Бяспека найперш за ўсё

Зігуля, Н. Бяспека найперш за ўсё / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 21 мая. — С. 2.

У Магілёўскай вобласці адпрацавалі прыёмы па ўзаемадзеянні войскаў тэрытарыяльнай абароны

Юбілейны, дзясяты, збор «Ваенная бяспека і абарона дзяржавы» сабраў у Магілёве старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, а таксама ваенных камісараў абласцей і Мінска. У зборы прынялі ўдзел міністр абароны Віктар Хрэнін, Дзяржсакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.


Навошта сустракацца ваенным з кіраўнікамі абласцей, ваенкаматаў? Адказ відавочны. Каб у выпадку пераходу на ваенны час эканоміка працягвала працаваць, а грамадства — існаваць. Горад, вёска павінны працягваць жыць. Алгарытм дзеянняў у выпадку трывожнай сітуацыі павінен быць упэўнены і выразны што ў горадзе, што на сяле. Стратэгічныя аб’екты — выканкам, пошта, аэрадром і іншыя. І задача мясцовых жыхароў, так званых тэрытарыялаў, — хутка ўключыцца ў ахоўную абарону. Яны займаюцца патруляваннем, аховай, а калі спатрэбіцца, і абаронай. Бо хто, як не яны, добра арыентуецца на асобна ўзятай тэрыторыі. Але, каб сістэма функцыянавала безадказна, важна пры гэтым захоўваць сувязь з іншымі ўзроўнямі абароны. І гэта адпрацоўваецца падчас збораў па ваеннай бяспецы і абароне дзяржавы. Кіраўніцтва абласцей мае магчымасць зверыць гадзіннікі, а таксама даведацца, якія новыя віды ўзбраення і тэхнікі з’явіліся на ўзбраенні краіны за апошні перыяд.

— Мэта збору — павысіць узровень падрыхтоўкі кіруючага склада абл- і гарвыканкамаў для сумесных дзеянняў войскаў у сучасных узброеных канфліктах, а таксама для ўдасканалення навыкаў абыходжання са зброяй, — удакладнілі арганізатары. — Галоўныя задачы пры гэтым — азнаёміць з рэаліямі ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі, паказаць прыёмы прымянення беспілотных лятальных апаратаў (БЛА) і барацьбы з імі, адпрацаваць парадак фарміравання народнага апалчэння. Удзельнікі збораў маюць магчымасць азнаёміцца з методыкай падрыхтоўкі камандзіраў атрадаў народнага апалчэння і іх намеснікаў па папярэджванні правапарушэнняў. Важна ведаць пра свае правы і абавязкі, умець валодаць зброяй і затрымліваць злачынцаў.

У размове з журналістамі міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на сёння сістэма ўзаемадзеяння паміж кіраўнікамі дзяржорганаў абласцей і раёнаў, ваенных камісарыятаў, камандуючых войскамі (аператыўнага камандавання), камандзірамі воінскіх часцей выбудавана і адточана. Але гэта не значыць, што гэтым можна абмежавацца.

— Сёння ўсе, хто забяспечвае абарону дзяржавы, нашы ваеннаабавязаныя, народнае апалчэнне — усе павінны ведаць свае задачы, каб механізм працаваў як адно цэлае, — падкрэсліў міністр. — Як адзначыў у сваіх выступленнях кіраўнік дзяржавы: «Час выбраў нас, мы павінны захаваць мір і спакой на нашай зямлі, гэта найвялікшая задача для нашага пакалення» .Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч удакладніў: — Ваенна-палітычная абстаноўка ў свеце і непасрэдна вакол Рэспублікі Беларусь сёння патрабуе асаблівай увагі для забеспячэння абараназдольнасці краіны. Да службовых асоб даведзена ваенна-палітычная абстаноўка ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне, разгледжаны праблемныя пытанні, звязаныя з тэрытарыяльнай абаронай, з пастаўкай матэрыяльных сродкаў, устойлівасцю кіравання тэрытарыяльнымі войскамі.

Умовы для прызыўніка

Да важнага мерапрыемства было прымеркавана адкрыццё новага зборнага пункта абласнога ваеннага камісарыята. Новы двухпавярховік пабудаваны ў сціслы тэрмін непадалёк ад старога будынка зборнага пункта. Як расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, будаўніцтва новага будынка вялося каля 14 месяцаў, у яго ўкладзена каля 7 мільёнаў рублёў.

— Мы будавалі з разлікам, каб тыя маладыя людзі, якія прыйдуць сюды, адчувалі, што яны патрэбны нашай краіне, нашым Узброеным Сілам, — адзначыў губернатар. — Асаблівую ўвагу аддалі патрыятычнаму выхаванню.

Прадумана ідэя афармлення прылеглай тэрыторыі. З’явілася алея герояў Беларусі і ўсталяваны помнік камісару, які кіраваў камісарыятам ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны — палкоўніку Івану Ваяводзіну. Да помніка ўдзельнікі збору ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць камісара хвілінай маўчання. Аўтар помніка і афармлення алеі — магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў. На тэрыторыі пункта ўстаноўлены таксама ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

— Усё гэта трэба, каб моладзь бачыла і ганарылася подзвігамі нашых герояў, — аргументаваў Анатоль Ісачанка. — Нам гэта важна асабліва цяпер, калі мы бачым, якія падзеі адбываюцца вакол нашай краіны. Мы ж застаёмся кутком міру і стабільнасці. І наша задача, усіх без выключэння, — абараняць нашу тэрытарыяльную цэласнасць, наш суверэнітэт. Сёння гэту задачу выконваюць людзі ў пагонах. Не павінна заставацца ўбаку і мірнае насельніцтва. Зборны пункт прызначаны для моладзі. Па ім відаць, як дзяржава клапоціцца пра нашу бяспеку.

Умовы ў новым зборным пункце сапраўды камфортныя. На першым паверсе знаходзяцца кабінеты медыцынскай прызыўной камісіі, на другім — ваенны персанал, вучэбныя аўдыторыі, спальнае памяшканне для прызыўнікоў. Будынак новы, абсталяванне і мэбля — таксама. Удзельнікі збору ацанілі двух’ярусныя ложкі для навабранцаў. Верхні ярус нават з бакавымі спінкамі — для бяспекі.

У падвале знаходзіцца прасторны цір. Можна адпрацоўваць меткасць стральбы, не выходзячы з будынка. На базе новага зборнага пункта прайшлі практычныя заняткі па падрыхтоўцы камандзіраў атрадаў апалчэння і іх намеснікаў. Быў разгледжаны парадак абавязкаў і адказнасць пры выкананні задач па ахове тэрыторыі, правілы абыходжання са зброяй, асновы аказання медыцынскай дапамогі.

Сельсавет захапіць не атрымалася

Хаця бандыты дыверсійна-разведвальнай групы з белага мікрааўтобуса, які прыехаў з боку Магілёва ў Княжыцы, і разлічвалі на раптоўнасць, але яны памыліліся. Загадзя была ўзмоцнена ахова аб’ектаў Княжыцкага сельсавета — школы, адміністрацыйнага будынка і пошты. Усе тры аб’екты, а яны знаходзяцца ў адным месцы, аснасцілі агнявымі пунктамі, замацавалі за імі добраахвотнікаў. Спробу дэстабілізаваць абстаноўку прыпынілі байцы атрада народнага апалчэння і два пешыя патрулі па ахове грамадскага парадку. Завязалася перастрэлка, прагрымелі выбухі. З боку апалчэнцаў адзін атрымаў раненні, некалькі дыверсантаў адразу ж былі забіты. Сітуацыя, якая была разыграна на базе Княжыцкага сельсавета, наглядна паказала, як павінны дзейнічаць народныя апалчэнцы па прадухіленні і спыненні правапарушэнняў.

Удзельнікі збору абмеркавалі ўбачанае і паслухалі заўвагі ваенных спецыялістаў. Наступным трэніровачным аб’ектам стаў Магілёўскі аэрапорт.

Бой за аэрапорт

Па дарозе знаёмімся са сцэнарыем чарговай надзвычайнай сітуацыі. Кампетэнтным органам стала вядома, што плануецца захоп міжнароднага аэрапорта. Было зроблена ўмацаванне пастоў, але незаконна ўзброенае фарміраванне на браніраванай тэхніцы ўсё роўна вырашыла захапіць аэрапорт. На аўтажырах яны высаджваюць сваю дыверсійную групу для захопу. Камандзірам тэрытарыяльнай абароны вырашана ўступіць у бой. На падмогу тэрытарыяльнаму войску прыходзіць бранягрупа са складу спецрэзерву Узброеных Сіл краіны. Групу падтрымкі ажыццяўляюць верталёты, з аднаго на тактычнае поле па канатах спускаюцца дэсантнікі. У ход ідуць БЛА, грымяць выбухі, гарыць нафтабаза. Для лакалізацыі пажару накіроўваецца некалькі машын МНС.

Удзельнікі збору назіралі за падзеямі са спецыяльнай пляцоўкі. Для зручнасці ўсё, што адбывалася вакол, можна было назіраць у рэжыме анлайн на вялікім экране.

Перад дэманстрацыяй захоп аэрапорта ўдзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца з тымі сродкамі абароны, якія знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі. Гэта беспілотныя авіяцыйныя комплексы (БАК) айчыннай вытворчасці, БЛА і ўзоры для барацьбы з імі. Шквал эмоцый выклікаў кітайскі робат-сабака Unіtree Go2. Ён здольны хадзіць па запраграмаваным маршруце, працаваць у рэжыме абследавання да чатырох гадзін. Кіруецца з пульта па Bluetooth або па мабільным дадатку. А хутка фірма прапануе для ўзбраення гуманоіды для пераносу грузаў.

Лінейку спецтэхнікі, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўцы да абароны населеных пунктаў, дэманстравала прадпрыемства «МАЗ». Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці завода «Магілёўтрансмаш» ААТ «МАЗ» Сяргей Лукашоў, тэхніка, якую яны ствараюць, універсальная — у мірны час задзейнічана ў работах па грамадскім будаўніцтве, у ваенны гатовая служыць для перавозкі стратэгічных грузаў. Ёсць нават узоры, дзе кузавы зроблены з падагрэвам. Тэхніка завода шырока прымяняецца ў арміі.

Вучэбны палігон для ваенна-патрыятычнага клуба

Папрактыкавацца ў стральбе з пісталета па нерухомай цэлі і з зенітнай супрацьракетнай устаноўкі «Ігла», а таксама ў кіданні вучэбна-імітацыйных гранат на меткасць можна было на стрэльбішчы Магілёўскага абласнога аграрнага лесатэхнічнага каледжа ў Буйнічах. Па дарозе да яго ўдзельнікі збору завіталі на мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», дзе ўсклалі вянкі і кветкі.

Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, зборы ў Магілёве былі вельмі пазнавальныя і канструктыўныя.

— Кожны раз мы бачым на зборах нешта новае, што дазваляе павысіць эфектыўнасць і бяспеку войска тэрытарыяльнай абароны, — падкрэсліў ён. — Мы дэманструем абарончую накіраванасць нашай Ваеннай дактрыны. У выпадку абвастрэння сітуацыі тэрытарыяльныя войскі павінны вызваліць армію ад, па сутнасці, не ўласцівых ёй функцый па ахове жыццёва важных аб’ектаў. Зразумела, што мяняюцца сродкі паражэння, падыходы да абароны і нападзення. І такія зборы неабходны для таго, каб атрымліваць актуальную інфармацыю. Разумець, якія тэхнічныя сродкі і тактычныя прыёмы з’явіліся, каб дазволіць павысіць эфектыўнасць, паўтаруся, аховы жыццёва важных аб’ектаў. І рабіць гэта эфектыўна з меншымі стратамі сярод асабовага складу.
— Я ўдзельнічаў ва ўсіх зборах і прыкмеціў заканамернасць: кожны нясе сваю накіраванасць і асаблівасць, — падзяліўся ўражаннямі ваенны камісар Гомельскай вобласці, палкоўнік Андрэй Крываносаў. — Асаблівасць гэтага — парадак фарміравання, дзеянняў, падрыхтоўкі добраахвотнікаў — атрадаў народнага апалчэння. Зусім нядаўна выйшаў Закон «Аб народным апалчэнні», і трэба яго рэалізоўваць. Прынцып абароны Радзімы і дзяржавы — гэта ўсенародная справа. Сёлетні збор выразна прасочвае тэндэнцыю, як ахоўваць сваю краіну. Як удзельнік VІІ Усебеларускага народнага сходу выразна бачу, што ў Беларусі ідзе паступальны рух у справе абароны дзяржавы. Асноўная наша ідэя — гэта эканоміка. Мы павінны мірна жыць, суіснаваць са сваімі суседзямі, але і паказваць ім, што гатовыя абараняць сваю Радзіму, калі будзе агрэсія. У гэтым плане мне падабаюцца словы нашага гімна. У першым куплеце мы выразна кажам: «Мы беларусы — мірныя людзі». У другім — «Разам з братамі, мужна вякамі, мы баранілі родны парог», то-бок, мы гатовы разам з нашымі суседзямі ўстаць на абарону нашых традыцый. І апошні куплет — «Дружба народаў — сіла народаў»: мы зноў кажам пра тое, што трэба сябраваць. У нашым сімвале дзяржаўнага гімна і закладзена ўся канцэпцыя нацыянальнай бяспекі краіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара