Зігуля, Н. Ужо з лесвіцай : кароткая дарога дадому стала бяспечнай / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 14 лютага. — С. 5.
Кароткая дарога дадому стала бяспечнай
Пра мікразону Падгорная — Падміколле «Звязда» пісала неаднойчы. Асаблівасць гэтай часткі горада ў тым, што яна знаходзіцца ў нізіне і сувязь з горадам падтрымліваецца, у тым ліку, з дапамогай шматлікіх лесвіц. Адна з іх якраз у раёне гарадской радзільні па вуліцы імя Тані Карпінскай. Некалькі гадоў таму газета пісала пра аварыйны стан лесвіцы. Яна была драўляная, месцамі паламаная, на некаторых пралётах адсутнічалі прыступкі. Ініцыятарам рэпартажу выступіў стараста мікразоны Аляксандр Пікуля. Гэтым разам ён запрасіў нас, каб парадавацца вынікам якасна зробленай работы.
Гаспадар мікразоны
Лесвіца дапамагае жыхарам Падміколля значна скараціць свой шлях дамоў. А яшчэ для ўсіх пешшу прайсціся да жамчужыны беларускага дойлідства — помніка XVІІІ стагоддзя Свята-Мікольскага жаночага манастыра і здзейсніць цікавую прагулку па гістарычным месцы. Тут праходзіць знакаміты шлях, па якім праязджалі карэты расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ для сустрэчы манаршых асоб у Магілёве ў 1780 годзе. На жаль, брукаванка, па якой яны ехалі, сёння знаходзіцца пад асфальтам. Але пры добрай фантазіі гэта ўсё можна ўявіць. А нагода прайсціся — адноўленая, металічная лесвіца. Кажуць, што яна не абледзянее. Дарэчы, была магчымасць праверыць на месцы. Прыём аб’екта карэспандэнт «Звязды» здзейсніла якраз у панядзелак, калі пешаходныя дарожкі нагадвалі каток. Затое па лесвіцы можна было крочыць смела. Нават не трымаючыся за парэнчы.
На сустрэчу стараста прыйшоў з групай падтрымкі. З Аляксандрам Цемруком яны працуюць разам у вулічным камітэце. А Ірына Бондарава вельмі добра ведае актыўнага старасту. Яна жыве на ўзвышшы, якраз насупраць радзільні, на вуліцы імя Тані Карпінскай. Лесвіцай жыхарка карыстаецца пастаянна, ходзіць у краму, царкву, проста прагульваецца. Успамінае, што гэтым шляхам у дзяцінстве разам з сябрамі бегала на Днепр купацца. А сёння яшчэ перыядычна наведваецца на могілкі, якія знаходзяцца ў нізіне.
— Лесвіца раней была драўляная, у вельмі дрэнным стане, — кажа яна. — Перыядычна прападала то адна-дзве прыступкі, а бывала і тры. І даводзілася караскацца з рызыкай для жыцця. А ўяўляеце, як складана ісці з цэнтра горада, напрыклад, жанчыне з сумкамі ў руках? Людзі падалі, атрымлівалі траўмы, нават я аднойчы ледзь не пакалечылася. Дзякуючы нашаму Аляксандру Васільевічу Пікулю парадак тут заўсёды падтрымліваўся, лесвіцу чысцілі пастаянна. Аляксандр Пікуля — народны герой у сваёй мікразоне. Больш актыўнага і прынцыповага старасту не знайсці ва ўсім Магілёве. Яго прозвішча добра ведаюць камунальныя службы горада і супрацоўнікі выканкамаў, чыя дзейнасць звязаная з навядзеннем парадку і стварэннем камфортных умоў пражывання для магіляўчан. Ён ужо на пенсіі і сваёй галоўнай задачай лічыць клопат аб тым, каб сувязь паміж яго мікразонай і горадам не перарывалася. У той дзень, калі я, балансуючы на слізкай дарозе, ішла на сустрэчу, ён ужо ў пяць раніцы вёў перагаворы з дарожна-маставым прадпрыемствам, каб там не забыліся зрабіць падсыпку дарогі крутога дзябранскага спуску. Па гэтым небяспечным маршруце курсіруе гарадскі аўтобус. Дарогу падсыпалі, але стараста даведаўся, што першы рэйс усё ж такі не адбыўся. Аўтапарк не стаў рызыкаваць. Зразумець адказных асоб можна. Дарога вузкая, крутая. Тады Пікуля зноў сеў за тэлефон і пачаў дагаворвацца, каб яшчэ раз зрабілі падсыпку. Дзякуючы настойлівасці пенсіянера, другі ранішні рэйс на 7 гадзін ужо адбыўся.
Каманда аднадумцаў
Месцічы на нарадуюцца на новую лесвіцу. Дарэчы, металаканструкцыі рабіла для яе вядомае магілёўскае прыватнае прадпрыемства «Протас». Непасрэдна ўстаноўкай займаліся работнікі ДМП, працэс кантралявалі работнікі Упраўлення камунальных прадпрыемстваў. Гэтыя падзеі падрабязна каментаваліся ў мясцовых СМІ. І сам аб’ект сёння ўспрымаецца як свята. Прыемна глядзець на яго, не кажучы ўжо пра тое, як зручна хадзіць.
— Гэтай лесвіцай карыстаюцца дзеці, якія вучацца ва ўстановах адукацыі, што ў цэнтры, а жывуць у мікразоне, мае знаёмыя, якія ходзяць у мікрараён Юбілейны, гэта самы кароткі шлях, — аргументуе Ірына Бондарава. — Прайшоў па мастку праз Дзебру, падняўся ўгару, і ты на месцы.
Колькі гадоў у гэтым месцы існавала лесвіца, ніхто не ведае. Яна была заўсёды. Летась вясной тут пацярпела жанчына. Пад ёй правалілася прыступка, і яна разам з сумкамі паляцела ўніз. Абышлося без пераломаў, але сінякоў і ўдараў было шмат. Да таго ж частка прадуктаў так і засталася пад лесвіцай.
— А яшчэ тут праходзіць шмат жыхароў з вуліцы Катоўскага, іншых вуліц, — удакладняе Аляксандр Пікуля. — Аўтобус у нас адзін, і не ўсе паспяваюць трапіць на канкрэтны рэйс. Трэба тады ісці пешшу. Галоўным аргументам для ўладкавання новай лесвіцы стаў калектыўны зварот, пад якім подпісы паставілі 114 жыхароў мікразоны. Аляксандр Пікуля асабіста паклапаціўся скласці такую паперу. Ведаў, што для новага мэра горада Аляксандра Студнева справа гонару — навесці парадак у родным Магілёве. І адказ не прымусіў сябе доўга чакаць.
— Нам бы яшчэ адну лесвіцу ўдасканаліць, якая выходзіць на прыпынак 12-га аўтобуснага маршруту, — мараць актывісты. — Там пакуль яшчэ драўляная. На сёння з усіх нашых лесвіц засталіся дзве драўляныя — у завулках Бетховена і Рачным. Астатнія шэсць — металічныя і жалезабетонныя. Спадзяёмся, што з драўлянай лесвіцай па завулку Рачны мы на наступны год развітаемся, замест яе таксама з’явіцца нешта больш грунтоўнае. Галоўнае, што самая праблемная лесвіца ўжо заменена. Тут людзі больш чым дзе траўмаваліся.
Аляксандр Пікуля дэманструе фота, як выглядаў гэты стратэгічны аб’ект раней. Відаць, што драўляныя дэталі збіраліся як папала. Нават парэнчы розныя.
Дзябранскі спуск
У калектыўным звароце да мэра горада ўзнімалася пытанне зрабіць не толькі лесвіцу, але і больш камфортным увесь дзябранскі спуск. Тут знаходзіцца адна з найбольш небяспечных для Магілёва дарог. Да таго ж яна адзіная, па якой можна трапіць у мікразону. З лесвіцай разабраліся, але планы па ўдасканальванні гэтага ўчастка ў вулічнага камітэта вялікія. Падчас нашай размовы далучыўся прадстаўнік «Зелянбуда», які кантралюе зялёнае будаўніцтва ў мікразоне. Арганізацыя працуе з улікам заўваг няўрымслівага старасты.
У развіцці тутэйшай мясцовасці і навядзенні прыгажосці зацікаўлены і Аляксандр Цямрук.
— Мы вельмі рады, што гэта лесвіца нарэшце атрымала годны выгляд, — кажа ён. — Яшчэ б хацелася, каб тут зрабілі больш грунтоўнае добраўпарадкаванне. Тэрыторыя зарастае амерыканскім клёнам, а гэта дрэва на другім месцы па шкоднасці пасля баршчэўніку. Ад яго вельмі цяжка пазбавіцца. У нашым выпадку гэта яшчэ і небяспечна, бо летам галіны дрэў навісаюць наўпрост над дарогай і памяншаюць яе агляднасць. А восенню ўся лістота падае на дарогу і робіць яе яшчэ больш небяспечнай. Да таго ж амерыканскі клён закрывае прыгожую панараму ад вачэй турыстаў. Сюды звычайна пад’язджае экскурсійны аўтобус, які працуе на рэспубліканскім турыстычным маршруце. І што людзі могуць убачыць? Лепш пасадзіць туі — і прыгожа, і паветра ачышчаюць.
Аляксандр прызнаецца, што яму падабаецца, калі вакол парадак. І лічыць, што шмат залежыць не толькі ад дзяржавы, але і ад саміх людзей. Кажа, што трэба самім дзейнічаць, а не чакаць, калі нехта прыйдзе і зробіць. Суботнікі таксама можна самім арганізоўваць, важна праявіць грамадзянскую пазіцыю.
Другая прыемная навіна ад жыхароў нізіны — сёлета будзе зроблены пандус да яшчэ адной лесвіцы, пра якую «Звязда» таксама пісала. Гэта ў супрацьлеглым баку, у раёне моста па вуліцы Каралёва. Аляксандр Пікуля з гэтым пытаннем пабываў у тым ліку і на прыёме ў памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда Мартынюка. Станоўчае рашэнне прынята, тэрмін акрэслены — да 1 верасня.
— 20 гадоў таму быў створаны самы моцны ў горадзе вулічны камітэт, у які ўвайшлі 10 чалавек, — кажа пра сваю каманду Аляксандр Пікуля. — Праз паўгода мы ўжо шмат чаго зрабілі. Нам паклалі асфальт, адрэгуля-валі ліўневы калектар, пачалася рэканструкцыя дзябранскага спуску. Цяпер у нашым камітэце тры чалавекі. Але мы працуем у ранейшым рытме і робім больш зручным і прыгожым наш горад.
Нэлі ЗІГУЛЯ