Зігуля, Н. Інклюзія для «скаліёзніка» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 13 чэрвеня. — С. 7.
Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?
Пра тое, што ў дачкі праблемы з постаццю, бацькі даведаліся, калі ёй было ўсяго 10 гадоў. Але вырашылі, што неяк абыдзецца. Ды і ў спецыялізаваную школу не хацелі аддаваць. Дзяўчынка здольная, гімназістка, год страціць — і кар’ера потым можа не адбыцца… У наступны раз, калі доктар паказаў дзяўчынцы здымкі яе скрыўленага пазваночніка, яна з жахам выбегла з кабінета. Трэба было яшчэ тады памяняць свой лад жыцця, прыслухацца да рэкамендацый спецыяліста. Але чамусьці цягнулі час. І толькі калі ў 28 гадоў прыгажуня ператварылася ў гарбунню, сям’я гатова была аддаць любыя грошы за аперацыю. Урачы ў адказ толькі рукамі разводзілі: дэфармацыя закранула ўжо не толькі пазваночнік, але і ўнутраныя органы… Гісторыя, дарэчы, цалкам з жыцця. Рэнтгенаўскія здымкі пазваночніка гэтай дзяўчыны знаходзяцца ў медкабінеце Магілёўскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз.
Дырэктар Яўген Рудакоўскі: «Новыя кушэткі больш зручныя ў параўнанні са старымі»
Дзявочая хвароба
Скаліёз — хвароба каварная і бязлітасная. Здольная за кароткі час ператварыць знешне здаровага чалавека ў інваліда. Сучасныя ўмовы жыцця — маларухомасць, завісанне ў інтэрнэце, а яшчэ акселерацыя, калі мышцы не паспяваюць за пазваночнікам і ён пачынае дэфармавацца — вельмі садзейнічаюць разбурэнню арганізма. Санаторныя школы для хворых на скаліёз — а іх у краіне ўсяго пяць — даюць магчымасць запаволіць гэты працэс, дапамагчы дасягнуць рэмісіі.
— Часцей за ўсё на скаліёз пакутуюць дзяўчынкі, — расказвае дырэктар Магілёўскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз, Яўген Рудакоўскі. — Па статыстыцы, на пяць прадстаўніц жаночага полу прыходзіцца толькі адзін прадстаўнік мужчынскага. Для дзяўчыны скаліёз — гэта, лічы, катастрофа. Вельмі вялікая рызыка пазбавіцца радасці мацярынства. Хвароба можа праявіцца, калі яна была ў кагосьці з бацькоў або калі сын або дачка пакутуюць на плоскаступнёвасць. Бывае, што скаліёз правакуе вялікі спорт. За 15 гадоў сваёй работы тут я ўсякіх дзяцей пабачыў.
У Магілёўскай санаторнай школе-інтэрнаце могуць праходзіць навучанне максімум 135 чалавек. Сёлета было 114 выпускнікоў. Але спецыялісты кажуць, што ў сённяшніх дзяцей скаліёз ледзь ці не ў кожнага другога. Некаторыя пра гэта нават і не здагадваюцца, бо на першапачатковым этапе хваробу не відаць. Ёсць і іншая катэгорыя пацыентаў. Гэта дзеці, якіх бацькі шкадуюць, не лічаць патрэбным аддаваць у спецыялізаваную школу. Для гэтага трэба цалкам змяніць свой лад жыцця, прыстасавацца да дастаткова жорсткага рэжыму, а гэта вельмі балюча. Пакуль адны не ведаюць, а другія вагаюцца, хвароба прагрэсіруе.
У спартанскіх умовах
У пачатку нулявых Магілёўская школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз, была на мяжы закрыцця. Ёй пашчасціла, з дапамогай Магілёўскага аблвыканкама ў будынках установы быў зроблены рамонт. Тут таксама з падзякай успамінаюць дабрачынную арганізацыю з Паўночнай Германіі, дзякуючы якой у школе абнавілася мэбля, а ў 2010 годзе нават з’явіўся аўтобус, якім тут карыстаюцца па сёння. Цяпер асноўныя спонсары ўстановы — Магілёўскія аблгаз і друкарня імя С. Собаля. З іх дапамогай істотна абнавілі мэблю і часткова — кушэткі ў вучэбных класах. Сёлета галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама прыступіла да распрацоўкі ПКД на замену дахаў двух карпусоў.
Школа працуе па той жа агульнаадукацыйнай праграме, што і іншыя, і экзамены яе вучні здаюць, як і ўсе. Штогод яны атрымліваюць дыпломы на алімпіядах. Вось толькі ўмовы іншыя. Першага верасня сюды прыязджаюць дзеці, у тым ліку і з Віцебшчыны, дзе такой школы няма, і для іх пачынаецца зусім іншае жыццё. На ложках — шчыты, цвёрдыя матрацы, няма падушак. У класах часткова — парты, часткова — кушэткі, на якіх 40 хвілін трэба ляжаць тварам уніз і паспяваць запісваць за настаўнікам. З непрывычкі гэта вельмі цяжка. Таму і ўрокі не па 45 хвілін, а па 40 з пяціхвіліннай фізразмінкай у сярэдзіне.
Перасцерагальныя здымкі з медкабінета: скаліёз здольны за кароткі час разбурыць чалавека
— Адаптацыя складаная, асабліва цяжка ў першыя два месяцы, — не хавае праўду пра спартанскія ўмовы жыцця дырэктар. — Але што рабіць? Скаліёз — гэта хвароба, і сюды дзяцей накіроўваюць па паказаннях УКК, які і вызначае ступень скаліёзу. Раней умовы былі яшчэ больш жорсткія. У канцы 1970-х мінулага стагоддзя дзеці спалі ў «гіпсавых ложках», дзе нават павярнуцца нельга. Цяпер спяць у гарсэтах, што таксама не вельмі зручна. Але яны могуць хоць бы павярнуцца на бок. І жывуць у нас ужо не па пяць-шэсць гадоў, як гэта было раней, а ў асноўным год.
Пад канкрэтны дыягназ падбіраецца лячэбная фізкультура. Яшчэ не ўсякія практыкаванні можна выконваць. Напрыклад, падцягванне, скокі, скручванні нельга. Да яшчэ большай дэфармацыі могуць прывесці скокі на батуце або язда на скейце. Цяпер у школе-інтэрнаце практыкуецца стральба з лука. Яўген Рудакоўскі з гонарам кажа, што яны некалькі гадоў таму вывучылі расійскі вопыт па лячэнні скаліёзу з дапамогай стральбы з лука і напісалі праект «Яблычка». Пад яго былі выдзелены грошы, і школа змагла адкрыць залу адаптыўнай стральбы з лука. Стральба дапамагае пры лячэнні грудзінна-паяснічнага скаліёзу 2-3-й ступеняў. Дзеці займаюцца строга пад наглядам прафесійных трэнераў вось ужо два гады. Вельмі эфектыўнае пры скаліёзе плаванне. Але і тут трэба ведаць, якія практыкаванні выконваць і як пры гэтым дыхаць.
Паміж гарсэтам і «ляжанкай»
Да кабінета ўрача-артапеда Валерыя Андаралы — чарга на кансультацыю.
На прыёме — юная пацыентка з маці. Жанчына расказвае, што пра хваробу даведаліся, калі пазваночнік дачкі скрывіўся на 20 градусаў. Выратавала своечасовае гарсэтнае лячэнне. Некаторы час дзяўчына вучылася ў санаторнай школе-інтэрнаце, потым вярнулася дамоў, але засталася пад наглядам урача. Цяпер у яе, як адзначае спецыяліст, карэкцыя добрая.
— За апошняе дзесяцігоддзе хвароба стала вельмі прагрэсіраваць у свеце, — перасцерагае Валерый Фёдаравіч. — Прыкметы пачатку скаліёзу могуць праявіцца ўжо ў 5-6 гадоў. Трэба звяртаць увагу на суадноснасць лапатак свайго сына або дачкі. Калі нешта не спадабалася, лепш падзяліцца сваімі падазрэннямі з артапедам.
У калідоры знаёмімся з Евай. Яна таксама былая выхаванка санаторнай школы-інтэрната. Вучылася тут чатыры гады таму. Прыехала з маці на прыём да ўрача, каб пераканацца, што ўсё добра, і выпісаць новы гарсэт з улікам росту. Ева носіць гэту рэч з 6 класа і будзе карыстацца ёю, пакуль пазваночнік не памацнее. Прыкладна да 19-20 гадоў.
Ева прызнаецца, што менш за ўсё ёй падабаліся «ляжанкі», як паміж сабой дзеці называлі вучэбныя кушэткі. Імі карыстаюцца вучні з невялікай ступенню скаліёзу. Ляжаць на жываце — ідэальная поза для пазваночніка, але шыя з непрывычкі першы час зацякае і ўсё цела баліць. Добра, што яшчэ пасярод урока бываюць 5-хвілінкі, падчас якіх можна размінацца. Падлеткі з большай ступенню скаліёзу павінны насіць, не здымаючы, гарсэт. Але ім дазваляецца сядзець за партай.
Маці дзяўчынкі Таццяна кажа, што санаторная школа для хворых дзяцей — гэта выратаванне. Тут іх літаральна ставяць на ногі і вяртаюць да нармальнага жыцця. Дарэчы, цалкам за кошт дзяржавы. Гарсэты таксама бясплатныя, выпісваюцца як неабходныя пацыенту лекі. І, што таксама вельмі каштоўна, пастаянны медыцынскі нагляд.
— Нашых выхаванцаў кантралюе Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі, — кажа дырэктар. — У прыватнасці, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый Цесакоў. Перад выпіскай ён яшчэ раз аглядае кожнае дзіця і дае рэкамендацыі, як працягваць займацца здароўем дома.
Ніхто не забыты…
На тэрыторыі школы-інтэрната — ажно два музеі. Адзін — гісторыі ўстановы, дзе захоўваюцца цікавыя школьныя экспанаты, сярод якіх настаўніцкі журнал 1962 года з двойкамі і пяцёркамі, сачыненні вучняў перыяду 1970-х на патрыятычную тэматыку, ліст удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі, які наведваў школу ў 1952 годзе, і шмат чаго іншага. Другі музей — зусім яшчэ малады, ён прысвечаны тэме генацыду беларускага народу. Натхніла на стварэнне музея педагог-арганізатар Вольга Рудакоўская, якая аб’яднала ўлюбёных у гісторыю дзяцей у групу «Вектар адзінства і сілы». Разам яны актыўна даследуюць гісторыю месца, дзе знаходзіцца школа-інтэрнат. Мясціны тут не толькі маляўнічыя, але і вядомыя сваімі трагічнымі падзеямі.
— Гестапа, турма, затым супрацьтанкавыя равы ў Палыкавічах, Пашкаве, Сараканайску — гэта самыя масавыя месцы знішчэння савецкіх грамадзян у гады акупацыі, — расказвае Вольга Рудакоўская. — Наконт месца ў лесе каля Сараканайска, які яшчэ называюць расстрэльны, я пісала лісты ад школы ў пракуратуру, каб там зрабілі мемарыяльны комплекс. У 1990-х гадах яго абазначылі каменем, але патрэбны менавіта мемарыяльны комплекс. Мы вывучалі архіўныя матэрыялы КДБ, дзе прыводзяцца агульныя падлікі ахвяр. Размова ідзе пра тысячы людзей. Даследчую работу вядзём сумесна са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігарам Марзалюком.
Выхаванцы школы-інтэрната ў музеі, прысвечаным ахвярам генацыду
Шукаць факты ў архівах і афармляць іх на высокім мастацкім ўзроўні дапамагае супрацоўнік установы Дзяніс Казлоў. Ён таксама цалкам захоплены даследчай работай. Пад шклом у фае школы-інтэрната знаходзіцца вялікі альбом, дзе захоўваецца сабраная ў асноўным ім інфармацыя па 14 дзіцячых канцэнтрацыйных лагерах. (Да ведама, у інтэрнэце можна знайсці максімум па пяці.)
— Мы, дарослыя, паказваем прыклад дзецям, і яны адгукаюцца, — кажа Вольга Рудакоўская. — Вучні 9 класа Андрэй Пятроўскі і Ульяна Лішчына ўжо ведаюць, як працаваць у архівах, самі пішуць туды запыты. Калі ўцягваешся ва ўсё гэта, пачынаеш разумець, наколькі важна і неабходна ведаць мінулае. Як казаў наш Прэзідэнт, забудзем дарогу ў Хатынь — яна паўторыцца. Дзякуючы спонсарам з Федэрацыі прафсаюзаў (Міхаіл Орда асабіста прымаў удзел у лёсе ўстановы) нашы выхаванцы мелі магчымасць наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, пабываць на Кургане Славы, летась ездзілі ў Хатынь, сёлета — на Лінію Сталіна. Уражанняў шмат. Галоўнае, нашы дзеці разумеюць, што без мінулага няма будучыні.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і з архіва Магілёўскай санаторнай школы-інтэрната