Рошчанка, В. Творча і актыўна / Валянціна Рошчанка // Настаўніцкая газета. — 2024. — 19 сакавіка. — С. 10.
Тыдзень пачатковых класаў адбыўся ў спецыяльнай школе № 2 Магілёва. Вучыцца павінна быць цікава, таму правядзенне тэматычных тыдняў – адна з традыцый нашай установы.
Мерапрыемствы захапілі ўсіх ,вучняў-пачаткоўцаў. У першы дзень яны ўдзельнічалі ў займальных эксперыментах “Відавочнае неверагоднае”. Кожны клас падарожнічаў па станцыях, дзе разам з педагогамі дзеці ператвараліся ў сапраўдных навукоўцаў і даследчыкаў. “Лававая лямпа”, “Куды знікла крэйда?” “Неверагоднае ззянне” — гэтыя і іншыя доследы дапамаглі ў даступнай форме данесці да хлопчыкаў і дзяўчынак сутнасць прыродных з’яў і працэсаў.
Здзіўляцца, радавацца і суперажываць навучэнцаў прымусіла наведванне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў другі дзень тыдня. У сераду дзеці далучыліся да спорту — іх аб’яднала “Вясёлая эстафета”. Чацвер вызначыўся наведваннем Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Раманава. Нашы вучні азнаёміліся з жыццём продкаў, пашырылі веды аб жывёльным і раслінным свеце. Завяршылася экскурсія майстар-класам: пад кіраўніцтвам дасведчанага майстра навучэнцы вылепілі сапраўдную гліняную цацку.
Пятніца была адметная лагапедычным ранішнікам “Падарожжа ў краіну правільнай мовы”. Дзецям прапанавалі цікавыя конкурсы, падчас якіх яны дэманстравалі свае маўленчыя дасягненні, навыкі зносін. На працягу ўсяго тыдня ў групе прадоўжанага дня працавала кіназала, дзе навучэнцы маглі паглядзець пазнавальныя кароткаметражныя фільмы.
Тыдзень пачатковых класаў прайшоў у творчай і святочнай атмасферы. Кожнае дзіця змагло праявіць сябе. Найбольш актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі. Мерапрыемствы спрыялі развіццю інтэлектуальных, пазнавальных і фізічных здольнасцей навучэнцаў, усведамленню імі важнасці ведаў у жыцці кожнага чалавека.
Валянціна РОШЧАНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнай школы №2 Магілёва.