Лешніца, К. Сышліся разам рамантыка і антыфашызм / Кастусь Лешніца // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 4 кастрычніка. — С. 10.
Пачатак XX стагоддзя на прасторах Расійскай імперыі, куды ўваходзіла і Магілёўшчына з усёй Беларуссю, быў нагэтулькі насычаным падзеямі, іх сутыкненнем, што з вышыні сённяшняга часу нават і ўявіць даволі складана, колькі ўсяго можа ўвабраць у сябе адно толькі чалавечае жыццё. Як, прыкладам, жыццё расійскага, савецкага літаратурнага крытыка, літаратауразнаўца і публіцыста Цэцыліі Ісаакаўны Кін (1905 — 1992), якая нарадзілася ў Магілёве.
Калі яшчэ школьнікам глядзеў фільм «Па той бок» — пра далёкаўсходніх камсамольцаў, якія прыбылі ў Чыту з заданнем перайсці лінію фронта і ў тыле белагвардзейцаў знайсці партызанскі штаб, я і ведаць не ведаў, хто такі Віктар Кін, кніга якога стала асновай сцэнарыя… Як і не ведаў, што аўтарамі сцэнарыя з’яўляюцца Аляксей Сімукоў і Цэцылія Кін. Хаця… Мог бы быць і болей уважлівым, ды прыгледзецца да цітраў, дзе, безумоўна, імёны сцэнарыстаў згадваліся. Але хвалявала іншае… Сам сюжэт: у Хабараўску адзін з герояў, Мацвееў, збіраецца сустрэцца з камсамолкай, у якую ён закаханы. Але ў дарозе ў выніку цяжкага ранення страчвае нагу. Камсамолка Ліза адмаўляецца ад хлопца, даведаўшыся, што ён стаў інвалідам… Ды Мацвеева верна любіць дзяўчына Варвара, якую раней хлопец выратаваў ад анархістаў. Мацвееў праз некаторы час гіне, патрапіўшы пад кулю белагвардзейскага патруля, калі распаўсюджваў лістоўкі…
Прайшоў час — і я прачытаў раман Віктара Кіна. І зараз перад вачыма — шэрая, з тканіны, вокладка… А праз час мне на вочы патрапіла тоненькая кніжачка пра самога аўтара — «Віктар Кін» Аляксандра Гладкова. 80 старонак… І тады я даведаўся, што аўтараў рамана пра юных рэвалюцыянераў, маладых камсамольцаў быў і сам зусім малады чалавек: калі быў напісаны раман «Па той бок», пісьменніку споўнілася ўсяго толькі 25 гадоў. Даведаўся я і пра тое, што жонкай Віктара Кіна (1903 — 1938), патрапіўшага пад каток сталінскіх рэпрэсій, была наша зямлячка — Цэцылія Кін…
У 1920 годзе Цэцылія — журналістка «Комсомольской правды», у якой як фельетаніст у той самы час выступае Віктар Кін. Творчая энергія любімага чалавека, яго жаданне зрабіць як мага болей у літаратуры, палітычнай журналістыцы перадаліся і яго жонцы. А яшчэ — непераадольнае жаданне набываць веды, імкненне разабрацца ва ўсіх перыпетыях камуністычнага будаўніцтва, міжнароднага камуністычнага, сацыялістычнага руху… У чэрвені 1931 года як карэспандэнта ТАСС Віктара Кіна камандзіравалі ў Рым. Праз некаторы час, у 1933-м, ён трапляе ў Парыж. Разам з мужам — і Цэцылія, якая ў 1933 — 1936 гады працуе рэферантам аддзела друку паўнамоцнага прадстаўніцтва СССР у Францыі. Вярнуўшыся ў Саюз, яна займае пасаду рэферэнта па Італіі і Іспаніі ў Народным камісарыяце замежных спраў СССР. Гэтым заняткам спрыяла і захопленасць нашая зямлячкі іншымі культурамі і літаратурамі. Найперш — гісторыяй і культурай Італіі.
У 1937 годзе быў арыштаваны Віктар Кін. У хуткім часе яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання. Як жонку ворага народа арыштавалі і Цэцылію Кін. Восем гадоў яна правяла ў сумна вядомым Акмолінскім лагеры. Тут, у «АЛЖИРе» («Акмолинском лагере жен изменников Родины») — і жонка пісьменніка Арцёма Вясёлага — Людміла Іосіфаўна Барысевіч (нарадзілася ў Мінску ў 1901 годзе), жонка дырэктара краснакамскага завода «Ізаліт» Абрама Розіна — Зельда Розіна-Гінзбург (нарадзілася ў Рэчыцы ў 1896 годзе), жонка драматурга Аляксандра Курса — Рахіль Курс (нарадзілася ў Брэсце ў 1894 годзе), жонка старшыні секцыі геаграфіі Інстытута эканомікі Акадэміі навук БССР Сцяпана Маргелава — Серафіма Маргелава (нарадзілася ў 1904 годзе ў Горках, на Магілёўшчыне)… Цэцылія Кін да 1955 года знаходзілася ў высылцы. У 1940 годзе былі арыштаваны і асуджаны да 5 гадоў зняволення і родныя брат і сястра Цэцыліі: Леў Ісаакавіч Рубінштэйн — малодшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук, хімік, і Наэмія Ісаакаўна Рубінштэйн — выкладчык гісторыі СШ N 168 г. Масква. Вярнуўшыся з лагера ў 1946-м (у 1956 годзе ён быў цалкам рэабілітаваны) Леў Ісаакавіч прадоўжыў навуковую працу, абараніў дысертацыю на званне доктара фізіка-матэматычных навук. Кола яго зацікаўленняў — цеплафізіка, тэрмадэнаміка, геафізіка.
У 1955-м вярнулася ў Маскву і Цэцылія Кін. Працавала ў часопісах «Новый мир», «Иностранная литература». У 1965 годзе нашу зямлячку прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1968 годзе Ц. Кін выдала кнігу «італьянскіх занатовак» «Міф, рэальнасць, літаратура», у 1975-м — кнігу «Італьянскія святлацені: Заметкі пра літаратуру і культуру сучаснай Італіі». Італія па-ранейшаму заставалася ў полі зроку літаратуразнаўца і публіцыста — пазней выйшлі яе кнігі «Італія канца XIX стагоддзя: лёсы людзей і тэорый» (1978), «Італія на мяжы стагоддзяў: З гісторыі грамадска-палітычнай думкі» (1980), «Італьянскія мазаікі: Артыкулы пра італьянскую літаратуру 70-х гг.» (1980), «Алхімія і рэальнасць: Барацьба ідэй у сучаснай італьянскай культуры» (1984)… У часопісе «Вопросы философии» Цэцылія Кін напрыканцы 1988 года выступіла з грунтоўным артыкулам «Пачатак італьянскага фашызма: Беніта Мусаліні, сацыяльна-псіхалагічны партрэт». Апошняя прыжыццёвая кніга нашай зямлячкі — «Італьянскі рэбус», якая пабачыла свет ў маскоўскім «Политиздате» у 1991 годзе.
Напружанай працы жанчыны, якая прайшла праз многія пакуты, якая на досвітку свайго жыцця была пазбаўлена многіх шчаслівых імгненняў, у значнай ступені спрыяў характар Цэцыліі Кін, яе перакананасць у верхавенстве маральных, этычных нормаў жыцця. Нездарма ў адным са сваіх артыкулаў публіцыстка пісала: «… Сучаснікам цяжка быць бесстароннімі: так ці не, добра ці дрэнна. А між тым лепей, відаць, гаварыць: так і не, добра і дрэнна, таму што дабрыня і зло д’ябальскі пераплецены. Наш абавязак складаецца ў тым, каб гаварыць праўду, як мы яе бачым і разумеем, нічога не спрашчаючы, не падганяючы пад загадзя складзеную схему. Гэта цяжка. Але неабходна і абавязкова — з палітычнага пункту гледжання і таму, што гэтага патрабуе этычны абавязак».
…За гады, адведзеныя ёй, Цэцылія Кін шмат зрабіла і дзеля ўшанавання памяці свайго мужа. Акрамя ўдзелу ў стварэнні згаданага фільма, пісьменніца пакінула падрабязныя ўспаміны пра Віктара Кіна, усямерна дамагалася перавыдання яго твораў. Мемуары нашай зямлячкі «Старонкі мінулага», якія ў СССР былі надрукаваны ў 1969 годзе ў двух нумарах часопіса «Новый мир», у Італіі пабачылі свет асобнай кнігай.
Кастусь Лешніца