Зігуля, Н. Пад гукі пераможнага мая / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 8 мая. — С. 4.
Напярэдадні Дня Перамогі ў Магілёве адразу па некалькіх адрасах гучна, урачыста і святочна віталі ветэранаў. Пад іх вокнамі гучалі бадзёрыя рытмы ваеннага марша, курсанты чаканілі крок, дэманструючы выключную выпраўку, і віталі былых франтавікоў трохкратным «ура». Дзяўчаты дарылі ўсмешкі і кветкі, запускалі ў мірнае неба паветраныя шары. І кожны шчыра жадаў, каб сёлетні май быў для гэтых мужных людзей такім жа шчаслівым і ўрачыстым, як і той, пераможны, амаль 80 гадоў таму.
Магіляўчанін Міхаіл ЦІТОЎ («Звязда» пісала пра гэтага адважнага ветэрана летась у нумары ад 5 мая ў праекце «Відавочца Перамогі») 17-гадовым хлопцам граміў ворага ў складзе 346-га партызанскага атрада. Адважны герой прыняў удзел у дзевяці дыверсіях, знішчаў камунікацыі ворага, пускаў пад адхон варожыя цягнікі. У 1944-м у якасці аўтаматчыка 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту вызваляў Усходнюю Прусію. Пад Кёнігсбергам атрымаў цяжкае раненне і Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі. За мужнасць і гераізм Міхаіл Цітоў узнагароджаны ордэнам «Айчыннай вайны І ступені», медалямі «Партызан Айчыннай вайны», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй».
Гады даюць сваё, але ветэран трымаецца бадзёра. І гасцей сустракаў каля пад’езда свайго дома, пешшу спусціўся з пятага паверха, а потым разам з кіраўніцтвам горада і іншы-мі ганаровымі гасцямі яшчэ раз пераадолеў гэты шлях. А перад гэтым ён даў наказ маладым людзям, якія прыйшлі яго павітаць:
— Трэба вучыцца і быць моцнымі і здаровымі. А каб было здароўе, трэба добра харчавацца і мець і фізічную нагрузку.
Міхаіл Цітоў паведаміў, што 9 Мая прыме ўдзел у парадзе, а потым паедзе на летнік у вёску. У якасці садавода-аматара вырошчвае там персікі, абрыкосы, слівы, вішні, чарэшню, яблыкі і, вядома, бульбу. Бо, як трапна заўважыў ветэран: які ж гэта беларус, у якога няма бульбы.
Не менш ветліва сустракаў гасцей Андрэй АНДРЭЙЧЫКАЎ (публікацыяпра ветэрана ў «Звяздзе» ад 2 студзеня 2024 года). Падцягнуты, у баявой гімнасцёрцы — ён усім сваі м відам сімвалізуе нязломнасць і непахіснасць. Падлеткам перажыў акупацыю, быў відавочцам баёў за Магілёў. У 1944 годзе трапіў на фронт у якасці пехацінца, прайшоў усю Польшчу, дайшоў да Берліна. Дзень Перамогі сустрэў таксама ў шпіталі. У баі, дзе ён атрымаў раненне, амаль ніхто не выжыў. За мужнасць і гераізм ветэран адзначаны баявым ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі». Сярод працоўных узнагарод Андрэя Андрэйчыкава — медаль «За доблесную працу» і Ганаровы знак «Ветэран працы».
Маргарыту ІКУСАВУ віншавалі наогул рамантычна — ва ўпрыгожанай колерамі дзяржаўнага сцяга люльцы пад’ёмніка. Пад урачыстыя гукі духавога аркестра малады чалавек у гімнасцёрцы перадаў жанчыне букет кветак. Удзельніцу баёў віталі вучні ваенна-патрыятычных класаў, дзяўчаты са сцяжкамі і паветранымі шарамі, курсанты.
Маргарыта Васільеўна пайшла на фронт у 1942 годзе, калі ёй споўнілася 17 гадоў. На працягу дзевяці месяцаў навучалася ў школе малодшых авіяспецыялістаў, атрымала ваенную спецыяльнасць радыётэлеграфіста. Ваявала ў складзе 26-га асобнага ордэна Чырвонай Зоркі палка сувязі. Прымала ўдзел у вызваленні Данбаса, Днепрапятроўска, Крывога Рога, Адэсы, удзельнічала ў баях за Малдавію. Перамогу сустрэла ў горадзе Мёдлінгу пад Венай. Сярод узнагарод — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За ўзяцце Будапешта», «За ўзяцце Вены», «За вызва-ленне Украі ны», «За Пера-могу над Германіяй».
Вучань ваенна-патрыятычнага класа 12-й школы Міхаіл Варфаламееў, які ўдзельнічаў у віншаваннях ветэранаў, прызнаўся, што для яго гэта вельмі ганаровая падзея. Юнак удзячны ветэранам за Перамогу, за магчымасць жыць у мірнай краіне. Сваё жыццё збіраецца звязаць з ваеннай справай, працягваць ганаровую місію па ахове міру на роднай зямлі.
Усім ветэранам, якіх напярэдадні вялікага свята Дня Перамогі наведалі прадстаўнікі ўлады, курсанты, моладзь, быў уручаны юбілейны медаль «80 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
— Для былых франтавікоў гэта самае важнае свята на зямлі, — адзначыў ваенны камісар Магілёва і Магілёўскага раёна палкоўнік Максім УЛАСАЎ. — Яны перажылі жахі вайны, боль успамінаў ад якіх заўсёды ў іх сэрцы. Дзякуючы ім мы сёння жывём пад мірным небам і можам цаніць тыя дробязі жыцця, на якія часам нават не звяртаем увагі.
Разам з узнагародамі ветэраны атрымалі каштоўныя падарункі ад кіраўніцтва горада, Міністэрства абароны, арганізацый раёна.
Шмат цёплых слоў у іх адрас прагучала з вуснаў мэра Магілёва Аляксандра Студнева і старшыні Магілёўскага гарсавета Максіма Гурына. Яны пажадалі былым франтавікам здароўя і заставацца прыкладам мужнасці і вытрымкі для маладога пакалення.
Па інфармацыі абласной ветэранскай арганізацыі, на 1 студзеня ў Магілёўскай вобласці з ліку ветэранаў вайны пражывала 98 чалавек, з якіх 37 — у Магілёве і 27 — у Бабруйску.
Нэлі ЗІГУЛЯ.