Новы для рэгіёна

Сінькевіч, Г. Новы для рэгіёна / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 13 верасня. — С. 6.

Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС прыняў першых навучэнцаў. За парты новай навучальнай установы селі звыш 150 дзяцей з усёй краіны.

Глазам з навучэнцамі і педагогамі свята адкрыцця ліцэя раздзялілі ганаровыя госці — міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка.

— Няма больш высакароднай справы, чым служэнне сваёй Айчыне. У нашай краіне мір і правапарадак, таму што мы надзейна абаронены людзьмі ў пагонах. Далучыцца да гэтай элітнай касты абаронцаў Радзімы — вялікі гонар. Сёння вы пачынаеце пісаць гісторыю новага ліцэя, менавіта вы ўвойдзеце ў летапіс як першы набор і першы выпуск. Стварайце слаўныя традыцыі ліцэя. Няхай гады вучобы стануць для вас перыядам афіцэрскага станаўлення і грамадзянскага сталення, — адзначыла Наталля Пяткевіч.

На святочнай лінейцы не абышлося без падарункаў. Кіраўніцтву ліцэя былі ўручаны сертыфікаты на інтэрактыўную панэль і службовы транспарт.

Ліцэй быў створаны згодна з указам Прэзідэнта з мэтай удасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў для праваахоўных органаў. Размясцілася навучальная ўстанова ў комплексе будынкаў, бязвыплатна перададзеных Бедарускай чыгункай. Тут былі праведзены істотныя рамонтныя работы, зроблена ўсё неабходнае для забеспячэння якаснага навучання выхаванцаў. Так, вучэбны корпус аснашчаны камп’ютарнымі, лінгафоннымі кабінетамі, актавай, барцоўскай і трэнажорнай заламі, цірам, класам харэаграфіі. На прылеглай тэрыторыі абсталяваны пляцоўкі для міні-футбола, валейбола, баскетбола і занятакаў варкаўтам. Ёсць басейн, зала для гульнявых відаў спорту, вулічныя тэнісныя корты, стадыён.

Праграма навучання ліцэістаў заснавана на патрабаваннях сярэдняй школы з упорам на дадатковыя факультатыўныя заняткі. Гэта дазволіць праводзіць раннюю прафарыентацыю і рыхтаваць будучых абітурыентаў для ўстаноў вышэйшай адукацыі МУС.