Архіпастыр, філосаф і дыпламат

Зігуля, Н. Архіпастыр, філосаф і дыпламат / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 7 жніўня. — С. 2.

У Магілёве адзначылі дзень памяці Свяціцеля Георгія Каніскага

З гэтай нагоды сёння ў Магілёве адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, а таксама мітрапалітаў Астанайскага і Казахстанскага Аляксандра, Ташкенцкага і Узбекістанскага Вікенція, архірэяў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пасля літургіі ў Спаса-Праабражэнскім храме адбыўся малебен каля помніка свяціцеля на вуліцы Карла Маркса, які быў устаноўлены два гады таму на грошы спонсараў і гараджан, і адбыўся хрэсны ход. Наогул богаслужэнні, прысвечаныя Георгію Каніскаму, пачаліся яшчэ ўчора, 5 жніўня, у Свята-Мікольскім манастыры. Там прайшла ўрачыстая ўсяночная служба з чытаннем акафіста свяціцелю, якую ўзначаліў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Уладыка Сафроній.


Георгій Каніскі шмат чаго зрабіў для росквіту Магілёва. У час існавання на тэрыторыях сённяшняй Магілёўскай вобласці Рэчы Паспалітай ён змагаўся за роўнасць правоў праваслаўных вернікаў. У 1757 годзе падзвіжнік праваслаўя адкрыў у Магілёве духоўную семінарыю і арганізаваў друкарню пры архірэйскім доме. Архіепіскап Магілёўскі і Беларускі, вядомы педагог і грамадскі дзеяч клапаціўся пра асвету духавенства, займаўся адукацыяй простых людзей. Георгій Каніскі памёр у 1795 годзе, а ў 1993 годзе быў кананізаваны праваслаўнай царквой і далучаны да ліку святых зямлі беларускай.

— Георгій Каніскі выдатны архіпастыр, філосаф, багаслоў і майстэрскі дыпламат, — падкрэсліў Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. — Гэтыя і іншыя напрамкі служэння цудоўна спалучаліся ў адным чалавеку і прынеслі многія плады. Аб свяціцелі Георгіі Каніскім сёння становіцца ўсё больш вядома у праваслаўным свеце, і памяць аб ім натхняе сучасных людзей, таму што падказвае, як паступаць, выбудоўваць адносіны, выпраўляць няпростую сітуацыю і ісці па жыцці ўпэўнена, абапіраючыся на духоўную дапамогу звыш.

У святочным богаслужэнні прынялі ўдзел кіраўнікі Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін і Магілёўскага гарсавета Максім Гурын, прадстаўнікі мясцовай улады.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта Магілёўскай епархіі