Майстар сваёй справы

Куняўская, М. Майстар сваёй справы / Марына Куняўская // Настаўніцкая газета. — 2024. — 1 кастрычніка. — С. 3.

Майстрам года — 2024 стаў Аляксандр Валчкоў з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа

Фінал заключнага этапу рэспубліканскага агляду прафесійных дасягненняў сярод майстроў вытворчага навучання “Майстар года — 2024” прайшоў у НЦМТДіМ. Пераможцам стаў Аляксандр Валчкоў з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сёлета конкурс праходзіў у новым фармаце ў тры этапы пасля дзевяцігадовага перапынку. Вітаючы гледачоў і ўдзель­нікаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец канстатаваў:

— Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі на Рэспуб­ліканскім педагагічным савеце, мы проста абавязаны захаваць прафесійную адукацыю, таму што менавіта чалавек працы — самы паважаны чалавек у нашай краіне. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, мы сёння не проста захавалі сістэму прафесійнай адукацыі, а гэта практычна 290 кале­джаў, больш за 360 тысяч навучэнцаў, але і сур’ёзна развіваем яе. Упэўнены, што ўсе канкурсанты, якія прынялі ўдзел і перамаглі ў другім этапе, прадстаўляючы кожную вобласць Беларусі і сталіцу, даказалі сваё майстэрства і прадэманстравалі, што сёння прафесійная адукацыя знахо­дзіцца на самым высокім узроўні і адказвае патрабаванням эканомікі, нашых прадпрыемстваў. Хачу падзякаваць кіраўнікам каледжаў за тое, што яны ўдзяляюць асаб­лівую ўвагу такой катэгорыі педагогаў, як майстры.

Таксама міністр выказаў упэўне­насць, што адраджэнне конкурсу будзе чарговай прыступкай у развіцці і ўзняцці прэ­стыжу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў нашай краіне.

 

Нагадаем, перш чым выйсці ў фінал заключнага этапу, канкурсанты ў анлайн- і афлайн-фарматах з 1 жніўня па 23 верасня дэманстравалі свае прафесійныя навыкі, творчыя і асабістыя якасці ў трох модулях: “Я — майстар” (творчая візітоўка), “Педагагічнае майстэрства” (дэманстрацыя прафесійных навыкаў), “Майстар-клас” (выкананне практычнага задання). А на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі фіналісты прэзентавалі, бадай, самы крэатыўны модуль “Прафесія — новы фармат”: у 10-мінутным тэатральным паказе раскрывалі сучасны вобраз прафесій, паказваючы іх вартасці, запатрабаванасць на рынку працы, а таксама перспектывы працаўладкавання, прафесійнага станаўлення і росту.

Так, Кацярына Волкава з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, пагрузіўшы гледачоў у свет стылю і прыгажосці, азнаё­міла з прафесіямі цырульніка і грумера. Кацярына Карчэўская з Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага кале­джа расказала і паказала шмат цікавага пра мадэляванне і канструяванне адзення, здзі­віла сваімі творчымі работамі і пазначыла магчымасці росту ў прафесіі для будучых мадэльераў-канструктараў. Самы малады ўдзельнік, 25-гадовы Вячаслаў Янаў з Гомельскага дзяржаўнага кале­джа электронікі і інфармацыйных тэхналогій, наблізіў гледачоў і журы да разумення, што такое мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання. Ала Пракурат з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа не толькі прадэманстравала магчымасці і прыгажосць рабочай спецыяльнасці разьбяра па дрэве ці выканаўцы мастацка-­афарміцельскіх работ у дызайне інтэр’ераў і будаўніцтве, але і паказала, якія іншыя будаўнічыя прафесіі можна асвоіць у каледжы.

Тройку лідараў журы было вызна­чыць няпроста, і ў гэтым годзе яна аказалася цалкам мужчынскай. Пераможцам і лепшым майстрам вытворчага навучання сёлета стаў 31-гадовы Аляксандр Валчкоў з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа, за плячыма якога 9 гадоў стажу і асваенне ў родным каледжы спецыяльнасцей “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, “Мантаж і эксплуа­тацыя электраабсталявання”, а таксама вучоба ў РІПА і атрыманне спецыяльнасці перападрыхтоўкі “Прафесійнае навучанне” (кваліфікацыя “майстар вытворчага навучання”).

— Вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагаў рыхтавацца да конкурсу, — усяму нашаму дружнаму, згуртаванаму калектыву каледжа. Мы разам прыдумвалі і рэалізоўвалі творчыя ідэі, якія дапамаглі перамагчы, — гаворыць майстар года. — Ма­быць, самым складаным для мяне быў апошні этап на сцэне. Сафіты, мікрафон, песні, жарты, танцы — гэта ўсё ў навінку. А вось урок вытворчага навучання, як і майстар-клас па кампетэнцыі “Электрамантаж”, — звычайная справа, бо я з’яўляюся трэнерам Магілёўскай каманды ў конкурсным руху ProfSkills Belarus.

Фота з сайта Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа

Гаворачы пра важнасць конкурсу, Аляксандр Валчкоў заўважыў, што кожны ўдзель­нік атрымлівае неацэнны вопыт:

— Да таго ж падобнае прафспаборніц­тва важнае і для папулярызацыі прафесіі майстра вытворчага навучання. Думаю, гэта вялікая прафарыентацыйная работа, якая школьнікаў знаёміць з прафесіяй, а сённяшнім навучэнцам каледжаў і майстрам-пачаткоўцам, якія прысутнічалі ў глядзельнай зале, дэманструе перспектывы і адкрывае новыя магчымасці для асобаснага, прафесійнага росту.

Другое месца заняў Павел Максімаў з Мінскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі.

А вось трэцім стаў Міхаіл Аўсейчык з Гро­дзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага.

Рэктар РІПА Валерый Галубоўскі:

— Сімвалічна, што ў Год якасці мы аднавілі традыцыю правядзення конкурсу “Майстар года”. Майстар — цэнтральнае звяно ў навучанні маладых людзей прафесійным навыкам рабочых спецыяльнасцей. Кампетэнцыі, якімі валодаюць сучасныя майстры лічбавай эпохі, максімальна звязаны з высокімі тэхналогіямі. Зараз у любой прафесіі ёсць высокатэхналагічнае абсталяванне, на якім майстар павінен умець працаваць сам, а таксама ўмець дакладна і даходліва перадаваць навыкі сваім падапечным. На розных этапах конкурсных заданняў нашы ўдзельнікі якраз дэманструюць гэтыя ўменні. Конкурс плануецца праводзіць рэгулярна, адзін раз у некалькі гадоў.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота і відэа аўтара