Цімошык, Л. Пра душу і (не)штучны інтэлект, альбо Чым кранае анімацыйнае кіно? / Ларыса Цімошык // Звязда. — 2024. — 28 верасня. — С. 13.
Магілёў — анімацыйная сталіца Беларусі, прынамсі, на тры вераснёўскія дні. І так павялося з 1998 года. Пры тым што першы фестываль «Анімаёўка» адбыўся ў Мінску, але амаль адразу яго перанеслі ў Магілёў — так і пайшло далей. Спачатку асноўным клопатам фестывалю быў узровень айчыннай анімацыі, але яна разглядалася ў міжнародным кантэксце, таму колькасць удзельнікаў з-за мяжы з кожным годам павялічвалася. Сёлета да ўдзелу ў XXVІІ Міжнародным фестывалі «Анімаёўка-2024» былі адабраны творы з 47 краін свету.
Геаграфія вельмі шырокая, упершыню да ўдзелу ў фэсце далучыліся кінематаграфісты В’етнама і астраўной дзяржавы Трынідат і Табага. Гледачам на працягу трох дзён — з 25 да 27 верасня — прапанавалі да прагляду 317 фільмаў. 248 з іх удзельнічалі ў асноўнай конкурснай праграме, 69 — у конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці. У экспертную камісію ад Беларусі сёлета ўвайшла Алена Турава, рэжысёр анімацыйнага і ігравога кіно, мастацкі кіраўнік студыі маладзёжнага кіно Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», разам з ёй працавалі рэжысёр-аніматар з Казахстана Дзільжат Рахматулін пад старшынствам кінакрытыка і гісторыка анімацыі з Расійскай Федэрацыі Паўла Шведава.
Тое, што адгледзелі эксперты, ацэньвала журы, у асноўным конкурсе яго ўзначаліла Ірына Тарасава, беларускі аніматар, аўтар стужкі «263 ночы», якая атрымала Гран-пры фестывалю два гады таму. Разам з ёй запрасілі «судзіць» творы канкурсантаў рэжысёраў-аніматараў Сі Чэнь (КНР), Паўла Пацехіна і Настассю Жакуліну з Расійскай Федэрацыі.
У асноўным конкурсе сёлета Беларусь прадставіла чатыры творы 2024 года. Прычым адзін з іх — «Леанід Шварцман. Казка пра хлопчыка і стары горад» маладога рэжысёра Кацярыны Шарамет — у складанай форме, дзе спалучаецца дакументальны аповед з анімацыяй, нагадвае пра знакамітага мастака-мультыплікатара Леаніда Шварцмана, які нарадзіўся ў даваенным Мінску. Менавіта ён прыдумаў Чабурашку, які скарыў шмат дзіцячых сэрцаў — надта прывабны быў гэты персанаж не толькі для малых, але і для дарослых, западаў у душу. Не дзіва, бо «аніма» — гэта якраз душа, яна ляжыць у аснове гэтага цудоўнага віду кінамастацтва. Таму і цяпер беларускія мультыплікатары імкнуцца кранаць душу праз нечаканыя для анімацыі тэмы. Але ж чаму нечаканыя — у анімацыі вялікія магчымасці ўздзеяння на чалавека.
На гэта разлічаны выпуск нацыянальнага праекта, анімацыйна-дакументальнага альманаха «Мемарыяльныя комплексы Беларусі», дзве часткі якога — «Ала» Наталлі Касцючэнка і «Прарыў» Таццяны Кубліцкай — таксама ў асноўным конкурсе фестывалю. «Ала» распавядае пра помнік у Светлагорскім раёне, што ўшаноўвае памяць пра 1758 мірных жыхароў, якія былі спалены і расстраляны ў 1944 годзе. Комплекс «Прарыў» знаходзіцца ва Ушацкім раёне і нагадвае пра партызанскую гісторыю, калі 16 брыгад здолелі выйсці з акружэння і ўратаваць больш за 15 000 мірных жыхароў. І яшчэ адна работа ў асноўным конкурсе ад Беларусі — «Пастка, створаная чалавекам» рэжысёра Дзмітрыя Шарандзікава. Глядзець і думаць ёсць пра што. У тым ліку пра будучыню беларускай анімацыі: у конкурсную праграму для аўтараў да 17 гадоў ад Беларусі прайшла 21 стужка. Гэта важна, таму што сёлета пераможцы «Анімаёўкі» атрымліваюць значны «бонус» — дадатковыя балы пры паступленні ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры. Тут журы ўзначаліў рэжысёр кінастудыі «Саюзмультфільм» Сяргей Струсоўскі з Расіі.
Але яшчэ да афіцыйнага адкрыцця фестывалю ў вялікай зале кінатэатра «Радзіма» ў Магілёве пачала працаваць выстаўка ўдзельнікаў конкурсу дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Конкурс ладзіцца дзеля падтрымкі творчай іскрынкі беларускіх дзяцей. Тут ёсць сваё журы, якое павінна было вынесці меркаванне пра 132 творы — яны аздобілі кінатэатры, дзе дэманстраваліся стужкі, і праз сваю душу нібыта «ўцягнулі» гледача ў знаёмства з кінапраграмай.
Паколькі анімацыя — асаблівая форма размовы з чалавекам, пра яго душу, з мэтай яе крануць, таму яна для шырокіх колаў гледачоў. Але адмыслова для дарослых, з пазнакай «16+» была задумана праграма «Бяссонніца» ў кінатэатры «Радзіма».
Частка сустрэч былі настолькі адмысловыя, што аб’ядналі дарослых і дзяцей агульным захапленнем. Напрыклад, першыя гледачы знакамітага мульціка «Маша і Мядзведзь» ужо выраслі, але наўрад ці забудуць гарэзлівую дзяўчынку, што «наводзіла шолаху» ў лесе і знаходзіла выйсце з любой сітуацыі. Сёлета і малыя, якія толькі знаёмяцца з Машай, і дарослыя, якіх яна таксама ўражвае, з задавальненнем сустрэліся з актрысай Юліяй Зунікавай, голасам якой гаворыць дзяўчынка, і гукарэжысёрам карціны Барысам Кутневічам. Майстар-класы і творчыя сустрэчы — гэта яшчэ адна важкая частка праграмы, якая дазваляе лепш зразумець асаблівасць гэтага мастацтва. Напрыклад, да размовы з беларускім рэжысёрам Наталляй Касцючэнка прымеркавалі паказ анімацыйных стужак «Беларусьфільма», створаных да 100-годдзя айчыннага кіно. Але «хіт» праграмы майстар-класаў — пра тое, як штучны інтэлект дапамагае ў стварэнні анімацыйных фільмаў. Сучасна, перспектыўна, захапляльна. Але, напэўна, застануцца сярод прыхільнікаў анімацыі тыя, хто ўпэўнены, што гэта найперш талент чалавека. Пра што можна будзе ўпэўніцца праз «Рэха Анімаёўкі», калі стужкі будуць дэманстравацца ў кінатэатрах Беларусі.
Асноўныя прызы «Анімаёўкі»
Гран-пры фестывалю (намінацыя «Найлепшы анімацыйны фільм») прысуджаны стужцы «Ноч у зоне адпачынку» японскага рэжысёра Сакі Мурамота.
«Найлепшым рэжысёрам анімацыйнага фільма» прызналі Эрыка Лі з Кітая, аўтара стужкі «Вецер працягваецца».
«Найлепшы эксперыментальны анімацыйны фільм» — «Бяссонныя ночы» (рэжысёр Яніс Осэль з Францыі).
Упершыню ўручалі прыз у намінацыі «Найлепшы анімацыйны серыял» — ён паедзе ў Вялікабрытанію дзякуючы стужцы «Заўсёды здзіўляльныя «шоу прыроды» (аўтар Мервэ Чырысаглу).
На «Анімаёўцы» шмат прызоў. Але для нас цікава, што найлепшы беларускі фільм — «Ала» Наталлі Касцючэнка.
А «Найлепшым анімацыйным фільмам, створаным дзецьмі» стаў «Святло свету» Елісея Грузда з Беларусі. У гэтай узроставай катэгорыі ў нас сёлета шмат узнагарод.
Ларыса ЦІМОШЫК