Сінькевіч, Г. Касмічны вынік / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 1 кастрычніка. — С. 14.
У літаральным сэнсе касмічны вынік паказала каманда беларускіх навучэнцаў на Міжнароднай астранамічнай алімпіядзе. Шэсць залатых медалёў! У ліку пераможцаў прэстыжнага інтэлектуальнага спаборніцтва — выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, цяпер студэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Яўгеній Васількоў.
Таямніцы Сусвету прываблівалі з дзяцінства. Чытаў энцыклапедыі, назіраў за зоркамі і сузор’ямі. А ўжо больш сур’ёзнае захапленне астраноміяй прывіў мой ліцэйскі настаўнік — Юрый Уладзіміравіч Сіваеў. Менавіта ён накіраваў мяне і ў алімпіядны рух, — расказаў Яўгеній.
За гады вучобы ў 1-м ліцэі юнак неаднаразова выходзіў у пераможцы розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. Сёлета яму скарыўся і заключны этап, што дало магчымасць прайсці адбор і адправіцца спрабаваць сябе на міжнароднай арэне.
— Алімпіяда праходзіла маштабна. У расійскім Сочы сабралася звыш 120 апантаных астраноміяй юнакоў і дзяўчат з 20 краін. На працягу васьмі дзён мы спаборнічалі ў чатырох турах: экспрэс, тэарэтычным, аналізе даных і назіральным, — паведаміў Яўгеній.
Па яго словах, заданні былі дастаткова складанымі. Напрыклад, на тэорыі ўдзельнікам неабходна было справіцца з дзевяццю задачамі, рашэнне якіх патрабавала глыбокага разумения астраноміі як навукі, а таксама ведання вышэйшай матэматыкі і асноў фізікі. Падчас аналізу даных і назіральнага тура алім-піяднікі даследавалі мадэлі зорнага неба і розныя графікі, рабілі астранамічныя разлікі і прагнозы. Экспрэс-тур складаўся з тэматычных тэстаў.
— Адказы трэба было даваць на англійскай мове, асобныя работы прадастаўляць у фармаце навуковай справаздачы на камп’ютары. Нягледзячы на цяжкасці, з усімі заданнямі паспяхова справіўся. За падрыхтоўку вельмі ўдзячны Юрыю Уладзіміравічу, трэнерам і кіраўнікам нашай каманды, — адзначыў Яўгеній Васількоў.
Дарэчы, міжнародная алімпіяда прынесла Яўгенію не толькі залаты медаль, але і шэраг незабыўных уражанняў.
— Некалькі разоў нас вазілі на мора, пабылі мы і ў гарах, убачылі мясцовыя славутасці. Насычаная культурная праграма дазволіла завесці новыя знаёмствы і сяброў. 3 многімі будзем працягваць зносіны, — падзяліўся юнак.
3 трыумфам на міжнароднымузроўні Яўгенія ўрачыста павіншавалі ў родным ліцэі.
— Здольнасці Жэні былі прыкметныя адразу. Але, каб стаць пераможцам алімпіяды, толькі адоранасці недастаткова. Сярод іншых гэтага вучня вылучала выключная працавітасць, імкненне заўсёды быць першым. У працэсе падрыхтоўкі ён перарашаў сотні астранамічных задач. Заўзятасць хлопца, яго нестандартныя пытанні і мяне стымулявалі на прафесійны рост, — заўважыў Юрый Уладзіміравіч Сіваеў.
Зараз Яўгеній Васількоў вярнуўся да вучобы. Таленавіты юнак асвойвае прафесію праграміста ў БРУ. Хоць прафесію Яўгеній выбраў далёкую ад астраноміі, пакідаць заняткі гэтай навукай не збіраецца. У вольны ад студэнцкага жыцця час ён плануе дапамагаць свайму настаўніку ў падрыхтоўцы новых алімпіядных зорачак.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.