Кантактуем!

Бунцэвіч, Н. Кантактуем! / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2024. — 22 сакавіка. — С. 8.

Да Міжнароднага дня тэатра 27 сакавіка многія творчыя калектывы рыхтуюць прэм’еры. I нават фестывалі! Буйныя тэатральныя форумы, скіраваныя на моладзь і дзятву, адначасова пройдуць у Магілёве і Мінску.

У горазде над Дняпром 20 сакавіка адкрыўся XVII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@гt.кантакт”, які назаве пераможцаў акурат 27-га. Срэбраныя маскі атрымаюць усе 24 спектаклі 23-х тэатраў з Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і, зразумела, Беларусі. Залатую ж маску атрымаюць толькі тры спектаклі, прызнаныя найлепшымі: па версіі прафесійнага журы на чале з Віктарам Шрайманам — расійскім і ізраільскім рэжысёрам, акцёрам, педагогам, крытыкам, аўтарам знакамітага падручніка “Дзейсны аналіз п’есы” і іншых дапаможнікаў; па версіі маладзёжнага журы, у складзе якога — будучыя выпускнікі тэатразнаўчага факультэта ГІТІСа; па версіі публікі, якая прагаласуе за прыз глядацкіх сімпатый.

— Асаблівасцей сёлетняга форуму некалькі, — гаворыць дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Ірына Белякова. — Упершыню ён будзе ўтрымліваць спектаклі не толькі для дарослых, але і для дзяцей, для сямейнага прагляду. Упершыню выйдзе за межы нашага горада, ахапіўшы таксама Бялынічы,

Культурную сталіцу Беларусі — 2024, і Бабруйск, дзе кожную другую восень ладзіцца Рэспубліканскі фестиваль нацыянальнай драматургіі, які сёлета будзе дзявятым па ліку. Упершыню праграма дапоўнена начным паказам конкурснага спектакля — “Вій”. Упершыню прагляд экспериментальных фрагментаў, пастаўленых маладымі расійскімі рэжысёрамі ў рамках творчай лабараторыі, будзе адкрытым — па квітках. Упершыню падчас форуму адкрыецца перасоўная выстава, падрыхтаваная Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Плануем пазнаёміць з гэтай экспазіцыяй усе калектывы, што да нас прыедуць. Таксама яе змогуць бясплатна наведаць нашы гледачы — па квітках на фестывальныя спектаклі. Упершыню да нас прыедуць восем калектываў, якія ў нашым форуме раней не ўдзельнічалі. А з Арменіі будуць адразу тры пастаноўкі двух тэатраў.

Яшчэ адна асаблівасць — гогалеўскі лейтматыў. Па-першае, спектаклі па творах Гогаля абрамляюць увесь форум: той пачынаецца “Жаніцьбай”, а завяршаецца “Тарасам Бульбам”. Па-другое, Гогаль прысутнічае і ў іншыя дні, а ў спектаклі Гомельскага абласнога драмтэатра “Hoc маёра Кавалёва” нават выходзіць на сцэну.

Акурат у дзень 215-й гогалеўскай гадавіны, 20 сакавіка, Магілёўскі абласны драмтэатр адкрыў форум спектаклем “Жаніцьба. Фантасмагория” ў пастаноўцы запрошанага рэжысёра Сяргея Фядотава, стваральніка і мастацкага кіраўніка Пермскага тэатра “Ля Моста”.

Мастак-пастаноўшчык Міхаіл Лашыцкі выканаў усе патрабаванні рэжысёра, які кожную новую сваю працу робіць варыяцыяй на ранейшую. Аднайменны спектакль пермякоў, з якога тэатр “Ля Моста” і пачынаўся ў 1992-м, дагэтуль захоўваецца ў іх рэпертуары: у снежні 2022-га паказвалі яго ў РТБД на гастролях. Сцэнаграфія, як амаль заўсёды ў фя-дотаўскіх работах, набліжана да рэ-альнага ўвасаблення побыту першай і паловы — сярэдзіны XIX стагоддзя, дзе кожная дэталь адпавядае таму часу, а на сцяне ў прыцемках вісіць карціна Паўла Фядотава “Свежы кавалер”. Нават свечкі выкарыстоўваюцца сапраўдныя. Хіба анёлы на калонах і схіленыя верхнія абрысы сцен нагадваюць да пачатку спектакля пра магчымую фантасмагорыю.

Тая пачынаецца літаральна з першага такта і вытрымліваецца да нечаканага, пры захаванні тэксту п’есы, фіналу. Але гледачы зацікаўлены не толькі тым, праз якія рэальныя фокусы ладзяцца гэткія “д’ябальскія штучкі”, але і тым, што адбываецца між персанажамі. Не засумуюць і тыя, хто бачыў тэты спектакль “у арыгінале” — выкананні акцёраў з Пярмі, бо размеркаванне роляў сярод магілёўскіх артыстаў значна змяніла расстаноўку сіл.

Падкалёсін (Павел Зароўскі) выглядае не закаранелым халасцяком, якому цяжка ўстаць з канапы, а зусім маладым хлапцом — вельмі інтэлігентным, паэтычна настроеным: ён проста баіцца рызыкаваць, яму папраўдзе рана быць адказным сем’янінам. Дый Агаф’я Ціханаўна (Марыя Рудакова), якую ў гэтай верей рэжысёр зрабіў амаль дурніцай, яму відавочна не падыходзіць. Трое іншых жаніхоў намаляваны сатырычна, парадыйна, шаржыравана: не людзі, а маскі. I “гуляе” ўсімі імі Качкароў, прыпаднесены гэткім Мефістофелем. Бліскучая творчая праца Аляксандра Куляшова! Дарэчы, на кожную ролю тут па два-тры склады артыстаў, таму штораз спектакль будзе зусім іншым. Трэба глядзець!

Надзея БУНЦЭВІЧ