Рыхтуем гаспадароў зямлі

Сінькевіч, Г. Рыхтуем гаспадароў зямлі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 22 сакавіка. — С. 9.

Магілёўскі дзяржаўны агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага адсвяткаваў 80-годдзе з дня заснавання. За восем дзесяцігоддзяў гэтая ўстанова прайшла шлях ад школы механізацыі да сучаснага каледжа, добра вядомага не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсёй краіне.

Першапачаткова створаны як школа для навучання механізатараў, сёння каледж працягвае захоўваць сваю накіраванасць, пашыраючы напрамкі падрыхтоўкі з улікам патрабаванняў рынку працы. Зараз тут рыхтуюць кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, гандлю і іншых сфер. Навучанне арганізавана з акцэнтам на практыкаарыентаванасці. Вучні маюць магчымасць на справе адточваць прафесійныя ўменні і навыкі: у вучэбных лабараторыях яны даглядаюць дзікіх звяроў, працуюць у лясных угоддзях, асвойваюць кіраванне сельскагаспадарчай тэхнікай. Дзякуючы такому падыходу, са сцен каледжа выходзяць сапраўдныя маладыя гаспадары зямлі. Мясцовыя выпускнікі цалкам адаптаваны да вытворчасці і вельмі запатрабаваны ў работадаўцаў.

Да значнай юбілейнай даты МДАЛК падышоў з высокімі дасягненнямі. На працягу шэрага гадоў каледж знаходзіцца ў лідарах працоўнага спаборніцтва на абласным узроўні па ўсіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці. Эфектыўнасць функцыянавання навучальнай установы неаднаразова адзначалася падчас святочнага сходу.

— У агралесатэхнічным каледжы выдатна спалучаюцца традыцыі і інавацыі. Каледж уносіць вялікі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай, лясной і іншых галін эканомікі рэгіёна. Тут ажыццяўляецца падрыхтоўка канкурэнтаздольных і запатрабаваных спецыялістаў, праводзіцца вялікая работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення, — адзначыў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, падзякаваўшы калектьіву за мэтанакіраванасць і прафесіяналізм.

За сваю гісторыю МДАЛК выпусціў каля 75 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў, каледж займае дастойнае месца ў рэгіянальнай сістэме адукацыі. У святочны дзень тут адкрылася экспазіцыя “Помнім, шануем, ганарымся” аб кіраўніках, жыццё якіх было прысвечана станаўленню і развіццю навучальнай установы.

— У агралесатэхнічным каледжы створана выдатная матэрыяльная база: сучасная тэхніка, рэсурсны цэнтр кампетэнцый, майстэрні з перадавым абсталяваннем. Асобна трэба адзначыць заасад, які ўжо не проста вучэбная лабараторыя, а папулярнае турыстычнае месца. Важна і тое, што навучанне тут цесна звязана з выхаваннем. Педагогі вучаць моладзь праяўляць грамадзянскую пазіцыю, бьщь патрыётамі, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, уручыўшы выкладчыкам каледжа граматы і падзякі за плённую працу.

Да віншаванняў далучьшіся таксама намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі і іншыя ганаровыя госці. Усе яны завіталі на ўрачыстасць з заслужанымі ўзнагародамі для работнікаў навучальнай установы. Свята стала для калектыву МДАЛК стымулам для далейшых здзяйсненняў.