Цёплыя віншаванні

Сінькевіч, Г. Цёплыя віншаванні / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 8 кастрычніка. — С. 9.

Словы ўдзячнасці за заслугі і дасягненні гучалі для звыш 500 лепшых педагогаў і ветэранаў педагагічнай працы на Магілёўшчыне.

Пераацаніць працу настаўніка немагчыма, бо педагогі не толькі даюць веды, але і выхоўваюць людзей. Кожны з нас у мінулым вучань, таму Дзень настаўніка – асаблівае свята, заўважыў старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін.

Шчырым і натхняльным было віншаванне настаўніцтву ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. У прывітальным адрасе губернатар адзначыў, што прафесія настаўніка была і застаецца адной з самых значных. Бо менавіта педагог, абапіраючыся на традыцыі і духоўныя каштоўнасці народа, вядзе вучняў да вяршынь ведаў, выхоўвае дастойных грамадзян Айчыны. Навучаючы дзяцей, педагогі ствараюць будучыню Беларусі.

Падчас свята не раз было падкрэслена, што ўстановы адукацыі Прыдняпроўскага краю багатыя на таленавітых, творчых настаўнікаў. Педагогі плённа працуюць над павышэннем якасці навучання і выхавання, развіццём здольнасцей дзяцей, укараненнем сучасных тэхналогій і інавацыйных методык у вучэбны працэс. Дзякуючы гэтаму, сістэме адукацыі Магілёўшчыны сёння ёсць чым ганарыцца. Па многіх напрамках дзейнасці рэгіён займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы.

— Кажуць, усе прафесіі ад педагога, а прафесія педагога — ад Бога. Гэта сапраўды прызванне. I радуе, што большасць настаўнікаў вобласці працуе па полклічы сэрца, укладваючы ў вучняў усе свае сілы, акрыляючы, фарміруючы дзіцячую асобу, выхоўваючы патрыётаў, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

У ходзе святочнага мерапрыемства было ўручана шмат узнагарод. Настаўнікі атрымлівалі ганаровыя граматы і падзякі ад Міністэрства адукацыі, аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення па адукацыі, галіновага прафсаюза. Дзевяць педагагічных работнікаў былі адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі». Сярод іх — дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Віктар Бурака, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Сласцёнаўскай сярэдняй школы Чавускага раёна Ніна Палазкова, настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Кіраўска Алена Пархамовіч, дырэктар сярэдняй школы № 3 Клімавіч Уладзімір Шупранаў, загадчыца дзіцячага сада № 7 Круглага Галіна Ганчарова і іншыя.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.