Дэкрэт — найлепшы час стаць пісьменнікам

Смалякова, В. Дэкрэт — найлепшы час стаць пісьменнікам / Вольга Смалякова ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 1 кастрычніка. — С. 9. 

Літаратурная пляцоўка Міністэрства інфармацыі LіtUP шмат каму ўжо дала магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці пісьменніка. Абмежаванняў па ўзросце і родзе дзейнасці тут няма. Галоўнае, каб твор быў цікавы, актуальны і самабытны. Летась яго пераможцам стала магіляўчанка Вольга Смалякова, яна прапанавала прыгодніцкую аповесць для падлеткаў «Прыгоды Алхімыча» пра юную дваранку Лізавету Алхімовіч, якую бацькі адпраўляюць вучыцца ў інстытут высакародных дзяўчат у губернскі Магілёў. Для аматараў дэтэктыўнага жанру будзе цікава прасачыць лёс гераіні ад пачатку да канца. Кніга ўжо ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», яе можна знайсці на розных кніжных сайтах. Сёння Вольга дзеліцца з нашымі чытачамі сакрэтамі свайго літаратурнага хобі.


— Калі я пайшла ў дэкрэт, у мяне цалкам на 180 градусаў, перамяніўся светапогляд — расказвае яна. — Усе гэтыя пялёнкі-распашонкі, зразумела, — вялікае шчасце, але гэта яшчэ і руціна. Трэба на нешта пераключаць увагу. І вось менавіта для таго, каб пераключыцца, вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці пісьменніцы. Калі пачынала, не думала, што гэта выльецца ў нешта сур’ёзнае. Марыла, вядома, у глыбіні душы пра поспех, але часам былі сумненні, што я наогул гэты твор закончу. Але пачала і захапілася.

Пакуль мая маленькая Соня спала па чатыры разы на дзень, паспявала ў сваіх фантазіях перанесціся далёка за межы кватэры. XІX стагоддзе — час, які мне вельмі падабаецца. Я заканчвала магілёўскі ліцэй № 1, які знаходзіцца ў старым будынку, і там вельмі моцна адчуваецца старадаўні дух. У канцы XІX стагоддзя там вучыліся дзяўчынкі-епархіялкі. Усё настройвае на таямнічы лад: калоны, цёмныя калідоры. Расказваюць, што часам нават містычныя з’явы адбываюцца. Мае аднакласніцы кляліся, што бачылі прывід.

Мэтанакіравана пісала пра Магілёўскую вобласць і Магілёў. Інстытута шляхетных дзяўчат, пра які ідзе размова ў аповесці, у горадзе не было, але гіпатэтычна ён мог існаваць. У 1826 годзе спадарыняй Савіч каля Прапойска (цяпер Слаўгарад) быў утвораны прыватны пансіён, які рыхтаваў гувернантак. Пасля пансіён перавялі на дачу Піпенберг, што каля Буйніч пад Магілёвам. Планавалася ў будучыні пераўтварыць яго ў інстытут шляхетных дзяўчат. Аднак жонка Аляксандра ІІ імператрыца Марыя вырашыла, што мэтазгодней у Магілёве адкрыць жаночую гімназію.

Мне даспадобы літаратура рамантычная, часам фантастычная. Падабаецца Сэлінджэр, Акунін, Рубіна, Толкін, Роўлінг. Абажаю яе Гары Потара. Раней чытала толькі папяровыя кнігі, а ў дэкрэце ацаніла карысць аўдыякніг. Выходзіш з дзіцём на прагулку і слухай усё, што табе цікава. Для пашырэння кругагляду слухала аўтараў, імёны якіх на слыху. Таго ж Пялевіна. Наогул я ўсёедная.

— Падзяліся сакрэтам, наколькі складана вось так з чыстага аркуша, не маючы вопыту і спецыяльнай адукацыі, стварыць досыць захапляльны твор на 200 старонак? Гэта вялікая праца. А ты, атрымліваецца, не вельмі і напружвалася, пісала паміж кармленнямі дачкі…

— Напісала я сваю аповесць не за тыдзень, а за год. Але я не ўспрымала творчасць як працу. Гэта была своеасаблівая гульня, падарожжа ў XІX стагоддзе, якое мяне вабіць.

Калі я вырашыла, што цікава будзе паглыбіцца ў гэты час як аўтару, прыдумала шкілет аповесці, яе пачатак і канцоўку. Адразу ж вырашыла, што гэта будзе падлеткавы дэтэктыў. Прыдумала галоўную гераіню, дэталізавала па характары, па сюжэце. Паглыбілася ва ўспаміны інстытутак-смалянак. Іх вельмі шмат і ў інтэрнэце, і ў бібліятэцы. Абапіралася на сведчанні інстытутак Надзеі Лухманавай і Лідзіі Чарскай. Мне былі цікавыя іх інстытуцкія ўражанні, яны апісвалі іх, хутчэй за ўсё, на аснове дзённікавых запісаў. Вельмі ўсё дэталізавана. Пісалі, як яны вучыліся, як жылі, за што іх каралі, якія патрабаванні існавалі, як праводзіліся балі, каго на іх запрашалі. Нічога сама не выдумляла. Чытала ўспаміны не толькі гэтых інстытутак, але і іншых. Шукала канкрэтныя дэталі быту.

Паціху вымалёўваліся характары, лініі сюжэта. Гэта было не хутка, не адразу. Пісала, усё больш паглыбляючыся і захоплена. Таму задавальненне і расцягнулася на год. Хацелася пісаць — пісала, не хацелася — займалася іншымі справамі. У мяне не было ніякіх планаў, задач, выразных графікаў. У выніку атрымалася тое, чаго я ад сябе і не чакала.

— Ці былі прататыпы ў тваіх гераінь, той жа Лізаветы Алхімовіч?

— Гэта зборныя вобразы маіх сяброў, знаёмых, маёй ліцэйскай пары з адсылкай у XІX стагоддзе. Сяброўка Лізы — бабруйчанка Эсфір Кавалерчык — таксама цалкам прыдуманы вобраз. Яўрэйскія «прыколы», якімі яна адметная, збірала па крупінках. Бабруйск — наогул асаблівы горад. Падчас работы ў абласной газеце адкрыла для сябе бабруйскіх пісьменнікаў, таго ж Сівелу. Так што Кавалерчык невыпадкова ў мяне з’явілася.

— Як атрымалася трапіць са сваёй кнігай на конкурс? 

— Не, я нават не ведала пра яго. Стала шукаць у інтэрнэце конкурсы для пачынаючых пісьменнікаў Беларусі, і выскачыла прэмія LіtUP. Я была вельмі рада, што ёсць магчымасць пратэсціраваць аповесць. У мяне быў час, каб нешта адкарэкціраваць, падаць заяўку. Мне, лічы, пашчасціла.

— А хто быў першым тваім чытачом і рэцэнзентам?

— Мой першы чытач і крытык — маці. Перад тым, як я адправіла твор на конкурс, яна гісторык па адукацыі, свежым вокам яго праглядзела і ўбачыла некаторыя супярэчнасці, якія я своечасова выправіла.

— Звяртае ўвагу вельмі ўдалае афармленне кнігі. Хто аўтар ілюстрацый?

— Навучэнкі Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сёстры-двайняты Анастасія і Аляксандра Дварэцкія, ім усяго па 16 гадоў. У «Выдавецкім доме «Звязда» таксама іх ацанілі, нават ніякіх прэтэнзій не было. Дзяўчаты літаральна за пару месяцаў праілюстравалі мой рукапіс. Педагог дзяўчат, дарэчы, вядомая на Магілёўшчыне мастак Данута Чэх-Астрашэўская.

— У кнігі шмат рамантычных момантаў, невялічкіх інтрыг. Адчуваецца, што ты аматар прыгодніцкай літаратуры. Якім аўтарам аддаеш перавагу?

— Мне даспадобы літаратура рамантычная, часам фантастычная. Падабаецца Сэлінджэр, Акунін, Рубіна, Толкін, Роўлінг. Абажаю яе Гары Потара.

Раней чытала толькі папяровыя кнігі, а ў дэкрэце ацаніла карысць аўдыякніг. Выходзіш з дзіцём на прагулку і слухай усё, што табе цікава. Для пашырэння кругагляду слухала аўтараў, імёны якіх на слыху. Таго ж Пялевіна. Наогул я ўсёедная. Выйшла з дэкрэту і пераключылася зноў на папяровыя кнігі. Чытаю Шарлоту Бронтэ «Джэйн Эйр». Падарожжа ў іншы час ратуе мяне ад таго негатыву, які бывае ў жыцці. Такім чынам адпачываю. Дачцэ пяць гадоў, таксама расце кнігалюбам. Любіць Успенскага, ёй вельмі падабаецца кот Матроскін. Чытаем разам — яна крыху па складах, потым я. І разглядваем карцінкі, прагаворваем, што на іх ёсць.

— Ці засталося жаданне працягнуць літаратурную дзейнасць?

— Пакуль у развагах. Можа, у другі дэкрэт трэба схадзіць (усміхаецца)? Калі пісала аповесць, у мяне была дзесьці камерцыйная, асабістая цікавасць: ацэняць або не. Мне важна было даведацца, які водгук кніга атрымае ў чытацкай аўдыторыі. Ёсць мара паказаць яе якому-небудзь рэжысёру і каб у яго ўзнікла жаданне зрабіць па ёй фільм. Пакуль у літаратурнай творчасці перапынак. А там час пакажа…

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва гераіні