Дзянісу падчас сустрэчы. Наогул мы заставаліся з ім на сувязі на працягу здымак усяго фільма, а значная частка тэксту, які гучыць за кадрам, напісана мной.
Хацелася б зняць сапраўдны фільм пра абарону Магілёва. І каб там ішла размова не толькі пра Буйніцкае поле, але і пра іншыя плацдармы па Мінскай, Шклоўскай шашы, у раёне Задняпроўя. Там таксама хапала прыкладаў мужнасці і гераізму савецкіх салдат.
У моры я навучыўся любіць Радзіму.
— У Магілёве вас ведаюць як добрага эксперта па ваеннай і іншай гістарычнай тэматыцы, але спачатку было мора. І свае першыя публікацыі вы прысвячалі не вайне, а менавіта гэтай стыхіі. Як адбылося, што з часам цікавасць да гісторыі роднага краю перамагла «марскі інтарэс»?
— Сапраўды, у 15 гадоў я, ахоплены рамантыкай, паехаў шукаць шчасця ў Калінінград, дзе паступіў на штурманскі факультэт «мараходкі». Мне пашчасціла праходзіць стажыроўку на «Крузен-штэрне». Гэта самы вялікі парусны чатырохмачтавы барк. Пасля 1-га года вучобы ўвесь наш курс (120 чалавек) адправіўся на ім з Рыгі ў Севастопаль вакол усёй Еўропы. Нельга перадаць словамі тыя ўражанні, якія я атрымаў падчас плавання. Я запісваў іх у свой вялікі нататнік, але, на жаль, ён згубіўся. І, што самае цікавае, там, у моры, за тысячы кіламетраў ад дому, я ўпершыню па-сапраўднаму зразумеў, што значыць для мяне Радзіма.
— Калі працавалі ў спецшколе для цяжкіх падлеткаў, хутка знаходзілі паразуменне з выхаванцамі?
— Скажу без лішняй сціпласці — так, бо я ў свой час прайшоў вельмі падобны шлях і добра разумеў юных правапарушальнікаў. Але мала хто з іх стаў на правільны шлях. Менавіта з імі пачынаў займацца краязнаўчай працай, якая потым перарасла ў пошукавую.
— За той час, які вы займаецеся пошукам, не даводзілася «перапісваць гісторыю»?
— Гэтага рабіць наогул нельга. Гісторыя, якая складалася ў 60-70 гады мінулага стагоддзя, базіравалася на ідэалогіі краіны і ўспамінах франтавікоў. У кожнага была свая вайна. Салдат бачыў перад сабой той кавалак поля, які абараняў. Толькі пра яго ён і мог расказаць. А ідэалогія ўсё гэта абагульняла. Тады казалі, што не захаваліся дакументы. Гэта хлусня. Я прывёз з Падольскага архіва больш за тысячу арыгінальных дакументаў па абароне рэгіёна. Цяпер наша задача — зыходзячы з дакументаў, паказаць, як усё было. І калі гэтыя факты супадаюць з успамінамі ветэранаў, ёсць магчымасць убачыць рэальную карціну. Але, каб яна была насамрэч дакладнай, трэба яшчэ прааналізаваць і нямецкія архівы. Яны таксама для нас прыадкрываюцца. Мая кніга «1941 год: палаючыя рубяжы Дняпра і Сожа» выйшла 3 гады таму, але ўжо зараз у мяне ёсць магчымасць на 50% перапрацаваць і дапоўніць гэтае выданне.
Напрыклад, заўсёды лічылася, што ў абароне Магілёва прымала ўдзел адна 172-я стралковая дывізія. Гэта каля 15-16 тысяч чалавек. На самой справе, калі мы толькі пачалі аналізаваць тыя падзеі, адразу «выплылі» два велізарныя злучэнні. Гэта 110-я стралковая дывізія з Тулы, асобныя часці якой у час абароны перадаваліся 172-й дывізіі. А ў 2004 годзе мы ўпэўніліся ў тым, што тут ваяваў яшчэ 20-ы механізаваны корпус — гэта не менш за 15 тысяч чалавек. Магілёў і яго ваколіцы абараняла больш за 50 тысяч чалавек, без уліку батальёнаў народнага апал- чэння. Ніхто не чакаў, што немцы так хутка дойдуць да Дняпра. Гэта ўсё памылкі камандавання штаба Заходняга фронту, першы склад якога загінуў на шляху да Дняпра, і Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Нават Мінск быў здадзены без супраціўлення. Амаль без баёў вораг імкліва фарсіраваў Днепр і на ўчастку ад Шклова да Быхава. Толькі Магілёў на гэтым рубяжы трымаўся 23 дні і быў узяты цалкам 26 ліпеня.
Захаваліся нямецкія пацвярджэнні бязмернай мужнасці нашых салдат. Яны так і пісалі: «Гэта фанаты, вар’яты, якія ідуць на смерць, ведаючы, што ў іх няма ніякіх шанцаў на перамогу». Немцы ўзялі Смаленск, а Магілёў усё яшчэ трымаўся, і ворагу прыходзілася ваяваць з аглядкай на яго. Немцы баяліся контрудару. І небеспадстаўна. У 1941-м у нас былі не толькі паражэнні, як думаюць некаторыя, але і невялікія перамогі. На нейкі час савецкім падраздзяленням удалося адбіць Жлобін і Рагачоў.
— Вы прысвяцілі сваё жыццё таму, каб даведацца праўду пра вайну і расказаць яе. Не ўзнікала ў вас думкі наконт карысці такой працы: ці трэба яна наогул камусьці?
— Гэтае пытанне я задаю сабе кожны раз, калі саджуся пісаць чарговую кнігу. Усе яны, наколькі ведаю, не пыляцца на паліцах. Зборнікі экскурсій працуюць, па «Дняпроўскім рубяжы» зняты фільм. З дапамогай гэтых кніг праводзяцца розныя конкурсы і віктарыны. А колькі даводзіцца чуць добрых слоў ад родных тых загінулых, імёны якіх мы ўстанавілі. Нядаўна звярнулася адна жанчына з просьбай, каб я знайшоў хоць што-небудзь пра яе бацьку. Калі я сказаў, што яго астанкі знайшлі смаленскія пошукавікі і перапахавалі, яна закрыла твар рукамі і доўга плакала. Думаю, да гэтага дадаць няма чаго…